Новы для навукі від калібры адразу трапіў у катэгорыю крытычна пагражаемых

У 2017 годзе, пад час працы ў Андах Эквадору, арнітолагі адкрылі невядомы для навукі від калібры. Але яго зусім невялікі арэал і адмысловае месцапражыванне віду, якому пагражае дзейнасць мясцовага насельніцтва, прывялі навукоўцаў да прапановы ўключыць блакітнагорлага горнага калібры Blue-throated Hillstar (Oreotrochilus cyanolaemus) у спіс відаў, якім пагражае знікненне ўжо ў бліжэйшы час (critically endangered).

Горныя калібры - даволі незвычайная група – яны жывуць на вялікай вышыні ў Андах і маюць спецыяльныя адаптацыі да нізкіх тэмператур. Франсіска Сарноза (Francisco Sornoza) з Ecuador's Instituto Nacional de Biodiversida, упершыню ўбачыла і сфатаграфавала новы для навукі від пад час экспедыцыі ў красавіку 2017 г. Пасля першай спробы, Франсіска вярнулася ў тыя ж месты з камандай ужо ў мае, каб адлавіць птушак і пацвердзіць адкрыццё. Каб падрыхтаваць апісанне і апублікаваць яго, спатрэбіўся больш за год.

На сёння вядома пра распаўсюджанне віду на тэрыторыі каля 100 кв км сярод горнага кустоўя і агульная колькасць віда не перавышае 750 птушак, а магчыма, што іх толькі каля 500. З-за таго, што гэтаму ўчастку горнай расліннасці тэарэтычна пагражаюць выпас быдла і выпальванне прыроднай расліннасці мясцовым насельніцтвам, а яшчэ магчымае яе знішчэнне для здабычы золата горнаруднымі кампаніямі, від пасуе да крытэраў крытычна пагражаемых. “Неабходныя супольныя дзеянні нацыянальнага і міжнароднага ўзроўню для захавання віду” – лічыць Франсіска.  

"Горныя калібры сустракаюцца ў самых недаступных для чалавека і ізаляваных частках Андаў, дзе яны адпачываюць і начуюць у пячорах, харчуюцца на зямлі і прыкладна палову жыцця праводзяць у гібернацыі (з запаволенымі жыццёвымі праяўленнямі). Таму знайсці новы від такога калібры – гэта надзвычай цікава. Гэтае адкрыццё нагадвае нам, што высокагоране жыццё Андаў яшчэ прыхоўвае ад нас свае таямніцы” – сказала Франсіска.

Крыніца:

"A striking, critically endangered, new species of hillstar (Trochilidae: Oreotrochilus) from the southwestern Andes of Ecuador" The Auk: Ornithological Advances September 26, 2018, http://americanornithologypubs.org/doi/full/10.1642/AUK-18-58.1

Паводле www.americanornithologypubs.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Калі калібры апынуліся ў Амерыцы і што з гэтага атрымалася

Неверагодныя пералёты калібры

Разумнейшыя самцы ў калібры дамінуюць над мацнейшымі ці буйнейшымі

Дзякуючы цікавасці да аднаго рэдкага віду птушак у Перу атрымалася знайсці іншы, новы для навукі

Новы, эндэмічны від птушак апісаны ў Новай Зеландыі

Спатрэбіўся 21 год, каб канчаткова апісаць новы від птушак

Новы від папугая апісаны ў Мексіцы