Зіма-2018: нашы самыя цікавыя назіранні птушак

белашчокая казарка

Сёлетняя зіма слаба і павольна пачыналася, але цяпер і не думае заканчвацца. Таму, негледзячы на марозны пачатак вясны, мы падвядзем сёлетнія зімовыя вынікі і будзем актыўна выглядваць вясновых птушак. Усяго за два мінулыя месяцы было зроблена 75 паведамленняў у Клуб200 АПБ пра 15 рэдкіх відаў – што для зімы вельмі неблагі вынік. Як потым аказалася, не ўсе з іх тычыліся відаў са Спісу Клубу, але пра ўсё па парадку.

Назіранне Уладзімірам Бондарам у Магілёве двух (ці пары?) белашчокіх казарак (Branta leucopsis) – адна з прыемных сенсацый сёлетняй бёрдэрскай зімы. Гэта першая рэгістрацыя віду на зімоўцы ў нашай краіне. Упершыню птушкі былі заўважаныя ў рысе гораду 30.01 і правялі побач з белалобымі гусямі два тыдні. Аднак пасля пахаладання адляцелі і зноў былі адзначаныя амаль там жа на прыканцы лютага – 24.02.2018.

птушкі

Здымак Уладзіміра Бондара

Другая першая рэгістрацыя віду на зімоўцы для Беларусі - назіранне маладой марской чайкі (Larus marinus) Ірынай Самусенка ў цэнтры Мінска на р.Свіслач 20.01.2018. Пасля таго, як пра рэдкі для нашай краіны від стала вядома, напярэдадні з’езду АПБ, які адбываўся ў сталіцы, некалькі чалавек спецыяльна прыязжалі на месца адпачынку чаек у спадзяванні выглядзець сярод іх марскую. Аднак нікому так і не пашчасціла, бо хутчэй за ўсё на той момант тая птушка была ўжо мёртвай- яе парэшткі сфатаграфавала Ірына Самусенка пасля невялікай адлігі.

птушкі

Здымак Ірыны Самусенка

Рэгістрацыю яшчэ аднаго вельмі цікавага для нашай краіны віду – сасновага крыжадзюба (Loxia pytyopsittacus) – зрабіла таксама Ірына Самусенка і таксама ў Мінску! Від даволі складана адрозніваецца знешнім выглядам ад параўнальна звычайнага ў нас крыжадзюба-яловіка, таму 13.01 толькі адна птушка са зграйкі ў мін 15 асобін была ўпэўнена вызначаная як сасновы крыжадзюб:

птушка

Здымак Ірыны Самусенка

Сава-бярозаўка (Surnia ulula) хаця і была адзначана за гэтую зіму двойчы, але без сумневаў кожнае назіранне гэтага віду – свята для бёрдуотчараў. Першая сёлетняя рэгістрацыя адбылася на Віцебшчыне 15.01. – саву зачапіла аўтамабілем і яе прывезлі і заставілі ў Віцебскім заапарку.

Другая, у больш шчаслівых абставінах, на Шаркаўшчыне 12.02.2018, дзе Валерый Кавалёнак другую зіму запар знаходзіць і фатаграфуе гэты від:

птушка

Яшчэ адна выключна зімовая госця - горная чачотка (Carduelis flavirostris) на працягу сёлетняй зімы рэгістравалася пяць разоў: двойчы на Міншчыне і па аднаму разу на Гарадзеншчыне, Віцебшчыне і Берасцейшчыне. Ажно 80 птушак бачылі пад Маларытай 23.01 - гэта сёлетні рэкорд іх колькасці.

птушкі

Здымак Юрыя Янкевіча

Снежны падарожнік (Calcarius lapponicus) мінулай зімой перастаў быць відам-прывідам для Беларусі. Але не было зразумела- ці мінулагодні прарыў у яго назіраннях гэта інвазія віда ці ўсё ж мы проста навучыліся яго шукаць і знаходзіць? Здаецца, сёлетнія, хаця і нешматлікія назіранні, адказваюць на гэтае пытанне. Пэўна з-за позняга і неглыбокага снегу ў многіх месцах Беларусі снежнага падарожніка адзначылі толькі 4 разы (3 рэгістрацыі). Прычым 2 з 3 рэгістрацый адбыліся ў мінулагодніх месцах яго зімоўкі: на Чэрвеншчыне і пад Калінкавічамі. Ды і першая рэгістрацыя адбылася толькі на прыканцы студзеня, але затое 11.02 птушку адзначылі ў новым месцы- на Любаншчыне.

Белых сініц (Cyanistes cyanus) вельмі прыемна назіраць у любы час, але знайсці іх пасля сезону гнездавання значна цяжэй. Таму абедзьве сёлетнія рэгістрацыі вельмі радуюць: 13.01. у Калінкавіцкім раёне і 07.02 на Піншчыне:

птушка

Здымак Сяргея Козака

Чырвонагаловы каралёк (Regulus ignicapillus), хаця і зарэгістраваны пад Мінскам, дзе мусіў з’явіцца толькі ў апошнія гады, ды яшчэ ў першы дзень новага году, не выклікаў сенсацыі. Але назіранне Андрэя Барадзіна застаецца пакуль адзіным для гэтай зімы.

Таксама толькі аднойчы гэтай зімой быў адзначаны і сокал-падарожнік (Falco peregrinus): 14.01.2018 маладая птушка спрабавала праверыць гатоўнасць да зімы шматлікіх вадаплаўных птушак у Гродзенскай ГЭС, але так і адляцела, нават не спрабаваўшы нікога атакаваць.

Двойчы за сёлетнія зімовыя месяцы атрымалася адзначыць Ныркоў-плёсавак (Aythya marila): пяць птушак 14.01.2018 назіраліся на вялікай прамыіне Нёману на Гарадзеншчыне і адна 27.01 на ачышчальных сажалках Новалукомля на Віцебшчыне.

Відам-рэкардсменам па колькасці рэгістрацый – як і за увесь мінулы год – стала попельная чачотка (Carduelis hornemanni) – сёлета ўжо адбылося ажно 16 рэгістрацый! Від у невялікай колькасці быў адзначаны па ўсёй краіне, акрамя Берасцейшчыны і Гомельшчыны. Цікава, што з канца мінулага году да рэгістрацый попельных чачотак далучылася Міншчына, адкуль цяпер і была атрымана палова ўсіх рэгістрацый. Падобныя годы з інвазіямі вялікай колькасці звычайных чачотак, сярод якіх ці часам асобна да нас прылятаюць і попельныя, адзначаецца нават не кожнае дзесяцігоддзе. Таму тых, хто яшчэ не занёс гэты від у свае асабістыя спісы, заклікаем паспяшацца і праверыць навакольныя і больш далёкія зараснікі пустазелля да вяртання віду на месцы гнездавання ў тундру.

птушка

Здымак Уладзіміра Бондара

Амаль ушчыльную да лідара наблізіліся два іншыя тундравыя віды. Рагатыя жаўрукі (Eremophilla alpestris) рэгістраваліся раўнамерна, 14 разоў, паўсюль, акрамя Віцебшчыны і Магілёўшчыны. Пэўна на гэта паўдзейнічала невялікая колькасць там актыўных назіральнікаў. Але яны праявілі сябе ў больш эксклюзіўных назіраннях, пра якія падрабязней было вышэй.

птушка

Здымак Ірыны Ляшчовай

На Міншчыне былі сфатаграфаваныя недалінялыя да канца маладыя птушкі, якія знешне выглядалі як адзін з паўночна-амерыканскіх падвідаў. Дакапацца да праўды атрымалася дзякуючы Васілію Грычыку.

Цікава, што большасць назіранняў віду атрымалася ў параўнальна невялікіх групах, ад 6 да 50 асобін. У многіх выпадках жаўрукі былі разам са сняжуркамі. У значана большай колькасці – каля 170 птушак, рагатыя жаўрукі былі адзначаныя толькі двойчы: 11.02.2018 у Любанскім раёне і 25.02.2018 на Гарадзеншчыне. Гэта нашмат меншая колькасць у параўнанні з мінулагодняй зімой, але, магчыма, што зіма, якая зацягваецца, яшчэ прынясе нам свае сюрпрызы і не толькі з колькасцю рагатых жаўрукоў.

Столькі ж разоў, як і рагатыя жаўрукі - 14 – былі зарэгістраваныя сёлета ўзімку і сняжуркі (Plectrophenax nivalis). Найчасцей птушак адзначалі на Міншчыне, потым па колькасці назіранняў ідзе Гарадзеншчына і толькі па аднаму разу гэты від бачылі гэтай зімой у Гомельскай і Віцебскай абласцях. На Берасцейшчыне і Магілёўшчыне сняжуркі сёлета яшчэ не назіраліся. Птушак было параўнальна няшмат і часта яны былі ў супольных зграйках з папярэднім відам. Найбольшая колькасць – пр. у 150 птушак – была адзначана на Гарадзеншчыне ў самым пачатку года 06.01.2018 і каля 120 сняжурак назіралі 11.02.2018 і праз тры дні ў двух асобных (?) зграях у Чэрвенскім раёне на Міншчыне.

птушкі

Здымак Аляксандра Эрдмана

Кулік стучок (Lymnocryptes minimus), які пэўна хоць і ў невялікай колькасці, але штозіму застаецца на нашых незамерзлых вадатоках, зарэгістраваны сёлета двойчы: адну птушку, якая не дала сабе рады на мінскай Свіслачы, 21.01.2018 былі вымушаныя заставіць для рэабілітацыі ў Мінскім заапарку

На Гарадзеншчыне пошукі стучка скончыліся больш шчасліва: 11.02.2018 аўтар гэтага агляду змог па слядах знайсці месца харчавання і адпачынку гэтага віду на ручаіне, якая ўпадае ў Нёман каля в.Дарошавічы, праз тыдзень атрымалася ўбачыць і саму птушку, а яшчэ праз некалькіх дзён, праведзеных Дзьмітрыем Якубовічам на марозе ў чаканні кулічка, атрымалася ў святле ліхтарыка зрабіць і яго патрэт:

птушка

Здымак Dmitry Yakubovich

Аднак, мяркуючы па слядах большага памеру на той самай ручаіне і дзякуючы непасрэдным назіраннем сёлета слонкі на зімоўцы ў іншых месцах, іншыя віды кулікоў такама могуць заставацца ў падобных месцах. Тады, дзякуючы дадзеным польскіх калег, іх сляды можна адрозніваць наступным чынам: трэба на слядах 1) памераць даўжыню сярэдняга пальца і 2) вугал паміж крайнімі пальцамі. У стучка даўжыня пальца ў межах 26-30 мм (сярэдняя 28,5) і вугал 90-100 градусаў. У бакаса палец даўжэйшы як мін на 5 мм і вугал паміж пальцамі падобны. У слонкі сярэдні палец каля 40 мм, а вугал паміж крайнімі пальцамі пр. 120 градусаў.

сляды птушкі

Сляды стучка. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

Нямалае замяшанне і амаль падрыхтваныя паедзкі выклікала паведамленне пра магчымую зімоўку ў межах Віцебску гуся-піскулькі (Anser erythropus). Аднак пасля аналізу выгляда гусі на відэа, яна адназначна была вызначана як маладая белалобая гусь, якія, дарэчы, сёлета былі адзначаныя на зімоўцы ва ўсіх абласцях нашай краіны, акрамя Міншчыны.

 

Хутчэйшай вясны і новых цікавых назіранняў!

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Верхні здымак белашчокіх казарак у Магілёве Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ НОВЫХ І РЭДКІХ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІДАЎ СА СПІСУ КЛУБУ200 ЗА 2017 ГОД

Агляд цікавых назіранняў за студзень-2017: снежны падарожнік і тундравыя ўсе-ўсе-ўсе

КЛУБ200: ТОП-13 НАШИХ САМЫХ ИНТЕРЕСНЫХ НАБЛЮДЕНИЙ ПТИЦ В 2016 ГОДУ

В ОФИЦИАЛЬНОМ СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ ТЕПЕРЬ 329 ВИДОВ

ПТИЦЫ ДЕКАБРЯ-2016: ОБЗОР РЕДКИХ ВИДОВ В БЕЛАРУСИ И СТРАНАХ-CОСЕДЯХ