
Каманда даследчыкаў дзякуючы доўгатрэміновым назіранням змагла сфармуляваць новы погляд на карысць рэдукцыі вывадка для аднаго з марскіх відаў птушак. Хутчэй за ўсё, падобным чынам гэта працуе і для іншых відаў, у якіх цяжка дакладна прадказаць даступнасць зменлівых харчовых рэсурсаў у гнездавы перыяд.
Гіпотэза факультатыўнай рэдукцыі вывадка (resource-tracking/facultative brood reduction hypothesis) кажа, што пад час стрэсу без адпаведнай колькасці харчавання многія віды з птушанятамі гнездавога тыпу, прысвячаюць жыццё малодшых птушанят, забяспечваючы выжыванне, развіццё і рост старэйшых сіблінгаў. Даследаванні, якія праводзіліся на відах з розным узростам птушанят у тым самым вывадку пад час недахопу ежы, у асноўным падцверджваюць гэтую гіпотэзу. Хаця ў асінхроннага вылуплення птушанят могуць быць і іншыя мэты.
Тым не менш, непасрэдны бенефіцыяр гэтай селектыўнай смяротнасці птушанят застаецца незразумелым таму, што большасць даследаванняў не збірае дадзеныя пра далейшую кандыцыю бацькоў і птушанят пасля вылету з гнязда. Перспектыва разгляду фенамену рэдукцыі вывадка з пункту гледжання ‘гісторыі жыцця’ (life history) вельмі рэдка прымаецца да ўвагі.
Мексіканскія даследчыкі выкарысталі атрыманыя імі на працягу 34 гадоў дадзеныя пра сотні асобін блакітнаногай олушы (Sula nebouxii) і правяралі ці рэдукцыя вывадкаў пад час недахопу ежы, якія пасля вылуплення звычайна складаюцца з двух птушанят, прыносіць заўважную карысць самкам, самцам (бацькам), ці пазасталым жывымі сіблінгам. Аказалася, што самкі з рэдукаванымі вывадкамі на ~16% мелі большую імавернасць дажыць да наступнага гнездавога сезону, чым самкі з поўнымі вывадкамі ў сваіх гнёздах.
Знікненне канкурэнцыі з боку сіблінга дапамагала пазасталаму ў жывых птушаню хутчэй дасягнуць адпаведнай для вылету вагі цела, павялічвала імавернасць наступнага размнажэння і працягласць яго жыцця, а таксама жыццёвы поспех размнажэння ў параўнанні з птушанятамі, якія выляцелі з гнёздаў з поўнымі вывадкамі.
Такім чынам, прынясенне ў якасці ахвяры малодшага птушаня забяспечвае адэкватны (але не прывілегіяваны) рост пазасталага і павялічвае выжывальнасць маці, але паказаць карысць для бацькі навукоўцы не змаглі. Тым не менш, неабходна праверка знойдзенай заканамернасці ў эксперыментах і далейшае, лепшае разуменне фенамену факультатыўнай рэдукцыі вывадка на прыкладзе іншых відаў.
Крыніца: Drummond H., Rodríguez C., Ortega S. 2025 Long-Term Insights into Who Benefits from Brood Reduction, Behavioral Ecology, araf050, https://doi.org/10.1093/beheco/araf050
Паводле https://academic.oup.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак яго ж
На гэтую тэму:
Дробныя птушкі амаль пераграваюцца пад час выкармлівання патомства
Чым больш братоў-сёстраў у гняздзе, тым больш камунікабельнымі вырастаюць птушаняты
Гнездаванне сокала-пустальгі: што, як і чаму адбываецца на нашых вачах LIVE
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ