У нашай трансляцыі LIVE з гнёздаў сокала-пустальгі з’явіўся “польскі акцэнт”

 

Да ўчорашняй раніцы ў 12-м сезоне он-лайн назіранняў за жыццём сокала-пустальгі, якія мы ладзім з двух гнездавых ніш на шматпавярховіку ў Брэсце, усё было больш-менш спакойна і зразумела. На адным з гнёздаў самка адклала ўжо 2 яйкі, у другой нішы гаспадарамі адчувалі сябе шызыя галубы, бо сокалы прыляталі туды толькі зрэдку. І вось зранку там з’явіліся і самец, і самка пустальгі:

Самка амаль увесь час сядзела ў гнездавой нішы і час ад часу прымала ад самца “падарункі” ў выглядзе свежазлоўленых ім грызуноў і рытуал стварэння, ці хутчэй ўзмацнення сацыяльных сувязяў пары, можна было назіраць LIVE:

Але пасля абеду у нішу заляцеў іншы самец, якога можна было адрозніць ад першага па беламу пластыкаваму кальцу з чорным надпісам H09!

птушка

Яго з’яўленне не прайшло незаўважным ні для самкі, ні для гледачоў стрыму. І вось праз некалькі гадзін пошукаў дзякуючы сацыяльнай сетцы Фэйсбук быў знойдзены кальцавальнік гэтага сокала і стала вядома гісторыя птушкі.

Кальцаванне

Аказалася, што кальцавальнік - гэта Марыюш Гжэнеўскі (Mariusz Grzeniewski), сябра польскай прыродаахоўнай арганізацыі “Bocian” і вельмі актыўны даследчык сокала-пустальгі. У Варшаве і падваршаўскім Прушкове з 2008 да канца 2020 году ён закальцаваў ўжо 630 птушанят гэтага віду!

нішы

птушка

птушаняты

Адзначаны ў Брэсце самец быў акальцаваны Марыюшам як адзін з 5 птушанят ў гнездавой нішы ў вентыляцыйнай адтуліне на тэхнічным паверсе жылога дома ў Варшаве 09.06.2016 году. Менавіта падобныя месцы найчасцей выбіраюць і сокалы, якія гняздуюць і ў беларускіх гарадах!

І вось праз 1763 дні сокал са сталіцы Польшчы быў адзначаны дзякуючы нашаму стрыму ў Брэсце! Што будзе далей – ці “наша” самка выбярэ мясцовага самца (насамрэч і ён можа быць замежнага паходжання, проста без кальца), ці ўсё ж варшавяка, мы зможам убачыць ужо ў бліжэйшыя дні ў прамым эфіры ці пад час прагляду трансляцыі, якую можна самастойна “адматваць” нават на 12 гадзін.

Усё самае цікавае у брэсцкіх сакалоў яшчэ толькі пачынаеццапрацягваем глядзець і каментаваць самае цікавае і важнае разам.

 

Падрыхтавалі Дзьмітры Вінчэўскі і Аляксандр Мініч

Здымкі - Mariusz Grzeniewski i Piotr Tomaszewski

 

 

На гэтую тэму:

ПАЧАЎСЯ 12-Ы СЕЗОН НАЗІРАННЯЎ ЗА ГНЕЗДАВАННЕМ СОКАЛА-ПУСТАЛЬГІ Ў БРЭСЦЕ LIVE + ЯК ГЛЯДЗЕЦЬ СТРЫМ ЦІКАВА

Топ-10 открытий благодаря 10 сезонам on-line трансляций с гнёзд сокала-пустельги

ВЫЛУПЛЕННЕ I РОСТ ПТУШАНЯТ: ПАЧЫНАЕЦЦА САМЫ ЦІКАВЫ ЭТАП ОН-ЛАЙН НАЗІРАННЯЎ НА ГНЁЗДАХ СОКАЛА-ПУСТАЛЬГІ

Гісторыі гарадзенскіх сакалоў: шчаслівыя і не вельмі

ПАЛЯВАННЕ ЗВЫЧАЙНАЙ ПУСТАЛЬГІ (FALCO TINNUNCULUS) У Г.ГРОДНА І НАВАКОЛЛІ

Фейсбук помог обнаружить сокола-пустельгу из Беларуси … в Ливии!

Генетычнае параўнанне гарадзкіх папуляцый звычайнай пустальгі (Falco tinnunculus)