
Поўнае знікненне балотных соваў (Asio flammeus) у адных мясцінах пасля сезону і з’яўленне ў іншых у наступным даўно здзіўляла. Выкарыстанне спадарожнікавых перадатчыкаў вялікай міжнароднай камандай даследчыкаў дазволіла атрымаць дадзеныя, якія прыпадымаюць завесу таямнічасці над жыццём гэтага віду і яшчэ больш здзіўляюць.
Балотная сава распаўсюджана вельмі шырока, але мазаічна і амаль на ўсім сваім арэале з’яўляецца спецыялістам ў здабыванні дробных мышападобных грызуноў, пераважна палёвак. Аднак даступнасць і колькасць гэтай здабычы можа значна змяняцца ў розныя гады ў розных месцах і робіць яе слаба прадказальнай. І хаця совы могуць пераключацца і на іншую здабычу калі палёўкі знаходзяцца на мінімуме сваёй колькасці, аднак больш агульны адказ віду ў такія сезоны заключаецца ў перамяшчэнні на іншыя тэрыторыі, што часта ператвараецца ў інвазіі або качавыя паводзіны (irruptive or nomadic movements).
На працягу некалькіх сезонаў 47 балотных соваў атрымалі GPS спадарожнікавыя перадатчыкі ў некалькіх месцах іх гнездавання ў Ісландыі, Шатландыі і Гішпаніі. Большасць птушак была самкамі, таму што самцы маюць меншыя памеры і часта важылі менш, чым дапушчальна для размяшчэння на іх перадатчыкаў.
Даследчыкі атрымалі нечакана вялікі разлёт пазначаных імі птушак – некаторыя з соваў з Шатландыі і Гішпаніі ляталі ў розныя еўрапейскія краіны і ў Паўночную Афрыку, а адна з соваў з Ісландыі прыляцела ў Вялікабрытанію. Дзевяць асобін атрымалася прасачыць даўжэй, чым 2 сезоны і адлегласці паміж месцамі гнездавання тых самых соваў у наступныя сезоны вар’іравалі ад 41 да 4.216 км!
Адна з птушак, самка, якая атрымала перадатчык пад час гнездавання ў Шатландыі ў 2017 г. , у 2018-м гнездавала двойчы, прычым першы раз у Шатландыі на адлегласці 41 км ад папярэдняга месца гнездавання, а другі раз у Нарвегіі, на адлегласці 926 км. З 18 паспяховых гнездаванняў 14 самак з перадатчыкамі, ва ўсіх выпадках акрамя двух самкі пакідалі свае вывадкі калі самае малодшае птушанё станавілася здольнае да самастойнай тэрмарэгуляцыі і савянятаў працягвалі карміць да іх поўнай незалежнасці толькі самцы.
Большасць часу ў гадавым цыкле совы праводзілі ў месцах гнездавання (>60%), уключна з гнездаваннем і толькі <10% прыходзілася на працяглыя перамяшчэнні-пералёты. Схільнасць да далёкіх пералётаў аказалася найменшай у найбольш ізаляванай еўрапейскай папуляцыі віда – на Ісландыі. Балотныя совы з гэтага вострава прысвяцілі найменш часу на працяглыя пералёты (2%), птушкі з Гішпаніі – найбольш (19%), а асобіны з Шатландыі аказаліся бліжэй да сярэдзіны (8%). Такія вандроўкі прадпрымаліся птушкамі ўвесну (сакавік-май) і ўвосень (жнівень-лістапад) і ўключалі ў сябе пералёты як над сушай, так і праз мора. Цікава, што 80% перамяшчэнняў па-за гнездавой тэрыторыяй ажыццяўлялася на працягу 6 гадзін да або пасля поўначы.
Сярэдняя выжывальнасць дарослых птушак у 47% была ніжэй, чым чакалася для соваў такога памеру і вагі і гібель найчасцей адбывалася пад час працяглай міграцыі і адразу пасля гнездавання. Зразумела, што экстэнсіўныя, качавыя паводзіны з мэтай знайсці мясціны, дзе можна выгадаваць адразу вялікі вывадак, могуць значна змяншаць выжывальнасць. Усё гэта абцяжарвае планаванне і прыняццё мераў па ахове віду як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўнях.
Выяўлены тып перамяшчэнняў і іх маштаб сведчыць пра адсутнасць ізаляваных папуляцый віда ў Еўропе і хутчэй з’яўляецца доказам на карысць адной, вялікай і інтэграванай, у якой, аднак, ёсць больш ізаляваныя часткі (напрыклад, у Ісландыі).
Крыніца: Calladine, J., Hallgrimsson, G.T., Morrison, N., Southall, C., Gunnarsson, H., Jubete, F., Sergio, F. & Mougeot, F. 2024. Remote tracking unveils intercontinental movements of nomadic Short-eared Owls Asio flammeus with implications for resource tracking by irruptive specialist predators. Ibis doi:10.1111/ibi.13304
Паводле www.bto.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Мікалая Вераб’я
На гэтую тэму:
Незвычайныя “рэкорды” шатландзкіх балотных соваў
Фота-пасткі зарэгістравалі незвычайныя падзеі на гнёздах палявых луней
Простыя складаныя ўзаемасувязі: совы і палёўкі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ