Амаль па цэнтры Нёмана насупраць т.зв.замкаў штогод выяўляецца мялізна. У адно лета вада апускаецца так, што з яе выразна выступаюць не толькі расліннасць, але і валуны, а ў іншае - як сёлета, валуноў не бачна. Звычайна гэтае месца выкарыстоўваюць для адпачынку і харчавання не толькі качкі і чайкі, але і вялікія белыя і шэрыя чаплі (Ardea cinerea). Але чамусці гэтым летам дагэтуль ніякіх чапляў я там не бачыў. І вось адным ранкам яшчэ здалёк заўважыў каля высокай зялёнай расліннасці шэра-белы сілуэт.
Атрымалася апусціцца з набярэжнай на забетанаваны бераг і паназіраць за птушкай наступныя 40 хвілін. Хаця спачатку я думаў, што гэта маладая чапля, насамрэч аказалася, што гэта не зусім так - птушка хутчэй за ўсё 3-га каляндарнага году жыцця. Тым дзіўней было ўбачыць, што яна амаль пазбягала перамяшчацца паміж купінамі расліннасці і толькі двойчы-тройчы выцягвала шыю, прыглядваючыся нечему ў вадзе перад сабой і зрэдку чысціла пер'е. За ўвесь гэты час ніводнага выпаду-атакі я так і не ўбачыў, а потым птушка адляцела ўверх па плыні ракі. І я так і не зразумеў - гэта быў адпачынак ці непаспяховая вучоба?
Нёман у Гродна, 10-08-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ