Бэйтсаўская мімікрыя ў чубатай сініцы?

чубатая сініца

Бэйтсаўская мімікрыя (Batesian mimicry), названая так у гонар Henry Walter Bates’а (сучасніка Уоллеса (Wallace) і Дарвіна (Darwin), які яе апісаў), параўнальна шырока адзначана ў насякомых і даволі рэдкая ў птушак. У сваёй класічнай форме гэта ўсе выпадкі вялікага падабенства бяскрыўднага віду да небяспечнага або непрыемнага на смак, што значна змяншае імавернасць нападу драпежнікаў.

Вокападобныя малюнкі, або вочныя плямы - яшчэ адзін распаўсюджаны тып адаптацыі супраць драпежнікаў. У многіх насякомых прыкметныя плямы, якія нагадваюць вочы параўнальна вялікіх памерам жывёл могуць адпужваць драпежнікаў, павялічваючы бачную пагрозу, якую ўяўляе сабой здабыча. Найбольш вядомымі прыкладамі з'яўляюцца матылі: паўлінавочка (Aglais io), якая мае ‘вочы’ на пярэдніх крылах, і вочны бражнік (Smerinthus ocellata), якія раскрывае крылы такім чынам, што ‘вочы’ на задніх крылах становяцца добра бачнымі і ўвесь матыль нагадвае морду невялікага звярка. Howse (2014) апісаў эксперымент Niko Tinbergen’а, у якім берасцянкам (Fringilla coelebs) прапаноўвалі вочных бражнікаў. Калі матылі паказалі свае вочныя плямы, «птушкі адскоквалі назад, быццам іх уджалілі, і пакідалі матылёў у спакоі, але калі [Тынберген] сцёр ‘вочы’ з крылаў, птушкі проста з'елі іх». Такія даследаванні сведчаць аб тым, што ‘вочныя плямы’ могуць уплываць на паводзіны драпежнікаў, хоць дакладныя механізмы гэтага застаюцца прадметам дыскусій.

Вокападобныя малюнкі на апярэнні вядомыя і ў птушак. Паўночны вераб’іны сычык (Glaucidium gnoma) мае выразныя ‘вочы’ на патыліцы, якія памерам большыя за яго сапраўдныя вочы спераду галавы. Выкарыстоўваючы мадэлі птушак з падобнымі ‘вачыма’ і без іх Deppe з сааўт. (2003) паказаў, што што вераб’іныя птушкі, якія нападаюць на мадэлі соваў, трымаюцца на большай адлегласці ад мадэляў з вочнымі плямамі, што сведчыць аб тым, што гэтыя вялікія ‘вочы’ маглі мець суперстымулюючы эфект у параўнанні з сапраўднымі вачыма птушкі. Вялікія вочныя плямы, напэўна адпужваюць птушак ззаду, тым самым абараняючы саву ад нечаканых нападаў пад час моббінгу, які яна не бачыць.

Аўтар артыкулу пад час прагляду адной з серый дакументальнай серыі ВВС “Hidden Wild Isles” у адным з эпізодаў, у якім чубатая сініца (Lophophanes cristatus) нахіляе галаву, каб есці арэх, заціснуты пальцамі, заўважыў, што ў такім становішчы пер’е на яе галаве выразна нагадвае тваравы дыск савы. Прычым найбольш гэта падобна да тваравага дыску шэрай кугакаўкі (Strix aluco) віда, распаўсюджанне якога моцна перакрываецца з арэалам чубатай сініцы.

Сініца, калі яна харчуецца ў такой позе, можа быць уразлівай як да клептапаразітычных нападаў іншых птушак, так і да драпежнікаў. Любы ўзор апярэння, які прымушае патэнцыйнага нападніка вагацца або трымацца на большай адлегласці, асабліва ў перыяды зніжэння пільнасці, можа даць перавагу.

Бэйтсаўская мімікрыя цалкам залежыць ад успрымання яе патэнцыйным нападнікам. Там, дзе наступствы няправільнага вызначэння пагрозы патэнцыйна сур'ёзныя, нават няпоўнага падабенства можа быць дастаткова, каб паўплываць на паводзіны. Для назіральніка-чалавека чубатую сініцу, якая сілкуецца і нават падобная на саву, яна відавочна мае значна меншыя памеры. Таму гэта можна лічыць прыкладам таго, што называецца «сатырычнай мімікрыяй» (‘satyric mimicry’), пры якой няпоўнае або недасканалае падабенства стварае дастатковую двухсэнсоўнасць, каб затрымаць распазнаванне і прыняцце рашэння драпежнікам (Howse & Allen 1994). У такіх абставінах мімікрыя не абавязкова павінна быць пераканаўчай копіяй мадэлі; ёй трэба толькі ўнесці дастатковую нявызначанасць, каб прымусіць нападніка вагацца.

Пытанне аб тым, ці адказная мімікрыя Бэйтса за эвалюцыю малюнка галавы ў чубатых сініц, можна вырашыць толькі шляхам эксперыментаў, якія змяняюць малюнак галавы, а затым назіранняў за клептапаразітызмам і/або спробамі драпежніцтва на мадыфікаваных і кантрольных чубатых сініцах.

Крыніца: Leeming N. 2026 Batesian mimicry in Crested Tit? British Birds 119: 411–412

Паводле https://britishbirds.co.uk (тэкст і скрыншот) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Птушаняты лескі-швачкі мімікруюць змеяў каб адпужнуць драпежнікаў ад гнязда

Знойдзена міжвідавая мімікрыя сярод дзятлаў

Глядзі за суседзямі – можа яны не тыя, на каго падобныя?

Зязюлі мімікруюць пад шулякоў

Вусень, які крычыць: “Воўк!”