Аўстралійцы нарэшце ачысцяць краіну ад інтрадукаваных звяроў?

Перад Аўстраліяй стаіць грандыёзная задача  - на працягу наступных 10 гадоў вынішчыць інтрадукаваных некалі ў дзікую прыроду розныя віды звяроў, каб захаваць мясцовую прыроду. Пра гэта заявіў Грэг Хант (Greg Hunt), аўстралійскі міністр навакольнага асяроддзя.  

Міністр паабяцаў ачысціць краіну-кантынент ад дзічэлых катоў і іншых чужародных інвазійных відаў млекакормячых, ад чаго павінны выйграць найперш мясцовыя віды птушак і іншых жывёл. Неабходна падкрэсліць, што Аўстралія мае найбольшы ў Свеце спіс зніклых відаў звяроў: больш за 10% (30 відаў) абарыгенных млекакормячых зніклі пасля каланізацыі кантыненту еўрапейцамі, прычым каля для 20 з іх галоўнай прычынай знікнення былі менавіта каты. Такія дадзеныя прадставілі эксперты з універсітэту Чарльза Дарвіна. 

Хант падкрэсліў, што дагэтуль захаваць абарыгенную біяразнастайнасць атрымліваецца не вельмі паспяхова – ажно 749 відаў знаходзяцца ў Спісе Акта па ахове біяразнастайнасці і навакольнага асяроддзя (Environment Protection and Biodiversity Conservation Act), прычым штогод колькасць такіх відаў, на жаль, павялічваецца. Урад прызначыў камісара па пагражаемым відам (Threatened Species Commissioner), які і прадставіць стратэгію барацьбы з інтрадуцэнтамі. Аднак падобныя мэты, пастаўленыя яшчэ ў 1996 годзе, паводле якіх планавалі вынішчыць інтрадуцэнтаў да 2010 году, яўна праваліліся. І цяпер грамадзскасці невядомы канкрэтныя дзеянні, якія павінны радыкальна змяніць сытуацыю да лепшага.  

Вядома, што здзічэлыя каты і звычайныя лісіцы з’яўляюцца найбольшай пагрозай для захавання мясцовай наземнай фауны хрыбетных жывёл, да іх дадаюцца выпадковыя пажары і іншае знішчэнне прыродных экасістэм. 

 

Упершыню завезеныя ў Аўстралію брытанскімі імігрантамі на прыканцы 1700-х гадоў у якасці хатніх пітомцаў, збеглыя каты хутка распаўсюдзіліся па ўсяму кантыненту і цяпер іх колькасць ацэньваецца ў 20 мільёнаў асобін. Тым не менш, прыведзеныя лічбы не з’яўляюцца афіцыйна прынятымі і крытыкі кажуць пра “толькі” прыкладна 8 мільёнаў катоў. Аднак нават такая лічба дазваляе ўявіць страты сярод мясцовай фауны, якія здзяйсняюць гэтыя драпежнікі. Таму не павінны здзіўляць афіцыйныя звесткі пра тое, што менавіта гэты від-інтрадуцэнт ёсць галоўнай пагрозай існаванню на кантыненце як мінімум 35 відаў птушак, 36 відаў звяроў, 7 відаў рэптылій і 3 відаў амфібій. 

Канкрэтныя метады, якія будуць выкарыстоўвацца для вынішчэння інтрадуцэнтаў-драпежнікаў, пакуль невядомыя. Аднак не так даўно была распрацаваная новая прынада, якая хутчэй за ўсё і будзе выкарыстоўвацца для гэтай мэты. 

Акрамя гэтага, Урад прызначыць 3,3 мільёны Aus$ на праграму па рэінтрадукцыі тасманійскага дыябла – аднаго з самых харызматычных відаў сумчатых звяроў, колькасць якога хутка і значна змяншаецца ў апошнія гады з-за спецыфічнай хваробы. 

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак лісіцы Мікалая Гулінскага

 

На гэтую тэму:

Аўстралійскую мегафауну знішчылі першабытныя людзі

МСАП (IUCN) ПРАПАНУЕ НАРЭШЦЕ СКЛАСЦІ ЧОРНЫ СПІС ІНВАЗІЙНЫХ ВІДАЎ

 ЕЎРАЗВЯЗ РАСПАЧНЕ БАРАЦЬБУ З ІНВАЗІЙНЫМІ ІНТРАДУЦЭНТАМІ

ІНТРАДУЦЭНТЫ АФІЦЫЙНА ПРЫЗНАНЫЯ ПАГРОЗАЙ ДЛЯ ПОЛЬСКАЙ ПРЫРОДЫ

Праект па вынішчэнні качкі-інтрадуцэнта працягнуты

ВЫНІШЧЫЦЬ АДНЫХ ПАПУГАЯЎ КАБ ЗАХАВАЦЬ ІНШЫХ

ПАПУГАІ-ІНТРАДУЦЭНТЫ ДАКАЗАНА ШКОДЗЯЦЬ МЯСЦОВЫМ ВІДАМ ПТУШАК

Прынц Чарльз ачоліў рух супраць самага вядомага віда-інтрадуцэнта ў Вялікабрытаніі

“Жалезная заслона” хоць у нечым аказалася карыснай 

АРАХНААПАКАЛІПСІС: БЕЗ ПТУШАК ПАВУКІ НА ГУАМЕ ПРАВЯЦЬ БАЛЬ