Пачаўся 12-ы сезон назіранняў за гнездаваннем сокала-пустальгі ў Брэсце LIVE + як глядзець стрым цікава

Кожны сезон назіранняў за жыццём сокалаў он-лайн – унікальны. Бо акрамя тых самых гнездавых ніш на шматпавярховіку, усе іншыя абставіны могуць мяняцца: сокалы ў парах могуць змяніць партнёра, або самец выбраць не адну самку, а самка – не аднаго самца; надвор’е і даступнасць здабычы, ад якіх залежыць фізіялагічны стан самак і колькасць сфармаваных для адкладкі яек і тэрміны іх адкладкі розняцца ў розныя гады і шмат чаго іншага бывае інакш. Таму наступныя тры месяцы сумна не будзе – запрашаем глядзець разам з намі!

птушкі

Як адрозніць самца і самку пустальгі

У Брэсце, адкуль мы паказваем і каментуем адначасова 2 стрымы з двух гнездавых ніш, улікі гэтага чырвонакніжнага віда птушак праводзяцца больш-менш рэгулярна з 2005 году. За гэты час колькасць гняздуючых у горадзе сакалоў павялічылася з 30 пар у 2005 да 65-70 пар у 2020 годзе. З 2010 году, калі сокал-пустальга быў Птушкай году ў Беларусі, мы ладзім штогадовыя стрымы з гнёздаў гэтых невялікіх драпежных птушак з Брэста, а ў першыя гады яны былі і з Гродна.

птушка

Самец у гнездавой нішы. Скрыншот са стрыма 2018 году

Як і ўсе іншыя нашы  (і не толькі нашы) сокалы, пустальгі самі не будуць гнёзды і таму вымушаныя або займаць пабудовы іншых відаў птушак (звычайна гэта гнёзды сарок, шэрых варон, гракоў ці нават крумкачоў), або ў гарадах ахвотна займаюць разнастайныя нішы на тэхнічных паверхах шматпавярховых дамоў (вентыляцыныя адтуліны на гарышчах і шахтаў ліфтаў), або нават нейкія прытульныя для іх месцы у перапляценнях тэхнічных канструкцый на заводах ці нават тэлевізійных вежах.

птушка

Самка пустальгі ў адной з гнездавых ніш у 2020 годзе, адкуль мы ладзім стрымы. Здымак Аляксандра Мініча

У Брэсце гэтыя сокалы ў асноўным займаюць вентыляцыйныя і дэкарацыйныя нішы ў нашых жылых дамах. Птушкі, калі ёсць магчымасць, яўна аддаюць перавагу  больш высокім будынкам. Так, па выніках мінулагоднага даследавання віду атрымалася, што тры з чатырох пар выбралі шматпавярховікі вышынёй у 9-12 паверхаў, 22% пар дамы да 6 паверхаў і адна пара загнездавала на тэхнічным паверсе 18-ці павярховага дома.

Дзве гнездавыя нішы, адна з якіх ужо занятая парай сакалоў, а другую пакуль выкарыстоўваюць як месца сустрэч і начлегу шызыя галубы, як раз размяшчаюцца побач адна з адной у дэкарацыйных нішах аднаго з брэсцкіх шматпавярховікаў.

Што адбывалася да пачатку трансляцыі што і можна ўбачыць зараз

Звычайна нашы пустальгі адлятаюць на зімоўку і вяртаюцца ў пачатку вясны. Дзе яны зімуюць – сказаць дакладна цяжка, але хутчэй за ўсё гэта Паўднёвая і Заходняя Еўропа, а мінулай восенню адзін з акальцаваных намі маладых сокалаў з Брэста быў адлоўлены .. на поўначы Лівіі!

І хаця ў апошнія гады з параўнальна лагоднымі зімамі некаторыя пустальгі застаюцца паблізу сваіх гнездавых участкаў, гэтай зімой, якую цяжка назваць цёплай, у Брэсце адзначана на зімоўцы ажно 5 пар гэтых птушак! Адна з іх ужо з пачатку сакавіка пачала праяўляць цікаўнасць да той гнездавой нішы, дзе і мы бачым птушак час ад часу дзякуючы стрыму і зараз.

пара

пара

Зразумела, што той, хто застаўся зімаваць каля месца гнездавання ці вярнуўся на яго першым, мае большы выбар калі і не партнёраў, то гнездавых ніш. І хаця высока размешчаная ніша і яе памер важныя самі па сабе, не менш важнае яе месцазнаходжанне ў адносінах да (будучых) месцаў палявання. Палююць пустальгі або з завісання, або з прысады ў адкрытых прасторах звычайна над сельгаспалеткамі ці пустырамі, аднак могуць паспяхова паляваць і ў гарадах над газонамі – калі ёсць на каго.

У добрыя на палёвак сезоны гэтыя грызуны могуць складаць большую частку здабычы або нават амаль усю здабычу пустальгі. Аднак сокалы не менш паспяхова палююць і на вялікіх жукоў ціпа майскіх, конікаў, яшчарак, дробных птушак памерам ад вераб'я да шпака ўключна. Калі гнездавая ніша знаходзіцца параўнальна недалёка да рэгулярна даступнай здабычы, самцу не трэба адлятаць на паляванні далёка, ён больш часу знаходзіцца побач з самкай. А гэта значыць можа дапамагчы адстаяць іх гнездавую нішу ў выпадку пасягальніцтва на яе іншай пары, а таксама запабегчы спробам капуляцыі сваёй самкі з іншым партнёрам – калі такія раптам будуць.

птушкі

Самец з палёўкай, якую ён прынёс на гнездавую нішу для самкі

Пасля таго, як самка выбярэ самца, ён не толькі цалкам забяспечвае яе ежай, але і паказвае найлепшую ў гэтых абставінах гнездавую нішу, якую ён змог знайсці і заняць. Менавіта гэты перыяд заляцанняў і рытуальных прылётаў на нішу самца са здабычай, якую ён перадае самцы, мы і назіраем зараз. Самка ж час ад часу сядзіць у нішы, зрэдку паглыбляе гнездавую ямку – гл. відэа ніжэй, і паступова фармуе тую колькасць яек, якія будзе ў яе адкладваць.

https://youtu.be/JDWJDhJAZCQ?t=30

Каб гэта ёй было рабіць бяспечней і не траціць неабходную для фармавання яек энергію і “будаўнічыя матэрыялы” у выглядзе бялкоў, вугляводаў і кальцыя для шкарлупіння на палёты для забеспячэння сябе ежай, самка цалкам “палагаецца” на здольнасці абранага самца.

птушка

Самец запрашае самку ў гнездавую нішу, якую ён абраў.

Аднак гэта яшчэ і наўпроставая праверка абранца на здольнасць паспяхова паляваць – бо акрамя сябе і самкі, самец пасля вылуплення птушанят будзе павінен таксама сам забяспечавць дастатковай колькасцю ежы таксама і іх прынамсі першыя два тыдні іх жыцця. Пасля гэтага птушанятам ужо непатрэбны абагрэў самкі, у іх “уключаецца” уласная тэрмарэгуляцыя, а памеры не пакідаюць самцы фізічнай магчымасці абаграваць іх ці нават закрываць ад сонца. Да таго ж і ежы ім па меры росту трэба ўсё больш і больш і самка пачынае дапамагаць самцу ў забеспячэнні сям’і харчаваннем, хаця і робіць звычайна гэта недалёка ад гнязда – каб у любы момант была магчымасць паспяшацца птушанятам на абарону, а таксама па-чэснаму падзяліць здабычу, якую прынясе на гняздо самец. Справа ў тым, што самцы не разумеюць, што птушаняты не ўмеюць і не здольныя фізічна разрваць прынесеную ім ежу самастойна даволі працяглы час і ўсе гэтыя клопаты ляжаць выключна на самцы. Таму і выбар месца распалажэння гнязда паблізу хаця б прыстойных месцаў палявання такі важны.

птушка

Скрыншот са стрыму 2016 году, на якім самец каля кладкі з 5 яек чакае, пакуль самка з'есць прынесеную ім здабычу

У залежнасці ад колькасці ахвяр і іх памераў, якія прыносіць самец самцы ў перыяд заляцання (да пачатку адкладкі яек), а таксама ад свайго фізіялагічнага стану (які моцна звязаны з забеспячэннем ежай) самка і прымае рашэнне – колькі яек у гэты сезон ёй адкладваць і як іх наседжваць. Звычайна нашы сокалы адкладваюць ад 4 да 7 яек і наседжваюць не з першага яйка, а толькі калі іх ужо 2 ці 3.

Аднак гэты перыяд іх жыцця і нашы назіранні за імі яшчэ наперадзе:

птушкі

Самка корміць першанца. Скрыншот з трансляцыі 2020 году.

Таму запрашаем назіраць што адбудзецца на гнёздах, калі і як разам!

Як назіраць за гнёздамі, каб было цікава і сабе, і іншым

Як і кожны папярэдні сезон, наша каманда будзе каментаваць самыя цікавыя моманты з трансляцыі і размяшчаць скрыншоты з яе і кароткія відэа.

Аднак задаваць пытанні – каб мы маглі растлумачыць што і магчыма чаму адбываецца - можа кожны зарэгістраваны на сайце карыстальнік! Вельмі магчыма, што тое, што не зразумела Вам, не зразумела і некаму іншаму. Таму пытанні – шлях да больш цікавай трансляцыі для ўсіх нас!

Акрамя гэтага, важна помніць, што YouTube забяспечвае ўсіх магчымасцю “адкручваць” тое, што транслюе камера ажно да 12 гадзін назад! Такім чынам, можна самастойна знайсці цікавыя моманты – асабліва зараз, калі іх не так шмат, бо птушкі прылятаюць на гняздо на некалькі хвілін 5-6 разоў у дзень і не спяць у гнездавой нішы.

пошук

пошук

пошук

Пошук цікавых момантаў трансляцыі і магчымы вынік: перадача грызуна ад самца самцы

Ну і ў любым выпадку важна і цікава для іншых рабіць і размяшчаць скрыншоты таго, што Вы лічыце цікавым для сябе і адпаведна каментаваць іх. Як гэта зрабіць – глядзіце ніжэй.

скрыншот

скрыншот

скрыншот

 

Цікавага і прыемнага прагляду і паглыблення ведаў і ўражанняў пра жыццё дзікіх птушак не выходзячы з кватэры ці офіса!

 

Дзьмітры Вінчэўскі і Аляксандр Мініч

 

 

На гэтую тэму:

Топ-10 открытий благодаря 10 сезонам on-line трансляций с гнёзд сокала-пустельги

ВЫЛУПЛЕННЕ I РОСТ ПТУШАНЯТ: ПАЧЫНАЕЦЦА САМЫ ЦІКАВЫ ЭТАП ОН-ЛАЙН НАЗІРАННЯЎ НА ГНЁЗДАХ СОКАЛА-ПУСТАЛЬГІ

Гісторыі гарадзенскіх сакалоў: шчаслівыя і не вельмі

ПАЛЯВАННЕ ЗВЫЧАЙНАЙ ПУСТАЛЬГІ (FALCO TINNUNCULUS) У Г.ГРОДНА І НАВАКОЛЛІ

Фейсбук помог обнаружить сокола-пустельгу из Беларуси … в Ливии!

Генетычнае параўнанне гарадзкіх папуляцый звычайнай пустальгі (Falco tinnunculus)

Самцы пустельги с возрастом cтановятся светлее и размножаются успешнее