Калонія з прыкладна 36 тысяч пінгвінаў Адэлі (Pygoscelis adeliae) ў Антарктыцы сёлета мела выключна малы поспех гнездавання – толькі 2 птушанят не загінулі там з голаду і паспяхова выгадаваліся. Гэта ўжо другі падобны катастрафічны сезон гнездавання за больш, чым 50 гадоў назіранняў там.
На востраве Petrels французскія навукоўцы ў калоніі з прыкладна 18 тысяч пар пінгвінаў Адэлі знайшлі рэшткі тысяч мёртвых птушанят і кінутых яек. З жывых пінгвінят былі заўважаныя толькі двое!
Падобны катастрафічны сезон гнездавання быў у 2013 годзе, калі ўвогуле не было ніводнага выгадаванага пінгвінёнка. Навукоўцы кажуць, што асноўнай прычынай сёлетняй трагедыі сталі рэкордная плошча льду летам і моцныя дажджы.
Незвычайны для гэтага сезону лёд вымушаў дарослых птушак плаваць на дадатковыя 100 км за ежай для сябе і птушанят. А дажджлівае надвор’е прымушала птушанят, якія слаба прыстасаваныя да адпорнасці на вільгаць, траціць дадаковыя калорыі на падтрыманне пастаяннай тэмпературы цела.
Цікава, што толькі акваторыя вакол вострава, дзе знаходзілася калонія пінгвінаў, была летам надзвычайна шырока акружаная льдом, тады як рэшта Антарктыкі мела яго менш, чым звычайна ў гэты час.
Хутчэй за ўсё гэта было звязана з сыходам у воду вялікага па плошчы (прыкладна 40 на 80 км) “абломка” ледніка, які адбыўся яшчэ ў 2010 годзе на адлегласці каля 250 км ад вострава з калоніяй пінгвінаў, але ён дагэтуль аказвае значны ўплыў на наваколле.
Хаця агульнапрынятае тлумачэнне плошчы лёду вакол астравоў і кантыненту Антарктыда ў тым, што яна моцна залежыць ад колькасці прэснай вады ў марской вадзе, сапраўдныя прычыны могуць быць больш складанымі і застаюцца яшчэ збольшага невядомымі.
Таксама не да канца зразумелым застаецца і залежнасць поспеху гнездавання пінгвінаў ад плошчы летняга льду. Бо хаця яго вялікая працягласць і выклікае далёкія вандроўкі за ежай, яго моцнае таянне можа пачаць змены ў марскіх экасістэмах, што праз нейкі час адаб’ецца і на пінгвінах.
З-за глабальнага пацяплення, якое таксама заўважна і ў Антарктыцы, папуляцыя пінгвінаў Адэлі на кантыненце змяншаецца. Аднак не толькі тэмпература ўздзейнічае на гэтых і іншых мясцовых птушках – інтэнсіўнае рыбалоўства змяншае запасы даступнай для пінгвінаў ежы, а патэнцыйна ўсё больш папулярны турызм можа стаць моцным фактарам непакою.
Таму навукоўцы заклікаюць як мага хутчэй заснаваць марскую ахоўваемую акваторыю (marine protected area (MPA)) ва усходняй частцы Антарктыкі і выступілі з гэтай прапановай на нядаўняй сустрэчы прадстаўнікоў 24 краін і Еўразвязу ў рамках камісіі для захавання жывых марскіх рэсурсаў Антарктыкі (CCAMLR) у Hobart’е.
Паводле www.theguardian.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.focusingonwildlife.com
На гэтую тэму:
НЕЧАКАНА: ЧАТЫРЫ ВІДЫ ПІНГВІНАЎ ЯДУЦЬ МЯДУЗ! + VIDEO
Чаму пінгвіны перасталі лятаць
Асабовасць марскіх птушак ўздзейнічае на ўсё іх жыццё
Як пінгвіны ведаюць, калі вынырваць?
Імператарскі пінгвін з Антарктыды апынуўся ў Новай Зеландыі
Марскія віды птушак у вялікіх клопатах
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ