Новы дом для крытычна пагражаемых качак з Мадагаскара

Адзін з самых рэдкіх відаў качак на Зямлі, мадагаскарскі нырок (Aythya innotata), атрымаў новы шанец на выратаванне. Спецыяльна пад яго патрэбы быў зроблены і паспяхова выпрабаваны першы ў Свеце плаваючы авіарый. Від, які лічыўся зніклым яшчэ 12 гадоў таму, цяпер быў пераселены на новае, патэнцыйна магчымае месца гнездавання.

Дваццаць адно качаня правяло тыдзень у бяспечным, упершыню зробленым авіарыі, які плавае на паверхні на поўначы Мадагаскара, на возеры Сафія. Гэта новае, магчымае месца жыхарства віду павялічвае магчымасці яго выжывання. Вялікая праблема была не толькі ў невялікай агульнай колькасці мадагаскарскіх ныркоў, але і ў тым, што ўся папуляцыя знаходзілася толькі ў адным месцы. Усе іншыя водна-балотныя ўгоддзі на востраве, на жаль, мала адпавядаюць віду і наўрацці ныркі самастойна перасяліліся б туды.

У пачатку снежня падрослыя качаняты былі выпушчаныя з авіарыя і актыўна самастойна здабываюць сабе ежу, ныраючы за ёй, а таксама пералятаюць пры неабходнасці з аднаго месца на іншае і далучаюцца да дзікіх качак іншых відаў. Аднак час ад часу вяртаюцца ў адкрыты авіарый на адпачынак і па дадатковае харчаванне. І хаця цяпер перасяленне выглядае вельмі лагічным і паспяховым крокам, насамрэч на яго падрыхтоўку пайшлі гадЫ і рэсурсы многіх арганізацый: Wildfowl and Wetlands Trust (WWT) і Durrell Wildlife Conservation Trust з Вялікабрытаніі, Peregrine Fund з ЗША і ураду Мадагаскара. Гэта дала магчымасць блізкага супрацоўніцтва з насельніцтвам, якое жыве вакол возера Сафія і дазволіла спакойна прывезці сюды мадагаскарскіх ныркоў.

Найджэл Джэрэт (Nigel Jarrett), кіраўнік праграм WWT па размнажэнню рэдкіх відаў, сказаў: "Патрэбна вёска, каб выгадаваць дзіця – так кажа афрыканскае прыслоўе, але ў нашым выпадку спатрэбілася вёска, каб выгадаваць качаня. Мы рыхтаваліся да гэтага моманту больш за дзесяцігоддзе. Надзвычай цяжка было лагістычна – у гэтай частцы Мадагаскару дабрацца да возера на аўтамабіле можна прыкладна толькі тры месяцы на год. Праца з лакальнымі жыхарамі была проста неабходнай, каб даць ныркам шанец выжыць тут. І калі ва ўсіх нас атрымаецца, то гэта будзе магутны прыклад на магчымасць сумеснага жыцця супольнасці і экасістэмы, у якой яна знаходзіцца. Асабліва для тых, якія жывуць вельмі бедна.”

Упершыню пра неабходнасць перасялення часткі папуляцыі мадагаскарскіх ныркоў у новае месца навукоўцы задумаліся адразу пасля пераадкрыцця віду ў 2006 годзе. І найбольш пасуючай для гэтага канструкцыяй уяўлалася мадыфікацыя клеткі для развядзення ласосяў, якую выкарыстоўваюць у Шатландыі. Пасля знаходжання магчымага для перасялення возера і дасягнення паразумення з мясцовым насельніцтвам наконт яго, навукоўцы ўпершыню паспрабавалі выкарыстаць плаваючы авіарый у 2017 годзе. Пасля паспяховых яго выпрабаванняў, яго прывезлі на Мадагаскар з Вялікабрытаніі гэтым летам.

Качаняты ныркоў вылупіліся ў інкубатары ў кастрычніку, іх перавезлі каля 200 км па вельмі кепскіх дарогах і выпусцілі ў звычайны авіарый на беразе возера. Потым, у пачатку снежня, калі качаняты падраслі настолькі, што ўжо маглі лятаць, іх перасялілі ў плаваючы авіарый. Каб павялічыць выжывальнасць качак, плоцікі для іх адпачынку і спецыяльныя сталоўкі былі растаўленыя па ўсяму возеру.

Цяпер усім неабыякавым да захавання гэтага крытычна пагражаемага віду застаецца толькі назіраць за падзеямі і спадзявацца, што качкі застануцца ў новым месцы і пачнуць там размнажацца.

Паодле www.wwt.org.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Выратаваць самую рэдкую качку на Свеце

Знайшліся грошы, каб выратаваць самую рэдкую качку на Свеце

Праблемы самай рэдкай качкі на Зямлі працягваюцца

Першае вядомае паспяховае гнездаванне нырка Баера за апошнія гады