Роля далёкіх перасяленцаў у аднаўленні пашырэння відаў непрапарцыйна вялікая - прыклад скапы

скапа

Па выніках даследавання вяртання скапы (Pandion haliaetus) у Вялікабрытаніі, якое працягваецца больш за 50 гадоў, аказалася непрапарцыйна важнай параўнальна невялікая група птушак, якія займалі свае гнездавыя тэрыторыі значна далей ад ужо існуючай папуляцыі.

Brittany C. Maxted і яе калегі з Bournemouth University, а таксама прадстаўнікі таварыства Birds of Poole Harbour і Roy Dennis Wildlife Foundation, прааналізавалі асаблівасці рэкаланізацыі скапой Брытанскіх астравоў паміж 1954 і 2007 годам.

Скапа як гняздуючы від знікла ў Шатландыі ў пачатку ХХ ст., апошняя пара птушак там была адзначана ў 1916 г.. Аднаўленне распаўсюджання віда пачалося ў 1954 г., калі пара скоп загнездавала ў Loch Garten. Дзякуючы дадзеным, сабраным з таго часу, атрымалася не толькі прааналізаваць павелічэнне шатландзкай папуляцыі, але і асаблівасці яе прасторавага аднаўлення. За гэты час былі знойдзены 149 месцаў гнездавання віду, з якіх 132 займаліся птушкамі хаця б аднойчы. У 2004 г. колькасць скопаў дасягнула 73 пар, а самыя далёкія гнёзды знаходзіліся на адлегласці 143 км ад месца гнездавання пары- заснавальніцы ў Loch Garten.

Аднак экспансія віду на новыя тэрыторыі не была аднастайнай і хаця ў сярэднім скопы павялічвалі гнездавы арэал штогод на 53 кв км, на працягу 20 гадоў з 54 павелічэння яго агульнай плошчы не назіралася ўвогуле. Значнае пашырэнне адбывалася толькі калі асобныя пары пачыналі гнездаваць ў яшчэ незаселеных мясцовасцях параўнальна далёка ад асноўнай папуляцыі.

Такім чынам і атрымаліся 8 субпапуляцый, гнёзды пар-заснавальніц якіх знаходзіліся ў сярэднім на адегласці 33,8 км ад бліжэйшага гнязда раней заснаваных умоўных гнездавых груповак. Пасля каланізацыі новай тэрыторыі, паступова адбывалася запаўненне прамежку паміж новым месцам гнездавання і старой субпапуляцыяй. Эфект рассялення падобных ‘піянерскіх пар’ быў вельмі выразны - дзякуючы ім штогадовае павелічэнне гнездавога арэалу віду ў гады пачатку стварэння новай субпапуляцыі склала 1.102 кв км, тады як у іншыя гады гэта было ў сярэднім толькі 151 кв км.

Гэтыя акалічнасці дапамагаюць зразумець як скопы могуць значна павялічыць сваю колькасць і не заняць ўсе адпаведныя для гнездавання месцапражыванні ў былым арэале. ‘Новыя’ пары прыцягваюцца ў месцы, дзе від ужо гняздуе нейкі час і самцы звычайна займаюць гнездавыя тэрыторыі недалёка ад месца, дзе з’явіліся на свет самі. Самкі ж маюць тэндэнцыю да большай дысперсіі, але з-за таго, што менавіта самцы выбіраюць у ўтрымліваюць гнездавую тэрыторыю, менавіта невялікая колькасць ‘самцоў-піянераў’ (заснавальнікаў новых субпапуляцый) з’яўляецца крытычным фактарам, які абмяжоўвае экспансію віду.

Такая экспансія была названая аўтарамі артыкула па выніках даследавання “стратыфікаванай дыфузіяй” ('stratified diffusion'): гэта працяглыя перыяды лакальнага павелічэння колькасці, якія прэрываюцца рэдкімі і непрацяглымі каланізацыямі на большай адлегласці, пасля якіх вакол пары піянераў пачынае расці новая субпапуляцыя. Падобная экспансія вельмі нагадвае характар біялагічных інвазій чужародных відаў і дапамагае прадугадаць як можа адбывацца вяртанне абарыгенных, але страчаных відаў.

Знойдзеная заканамернасць таксама мае вялікае значэнне для аховы відаў. Тры з васьмі шатландзкіх субпапуляцый былі заснаваныя з дапамогай чалавека і дэманструюць, што штучныя гнёзды ці гнездавыя платформы могуць дапамагчы птушкам пачаць гнездаваць па-за гнездавым арэалам. Транслакацыя таксама можа дапамагчы ў гэтым і перамяшчэнне на новыя тэрыторыі самцоў павінна быць прыярытэтам. 

Гэты падыход ужо апраўдаў сябе ў Англіі, дзе з 2017 г. пачалі выпускаць маладых скопаў з Шатландыі ў графстве Dorset. Першая пара віду, якая ў 2022 г. выгадавала там 2 птушанят (упершыню для Англіі з 1847 году) была створана перавезеным з Шатландыі яшчэ птушанём самцом і самкай. З таго часу гэтая пара працягвае там гнездаваць, а іншыя скопы далучаюцца да яе навокал.

Аўтары артыкулу таксама папярэжваюць аб небяспецы паспешлівых чаканняў хуткай рэкаланізацыі, таму што яна залежыць, як аказалася ад вельмі невялікай колькасці птушак, якія здольныя паспяхова гнездаваць здалёк ад асноўнай субпапуляцыі.

Крыніца: Maxted B.C., Stillman R.A., Gillingham P.K., Hill R. A., Mackrill T., & Dennis R. (2026). Long-term patterns of breeding range expansion mirror invasion dynamics during recolonisation of a semi-colonial raptor. J of Animal Ecology, 00, 1–15. https://doi.org/10.1111/1365-2656.70322  

Паводле  www.bournemouth.ac.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

На гэтую тэму:

Упершыню за апошнія 200 гадоў скопы загнездавалі ў Ірландыі

Самая старая брытанская скапа вярнулася на сваё гняздо

Арніталагічная сенсацыя: гнездаванне скапы ва Украіне

Спроба гнездавання трыа скопаў скончылася няўдачай