Новы, эндэмічны від птушак апісаны ў Новай Зеландыі

Новы від птушак быў знойдзены толькі на пясчанай касе даўжынёй 1 км на  Whenua Hou (Codfish Island), недалёка ад іншага і большага памерамі вострава Сцюарта. Магчыма таму новы вiд і атрымаў назву тафунніка з Венуа Хоў Whenua Hou diving petrel (Pelecanoides whenuahouensis). Уся яго папуляцыя ацэньваецца ў 250 асобін.


Здзейсніць адкрыццё і апісаць новы від атрымалася дзякуючы сумеснай працы навукоўцаў з Victoria University (Уэлінгтан), дэпартаменту аховы прыроды Новай Зеландыі (DoC), музею Новай Зеландыі Te Papa Tongarewa і Цэнтра біялагічных даследаванняў Chizé Centre з Францыі.


Пад час працы над кандыдацкай дысертацыяй, аспірант Йоганнес Фішер (Johannes Fischer) правяраў музейныя калекцыі розных відаў тайфуннікаў. "Да гэтага часу лічылася, што там у нас жыве асобная папуляцыя тайфуннікаў з Паўднёвай Джорджыі. Але мы знайшлі адрозненні і ў памерах, і ў афарбоўцы птушак. Таксама так атрымалася, што "нашы" тайфуннікі - адзіны вядомы нам від, які гняздуе сярод пясчаных дзюнаў. Усяго гэтага аказалася дастаткова, каб апісаць новы від" - сказаў Йоганнес.


Цяпер даследчыкі пачалі супрацу з прадстаўнікамі DoC над выпрацоўкай плана аховы невялічкай папуляцыі. На шчасце, ніякіх драпежнікаў-інтрадуцэнтаў на касе і востраве няма, але змена клімату можа прывесці да змяншэння ці знікнення касы ўвогуле.


"З часам, як мы будзем больш ведаць пра асаблівасці жыцця новага віду, мы зможам прапанаваць больш актыўныя дзеянні, уключна з перамяшчэннем тайфуннікаў на новыя месцы каб дапамагчы ім захавацца" - сказаў д-р Тэйлар  (Taylor) з DoC.


Паводле www.newshub.co.nz (тэкст і фота) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

У інданезійскай частцы Новай Гвінеі апісаны новы від райскай птушкі

Новаапісаны від птушак – самы рэдкі на Зямлі і захавацца яму дапамаглі снайперы?

Новы від папугая апісаны ў Мексіцы

Вылучаны новы від крычак

У Гімалаях апісаны адразу два новыя віды птушак і чакаецца апісанне трэцяга

Спатрэбіўся 21 год, каб канчаткова апісаць новы від птушак

Дзякуючы цікавасці да аднаго рэдкага віду птушак у Перу атрымалася знайсці іншы, новы для навукі