У 50-ю гадавіну першай публікацыі міжнароднай Чырвонай кнігі відаў, якім пагражае знікненне, падрыхтаванай і з таго часу рэгулярна абнаўляемай Міжнародным Саюзам аховы прыроды (МСАП), міжнародная каманда навукоўцаў прапанавала падыходы і прынцыпы для стварэння Чорнай кнігі шкодных чужародных відаў, непасрэдна інтрадукаваных чалавекам ці з дапамогай яго дзейнасці.
Адным з найбольш шкодных вынікаў дзейнасці чалавека для прыроды ў глабальным маштабе з’яўляецца перамяшчэнне біялагічных відаў на тэрыторыі і акваторыі, на якіх яны не сустракаліся. Такія віды-інтрадуцэнты ў многіх выпадках прыносяць шмат шкоды абарыгенным відам і экасістэмам, уключна са знікненнем асобных папуляцый і нават цалкам мясцовых відаў.
Толькі для Еўропы цяпер вядомыя больш за 13 тысяч чужародных відаў-інтрадуцэнтаў!
У навуковым аглядзе, які падрыхтавала каманда экспертаў з 4 кантынентаў у супрацы з прадстаўнікамі МСАП, быў прапанаваны прагматычны падыход да вырашэння праблемы інтрадуцэнтаў. Адпаведныя крытэры дазваляюць праранжыраваць і аб’яднаць любыя чужародныя віды раслін або жывёл адпаведна з іх шкоднасцю для абарыгенных прыродных экасістэм і відаў.
Падобна да Чырвонага Спісу, прапанаваны Чорны Спіс можа быць выкарыстаны для прыярытэзацыі відаў па неабходнасці дзеянняў - як гэтага патрабуе міжнародная палітыка па біялагічных інвазіях. Аднак Спіс можна выкарыстаць не толькі для прыняцця важных і своечасовых рашэнняў, але і для выкарыстання як фармальнага індыкатара прагрэсу ў дасягненні пастаўленых мэтаў Канвенцыі па біялагічнай разнастайнасці (Convention on Biological Diversity). Адна з іх кажа пра тое, што “Да 2020 году інвазійныя чужародныя віды павінны быць вызначаныя і прыярытэзаваныя, прыярытэтныя віды мусяць кантралявацца або быць вынішчаныя, прынятыя меры па недапушчэнню іх інтрадукцыі і стварэнню ўстойлівых папуляцый”.
З-за таго, што рэсурсы на ахову прыроды і барацьбу з інвазіыйнымі інтрадуцэнтамі абмежаваныя, надзвычай важна вызначыць якія віды ўжо цяпер або ў бліжэйшай будучыні з’яўляюцца найбольш шкоднымі, або, наадварот, аказваюць мінімальнае ўздзеянне на тыя мясцовыя віды і экасістэмы, сярод якіх яны апынуліся. З гэтым будзе звязана планаванне канкрэтных дзеянняў па барацьбе з інтрадуцэнтамі: ранняе знішчэнне (eradication) або доўгачасовыя праграмы кантролю іх стану і колькасці. Фундаментальнай праблемай такой прыярэтызацыі з’яўляюцца разнастайнасць таксонаў і шматлікасць інтрадуцэнтаў, якія дзейнічаюць на розных узроўнях экасістэм і ў разнастайных прасторавых і часовых маштабах.
Аўтары агляду ацэньваюць толькі шкодны ўплыў на прыроду (не на эканоміку ці соцыюм), прапануюць фармалізаваны падыход для магчымасці ацэнкі шкоднасці розных інтрадуцэнтаў, які дазваляе наўпрост параўноўваць іх і аб’ядноўваць у групы. Яны выкарыстоўваюць для класіфікацыі 12 механізмаў шкоднага ўздзеяння чужародных відаў на мясцовую прыроду і вылучаюць наступныя ўзроўні:
Найбольш сур’ёзны Massive (MA) – калі ўздзеянне прывяло ці ў хуткім часе прывядзе да замены і лакальнага знікнення мясцовага віду, незваротных зменаў у структуры і складзе прыроднай супольнасці ці экасістэмы.
Вялікі Major (MR) – калі інтрадуцэнт прыводзіць да лакальнага або папуляцыйнага знікнення як мінімум аднаго лакальнага віду, аднак такія змены можна лічыць зваротнымі.
Абмежаваны Moderate (MO) – калі інтрадуцэнт прыводзіць да змяншэння шчыльнасці папуляцый абарыгенных відаў, аднак яшчэ не даходзіць да зменаў у структуры супольнасцяў або экасістэм.
Невялікі Minor (MI) – калі інтрадуцэнт прыводзіць да змяншэння жыццяздольнасці асобін абарыгенных відаў, аднак няма зменаў больш высокага ўзроўню.
Мінімальны Minimal (ML) – калі ёсць дадзеныя, што інтрадуцэнт, напэўна, не наносіць шкоду мясцовым відам паводле вышэйшых катэгорый.
Недахоп дадзеных Data Deficient (DD) – калі вядома, што від-інтрадуцэнт сустракаецца ў дзікай прыродзе па-за межамі свайго звычайнага арэалу, аднак няма ці недастаткова дадзеных, каб ацаніць яго шкоднае ўздзеянне на мясцовую прыроду.
Не мае інтрадукаваных папуляцый No Alien Populations (NA) – калі няма дакладных дадзеных пра тое, што від быў або ёсць адзначаны ў дзікай прыродзе па-за сваімі прыроднымі межамі.
Не ацэньваўся Not Evaluated (NE) – калі дадзены від не ацэньваўся паводле прапанаваных крытэраў.
Крыптагенны (невядомага паходжання) Cryptogenic (CG) – гэта не асобная катэгорыя, а хутчэй дадатковы ярлык для асобін тых відаў, для якіх не зразумела якую папуляцыю – абарыгенную ці інтрадукаваную - яны прадстаўляюць у дадзеным месцы(ах). Сюды можна аднесці расліны з касмапалітнымі арэаламі, віды членістаногіх з неапісанымі ў прыродзе арэаламі, некаторыя марскія арганізмы.
Крыніца: Blackburn, T M, Essl, F, Evans, T, Hulme, P E, Jeschke, J M, et al. 2014. A Unified Classification of Alien Species Based on the Magnitude of their Environmental Impacts. PLoS Biology 12: e1001850.
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі На здымку Дзьмітрыя Вінчэўскага – папугаі Крамера, небяспечныя інтрадуцэнты ў ЕўропуНа гэтую тэму:
У ПРЫРОДЗЕ БЕЛАРУСІ АДЗНАЧАНЫ ЯШЧЭ АДЗІН ЧУЖАРОДНЫ ВІД ПТУШАК
ЕЎРАЗВЯЗ РАСПАЧНЕ БАРАЦЬБУ З ІНВАЗІЙНЫМІ ІНТРАДУЦЭНТАМІІНТРАДУЦЭНТЫ АФІЦЫЙНА ПРЫЗНАНЫЯ ПАГРОЗАЙ ДЛЯ ПОЛЬСКАЙ ПРЫРОДЫ
Праект па вынішчэнні качкі-інтрадуцэнта працягнуты- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ