У 11-ты раз у нас ёсць магчымасць сачыць амаль за ўсімі дэталямі сямейнага жыцця на двух гнёздах сокала-пустальгі (Falco tinnunculus), якія гняздуюць на шматпавярховым доме ў Брэсце. Прайшло трошкі больш за месяц, як самка на другім гняздзе адклала там сваё першае яйка і таму ў бліжэйшыя дні можна чакаць пачатку новага этапу ў жыцці гэтай сям’і – вылуплення птушанят. У 2021 годзе глядзець за жыццём на абодвух гнёздах можна ТУТ.
Аднак як часта бывае ў прыродзе, не ўсё так проста. І каб лепш разумець што мы назіраем і чаму адбываецца менавіта так, мы вырашылі больш падрабязна распавесці пра ўжо вядомыя факты з жыцця гэтых сакалоў і іх інтэрпрэтацыю. Самае цікавае, што атрымалася ўбачыць дзякуючы камерам у мінулыя гады, пералічана – часта з відэа – ТУТ.
Утварэнне пары і як самка вырашае колькі яек ёй адкласці
У апошнія гады з параўнальна мяккімі зімамі частка сакалоў застаецца паблізу будучых месцаў гнездавання, аднак большасць усё ж адлятае на зімоўку ў краіны Заходняй Еўропы, і, магчыма, у Паўночную Афрыку. Зразумела, што птушкі з абодвух гэтых груп маюць і перавагі, і недахопы ў сваёй стратэгіі зімоўкі. Першыя выйграюць, калі снег – як гэтай зімой – выпадае на непрацяглы тэрмін і марозныя дні можна пералічыць на пальцах дзе абедзьвух рук, а дзе і адной. Тады сакалам лягчэй паляваць і яны пазбягаюць разнастайных небяспек пад час пералётаў на месцы зімоўкі і назад. Птушкі ж з другой групы хутчэй выйграюць, калі ў нас халодныя і снежныя зімы, бо там, дзе зімуюць яны, зіма мяккая і бясснежная амаль штогод.
Галоўная мэта любой птушкі – і тут не важны яе від – пажадана першай апынуцца ў пачатку сезона гнездавання там, дзе магчыма размнажацца. Прычына гэтага і важная, і простая адначасова: каб мець максімальна шырокі выбар як партнёраў, так і – у выпадку гарадзкіх сокалаў – гнездавых ніш. Не сакрэт, што колькасць гэтых апошніх у падыходзячых для гнездавання месцах (пажадана паблізу будучых месцаў палявання - адкрытых тэрыторый - сельгаспалеткаў і пустыроў у прамысловых зонах) абмежаваная.
Ужо ў канцы лютага і часцей у пачатку сакавіка і самцы, і самкі пустальгі пачынаюць заяўляць свае прэтэнзіі на найлепшыя месцы гнездавання. Яны павінны быць бяспечнымі – пажадана знаходзіцца высока і ў недасяжных для чалавека і іншых патэнцыйных драпежнікаў нішах на разнастайных пабудовах. Ну і быць дастаткова прасторнымі, каб спачатку там змяшчалася самка на кладцы, а потым і падрослыя птушаняты да іх вылету.
Самец (на верхнім здымку) і самка (на ніжнім) у гнездавой нішы, дзе працуе адна з нашых камер.
Самцы бароняць ад супернікаў абраныя імі гнездавыя нішы і паступова менавіта ў такой камбінацыі – самец разам с будучым месцам гнездавання – самкі і абіраюць іх.
Кладкі як з 1-2, так і з 7 яек бываюць у пустальгі аднолькава вельмі рэдка. Трошкі часцей адзначаны кладкі з 3 яек, але і так у большасці выпадкаў самкі адкладваюць ад 4 да 6.
Каб назапасіць у целе запасы, неабходныя для фармавання яек, для самкі, акрамя прыкладна месяца часу, патрэбна і рэгулярна параўнальна шмат ежы.
І вось тут яна і правярае і здольнасці свайго самца да палявання, і спрабуе прадказаць на аснове частаты прылётаў самца са здабычай якім будзе гэты гнездавы сезон у адносінах да даступнасці ежы. Справа ў тым, што яна можа на гэтым этапе вырашыць, колькі яек варта адкласці, а потым і як іх наседжваць – пра гэта будзе ніжэй. Звычайна аснова харчавання пустальгі – дробныя мышападобныя грызуны, а найчасцей – шэрыя палёўкі. Яны – аптымальная здабыча як па масе (паміж 20-25 г), так і па даступнасці для гэтых сакалоў. А ў палёвак здараюцца т.зв. рэгулярныя цыклы колькасці. Прыкладна раз у 5 гадоў іх вельмі шмат, а потым усё менш і менш у наступныя гады і ў дзесяткі разоў менш у год мінімума ў параўнанні з макімумам. І вось каб ‘адгадаць’ які гэты год для асноўнай здабычы – палёвак, самкі і выкарыстоўваюць месяц перад пачаткам адкладкі яек. Але "адгадаць" важна не толькі які гэта год па даступнасці здабычы, але і які самец быў абраны. Першае і другое вельмі важна і звязана адно з адным.
Як наседжваць кладку: тры варыянты
Зразумела, што колькасць яек – вельмі важная ‘падстройка’ пад колькасць здабычы, якую прыносіць самец сваёй абранцы. Яна самастойна ўжо не палюе, і акрамя фармавання яек, таксама назірае за сваёй гнездавой нішай, ну і разам з самцом, час ад часу капае у ёй гнездавую ямку куды і будуць адкладзены яйкі. Аднак – калі ёсць такая фізіялагічная і фізічная магчымасць – варта адкласці максімальную колькасць яек. Нават калі не ўсе птушаняты потым змогуць быць выкармленыя – пра гэта будзе ніжэй – тэарэтычна застаецца магчымасць, што ўсё ж усе выляцяць і яе варта паспрабаваць выкарыстаць каб павялічыць колькасць сваіх патомкаў.
Таму самкі робяць і больш тонкую ‘падстройку’ пад прагназуемую колькасць здабычы ў той час, калі птушаняты будуць патрабаваць максімум ежы. Тут магчымыя тры варыянты, два скрайнія выкарыстоўваюцца сакаламі вельмі рэдка. Аднак пачаць трэба з таго, што кожнае наступнае яйка адкладваецца самкай праз два дні. Такім чынам, першае яйка пад назіраннем другой камеры з’явілася 06.04, а апошняе, шостае – 16.04.
Першы варыянт інкубацыі для самкі – можна пачаць наседжваць адразу з першага яйка і тады, прыкладна праз 28-30 дзён вылупіцца першае птушанё, потым праз два дні – другое, праз 4- трэцяе і гэтак далей. На дзень вылуплення апошняга, шостага сакалёнка, першы будзе мець ужо 10 дзён і не будзе патрабаваць абагрэву самкі (гл. ніжэй) і, зразумела, будзе найбольшы памерамі і самы актыўны з вывадка. І калі ежы, якую увесь час прыносіць толькі самец (бо самка застаецца на гняздзе з яйкамі і малымі) раптам не будзе хапаць каб накарміць усіх птушанят, паступова пачнуць гінуць самыя меншыя. Бо самка корміць птушанят паводле праяўлення імі актыўнасці пад час прыносу ежы на гняздо. А самымі актыўнымі аказваюцца самыя старэйшыя. Гэта дае магчымасць вельмі хутка ‘прыводзіць’ колькасць птушанят на гняздзе ў адпаведнасць з колькасцю ежы, якую здольны прыносіць на гняздо самец. Такое вылупленне птушанят называецца асінхроннымі часта сустракаецца ў тых відаў драпежных птушак (дзённых драпежных птушак (канюхоў, лунёў), соваў, чапляў, буслоў, нават некаторых крумкачовых і грычуноў), якія харчуюцца найчасцей ежай, даступнасць якой цяжка дакладна прадказаць у гэтым гнездавым сезоне. Найчасцей аснова іх харчавання – тыя ж мышападобныя грызуны.
Трэці варыянт інкубацыі, які сустракаецца без іншых варыянтаў у большасці вераб’іных птушак, а таксама ва ўсіх качак, гусей і курыных (у якіх птушаняты амаль адразу пасля вылуплення следуюць за дарослымі птушкамі) – пачынаць наседжваць кладку толькі пасля адкладкі апошняга яйка. Тады ўсе птушаняты вылупляюцца на гняздзе на працягу некалькіх гадзін і, адпаведна, усе аднолькавага ўзросту, памеру і актыўнасці. Гэты варыянт, які называецца сінхронным вылупленнем, выкарыстоўваюць тыя віды птушак, у якіх даступнасць харчовых рэсурсаў мала змяняецца ў розныя сезоны гнездавання. І, ў дадатак, вывадковыя птушаняты курыных і гусіных-качыных самастойна знаходзяць ежу – дарослыя птушкі іх не кормяць. Таму там не трэба змяншаць вывадак – ежы хапае для ўсіх.Такі варыянт вельмі рэдка можа сустракацца і на гнёздах пустальгі – калі ежы так шмат, што самец можа забяспечыць ёй нават усіх птушанят аднолькавага ўзросту.
Ну і нарэшце, другі варыянт інкубацыі – як раз той выпадак, які мы штогод назіраем на гнёздах пустальгі пад назіраннем нашых камер. Ён прамежкавы паміж першым і трэцім. Самка пачынае шчыльна наседжваць кладку толькі пасля таго, як адкладзе другое, а часцей – трэцяе яйка. Менавіта так адбывалася на двух гнёздах у Брэсце. У выніку, хутчэй за ўсё птушаняты з першых трох яек вылупяцца сінхронна, на працягу некалькіх гадзін. А наступныя – пасля іх, з інтэрвалам у дні. Такое вылупленне называецца часткова сінхронным. Першыя – старэйшыя птушаняты аднаго ўзросту і актыўнасці – будуць мець перавагу пры недахопе ежы перад наступнымі, маладзейшымі. І ўсё ж такі варыянт інкубацыі хутчэй за ўсё выкарыстоўвае самка ў выпадку, калі самец забяспечвае яе вялікай колькасцю здабычы і яна мае не абсалютную, але вельмі добрую ўпэўненасць у бліжэйшай будучыні і здольнасці самца забяспечыць ежай і яе, і птушанят. Што гэта менавіта так, мы бачым па колькасці прыносаў палёвак на абодва гнязда – іх не толькі многа, але і амаль няма іншай здабычы, якую звычайна ловяць пустальгі пры недахопе грызуноў: яшчарак, вераб’іных птушак, жукоў і конікаў. Ды і вялікія кладкі – па 6 яек – таксама сведчаць хутчэй пра добры год для палёвак – і для сакалоў.
Як і колькі птушанят стануць на крыло мы і ўбачым з вамі ў бліжэйшыя 1,5-2 месяцы трансляцыі з гнёздаў. Калі дадаць прыкладна 30 сутак, патрэбных для развіцця зародыша пустальгі пасля пачатку шчыльнай інкубацыі яйка, то адпаведна з тым, што самка на другім гняздзе пачала наседжваць першыя тры яйкі з адкладкай трэцяга 10.04, то і першыя тры птушаняты павінны вылупіцца амаль адначасова ўжо ў бліжэйшыя дні, паміж 8 і 10 мая.
Тое, што яшчэ перад намі: Развіццё і рост птушанят пустальгі
У першы дзень пасля вылуплення вочы напалову расплюшчаныя, просяць ежу з раскрытай дзюбай, але не бачаць самку. Сядзяць, абапіраючыся на жывот і ногі.
На (другі) трэці дзень пасля вылуплення расплюшчваюцца вочы.
На 6-ы дзень просяць ежу, рэагуючы не на любы рух навокал, а ўжо канкрэтна на голаву і дзюбу самкі.
На 11-ы дзень усталёўваецца ўласная біяхімічная тэрмарэгуляцыя і ўжо не патрабуць абагрэву (або заслоны ад сонца) ад бацькоў. Могуць перасоўвацца па гнездавой нішы, прыпадымаючыся на нагах. Пачынаюць кантактаваць з сіблінгамі (браццямі і сёстрамі).
На 13-14-ы дзень спрабуюць разрываць здабычу, калі яе трымае самка або самец.
На 17-ы дзень могуць трымаць здабычу ў сваіх лапах і адрываць ад яе кавалкі самастойна.
На 20-ы дзень пачынаюць крычаць на бацькоў і са здабычай, і без яе, спрабуючы прыцягнуць увагу менавіта да сябе.
На 30-35-ы дзень пачынаюць вылятаць з гнязда, першыя дні вяртаючыся на яго і ўдзень, а потым усё радзей і толькі для начлегу на ім.
Хаця ў дарослых птушак самцы і самкі добра адрозніваюцца знешне, у птушанят гэта зрабіць нашмат цяжэй і, у прынцыпе, амаль адзіны надзейны спосаб– параўнаць малюнкі на пер’і надхвосця, трымаючы падрослых птушанят у руках. Але, на жаль, наўрацці гэта можна зрабіць гледачам пад час трансляцыі.
Трошкі статыстыкі
Амаль 10 тысяч гледачоў з 39 краін ужо глядзелі за нашымі сакаламі ў гэтым сезоне з усіх кантынентаў, акрамя Аўстраліі:
Аднак самае цікавае яшчэ перад намі і мы запрашаем глядзець і каментаваць усё, што Вам атрымалася ўбачыць – са скрыншотамі і без. Унікальная магчымасць менавіта гэтага сезону–можна ‘адматваць’ трансляцыю і глядзець што адбывалася на гнёздах нават да 12 гадзін назад!
А мы, у сваю чаргу, працягнем тлумачыць што і, магчыма, чаму, адбываецца на гнёздах з ілюстраваннем самых цікавых момантаў.
Цікавага прагляду!
Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымкі Уладзіміра Бондара (верхні) і Аляксандра Мініча
На гэтую тэму:
Пустальга ва Усходняй Польшчы: вынікі сезону-2018
ПАЛЯВАННЕ ЗВЫЧАЙНАЙ ПУСТАЛЬГІ (FALCO TINNUNCULUS) У Г.ГРОДНА І НАВАКОЛЛІ
Гісторыі гарадзенскіх сакалоў: шчаслівыя і не вельмі
Пустальга працягвае знікаць у Вялікабрытаніі
Як мы ратавалі пустальгу ў касьцёле
Як мы ратавалі пустальгу ў касьцёле. Частка другая, шчасьлівая
Пра Алену і Стэфана здымуць фільм
Знайсці пустальгу з дапамогай ... газеты
Пустальгі ў Брэсце
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ