Новапацверджаны від птушак быў апісаны камандай французскіх навукоўцаў з Chizé Centre for Biological Studies (CNRS / La Rochelle University). Гэта трошкі большая за ластаўку і эндэмічная для Новай Каледоніі новакаледонская качурка (Fregetta lineata), якую пачалі рэгулярна назіраць з 2008 г. Яе сучасная папуляцыя ацэньваецца ў межах ад 100 да 1000 пар, таму від можна лічыць знікаючым (endangered).
Як невядомы від птушак у наш час упершыню адзначылі ля ўзбярэжжа Новай Каледоніі ў 2008 годзе: стракаты ніз цела яўна вылучаўся сярод іншых відаў качурак з белымі жыватамі. У Каралавым моры (на усход ад Аўстраліі) такіх жа качурак пачалі сустракаць рэгулярна з 2010 г. і гэта ўжо канчаткова прыцягнула да іх увагу спецыялістаў.
Пасля гэтага ў музейных калекцыях па ўсяму Свету знайшліся 5 скурак качурак са стракатым нізам цела, некаторыя з якіх былі здабытыя больш за стагоддзе таму ў розных частках Ціхага акіяна і былі памылкова аднесеныя да трох розных відаў. Дзякуючы іх перавызначэнню, тры з пяці гэтых качурак атрымалася аднесці да новазеландзкай качуркі (F. maoriana), якую доўгі час лічылі зніклым відам, аднак пераадкрылі ў 2003 годзе. І менавіта пра тое, што назіралі гэты від у Новай Каледоніі ў 2008 годзе і думалі спачатку даследчыкі. Пасля працяглага вывучэння марфалогіі і генатыпу музейных экзэмпляраў і назіранняў птушак у моры, арнітолагі больш не сумняюцца ў існаванні новакаледонскай качуркі як асобнага віда. Усяго атрымалася знайсці скуркі трох качурак гэтага віду ў музеях: адна здабытая ў Самоа ў 1839 г., адна – ля Маркізавых астравоў у 1922 г. і трэцяя недалёка ад вострава Brisbane (Аўстралія) у 1973 годзе.
Скурка новакаледонскай качуркі, здабытай у 1839 г. у Самоа. Захоўваецца ў National Museum of Natural History in Washington, ЗША і цяпер лічыцца галатыпам.
Паступова аўтары фармальнага пераапісання віда сабралі і іншыя факты пра яго існаванне. Так, атрымалася знайсці здымак амаль аперанага птушаня новакаледонскай качуркі, які быў зроблены ў верасні 2014 году на Новай Каледоніі. А перавызначаныя скуркі віда з музейных калекцый сведчылі пра тое, што Маркізавы астравы (Marquesas Islands) і Самоа (Samoa) знаходзяцца па-за гнездавым арэалам віду.
Аднак інтэнсіўныя пошукі канкрэтнага месца гнездавання качурак на астравах Новай Каледоніі яшчэ не далі пазітыўнага выніку. Праблема тут у пераважна начным ладзе жыцця качурак, якія гняздуюць у норах на незаселеных людзьмі астраўках і там паводзяць сябе ціха і асцярожна. Даследчыкі правялі шмат начэй на большасці астраўкоў у паўднёвай лагуне Новай Каледоніі, аднак не бачылі і не чулі там качурак ніводнага разу. Але калі ацэнка колькасці віда правільная і адпавядае лічбе паміж 100 і 1000 пар, знайсці дакладнае месца ці месцы гнездавання, каб узяць іх пад ахову, будзе вельмі няпроста.
Крыніца: Vincent Bretagnolle et al (2022)Fregetta lineata (Peale, 1848) is a valid extant species endemic to New Caledonia, Bulletin of the British Ornithologists' Club. DOI: 10.25226/bboc.v142i1.2022.a6
Паводле www.phys.org (тэкст і здымкі Vincent Bretagnolle / CEBC / CNRS) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак новакаледонскай качуркі, які быў зроблены ў студзені 2020 г. у берагоў Новай Каледоніі.
На гэтую тэму:
Адна з самых рэдкіх птушак на Зямлі пераадкрытая на Багамах
Новы від птушак знік, не дачакаўшыся пацверджання відавога статусу
Тыбецкі горны ўюрок зноў адзначаны праз 80 год небыцця
Пераадкрыццё хмызняковага цвыркуна
Новаапісаны від птушак – самы рэдкі на Зямлі і захавацца яму дапамаглі снайперы?
Больш за 80% пераадкрытых відаў жывёл знаходзяцца пад пагрозай канчатковага знікнення
ДЗЕСЯЦЬ АСТРАЎНЫХ ВІДАЎ ПТУШАК, ЯКІХ МЫ СТРАЦІЛІ НАЗАЎСЁДЫ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ