Адна з самых рэдкіх птушак на Зямлі пераадкрытая на Багамах

Багамскі папаўзень або кавалік (Sitta insularis), які лічыўся зніклым пасля працяглага змяншэння колькасці і ўрагана Мэцью ў 2016 годзе, не толькі аднойдзены камандамі амерыканскіх даследчыкаў, але і трапіў на іх відэа. Аднак будучыня віда застаецца пад рэальнай пагрозай, бо навукоўцы змаглі знайсці толькі дзве (!) птушкі.

Багамскі папаўзень яшчэ не так даўно лічыўся эндэмічным падвідам амерыканскага папаўзня-крошкі (Sitta pusilla insularis) і сустракаецца толькі на востраве Grand Bahama ў мясцовых стараўзроставых сасновых лясах. Рэзкае змяншэнне колькасці птушак пачалося ў 1950-х гады пасля масавага знішчэння лясоў на востраве і хутка працягвалася ў апошнія дзесяцігоддзі. Некалі звычайны від птушак на Багамах, у 2004 годзе колькасць кавалікаў ацэнівалася ў прыкладна 1800 асобін, але вынікі падлікаў 2007 году далі толькі 23 птушкі! Пасля магутнага ўрагану, які прайшоў над архіпелагам ў 2016 годзе, птушак больш не бачылі і дзве каманды даследчыкаў сёлета вырушылі на іх пошукі.

Аспіранты універсітэту East Anglia (UEA) шукалі від і іншых эндэмікаў карыбскіх сасновых лясоў на працягу трох месяцаў разам з партнёрамі з арганізацыі Birdlife International і Bahamas National Trust, амаль адначасова з імі працавалі і мясцовыя студэнты з University of The Bahamas-North дзякуючы падтрымцы American Bird Conservancy. Абедзве групы адзначылі жывых кавалікаў ў траўні, а каманда з UEA нават здолела зняць кароткае відэа з папаўзнямі:

https://youtu.be/0eiy6yWxeqA

Для гэтага трэба было зрабіць праверкі з голасам кавалікаў на 464 уліковых пунктах у сасновых лясах на агульнай плошчы 34 тысячы гектараў. Адначасова навукоўцы апісвалі раслінныя і жывёльныя супольнасці ў гэтых месцах.

Першае назіранне каваліка адбылося толькі праз 6 тыдняў пошукаў і агулам іх атрымалася зрабіць толькі некалькі, прычым першая каманда даследчыкаў ні разу не бачыла адначасова двух птушак, а другой, якая шукала від незалежна ад першай пашанцавала больш і яны убачылі двух птушак. Аднак пол кавалікаў застаецца невядомым і гэтыя дзве птушкі могуць нават не быць парай.

Д-р Дзіяна Бел (Dr. Diana Bell) з UEA тлумачыць: “Хаця сапраўдныя прычыны амаль поўнага знікнення віду застаюцца незразумелымі, неабходнасць захавання мясцовых сасновых лясоў важная не толькі для спробы захавання багамскіх кавалікаў, але таксама некаторых іншых мясцовых відаў-эндэмікаў і таксама для некаторых відаў-мігрантаў з Паўночнай Амерыкі, якія тут зімуюць”.

 

Паводле www.phys.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Новы від птушак знік, не дачакаўшыся пацверджання відавога статусу

Тыбецкі горны ўюрок зноў адзначаны праз 80 год небыцця

Пераадкрыццё хмызняковага цвыркуна

Новаапісаны від птушак – самы рэдкі на Зямлі і захавацца яму дапамаглі снайперы?

На Зямлі афіцыйна зніклі яшчэ 13 відаў птушак

Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.

Яшчэ адзін від птушак знік у дзікай прыродзе?

Больш за 80% пераадкрытых відаў жывёл знаходзяцца пад пагрозай канчатковага знікнення  

Топ-10 самых рэдкіх вераб’іных птушак Свету

ДЗЕСЯЦЬ АСТРАЎНЫХ ВІДАЎ ПТУШАК, ЯКІХ МЫ СТРАЦІЛІ НАЗАЎСЁДЫ