На Мадагаскары адзначана птушка, якую не бачылі апошнія 24 гады

З пачаткам нашага стагоддзя апасенні наконт таго, што від увогуле знік, з кожным годам павялічваліся - апошнім пацверджаным назіраннем тусклай тэтракі (Xanthomixis tenebrosa) была рэгістрацыя ў 1999 годзе. Гэтую эндэмічную для Мадагаскара птушку апісаў амаль сто год таму (у 1925-м) знакаміты нямецкі арнітолаг Erwin Friedrich Theodor Stresemann (1889-1972) і вось цяпер яна фактычна была пераадкрыта.

Міжнародная экспедыцыя як частка The Search for Lost Birds initiative ў складзе прадстаўнікоў Re:wild, American Bird Conservancy (ABC) і BirdLife International прыляцела на востраў у лютым спецыяльна ў пошуках тэтракі і даследавала лясы ў паўночна-усходняй частцы вострава. Каб двойчы ўбачыць від фактычна ў тых самых мясцінах, дзе яе бачылі апошні раз (у 1999 годзе), даследчыкам спатрэбілася 9 дзён. Негледзячы на тое, што гэтыя лясы фармальна знаходзяцца пад аховай, навукоўцы ўбачылі там вялікія па плошчы высечкі і фермы па вытворчасці ванілі замест леса.

Цікава, што абедзве рэгістрацыі тэтракі адбыліся на берагах горнай рэчкі ў густым падлеску. John C Mittermeier, дырэктар ініцыятывы The Search for Lost Birds, сказаў: “Калі тусклая тэтрака заўсёды выбірала берагі рэк, гэта можа растлумачыць чаму від такі працяглы час заставаўся па-за нашай увагай. Справа ў тым, што бёрдынг у трапічным лесе – гэта заўсёды прыслухоўванне да песен птушак. І таму, натуральна, што вы пазбягаеце шмат часу праводзіць каля горных і хуткіх рэк, дзе вы не можаце пачуць нічога акрамя шуму вады”.

Lily-Arison Rene de Roland, якая працуе ў The Peregrine Fund, дадала: "Цяпер, калі мы зноў знайшлі тэтраку, мы лепш разумеем біятопы ў якіх сустракаецца від і зможам больш эфектыўна шукаць яе ў іншых частках Мадагаскару”.

На Мадагаскары жывуць 115 эндэмічных відаў птушак, з якіх больш за 40 маюць пагражаемы знікненнем статус МСАП (IUCN).

Галоўныя прычыны змяншэння біяразнастайнасці на востраве гэта знішчэннe лясоў, дэградацыя прыродных біятопаў, віды-інтрадуцэнты, змены клімату і паляванне. Навуковая ацэнка кажа, што прыкладна 40% мясцовых лясоў былі знішчаны паміж 1950 і 2000 гг..

Паводле www.birdlife.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Больш за 80% пераадкрытых відаў жывёл знаходзяцца пад пагрозай канчатковага знікнення  

Пераадкрыццё хмызняковага цвыркуна

Чарнагаловы бажанавы голуб ‘пераадкрыты’ праз 140 гадоў пасля апісання

Птушка, якую не бачылі пасля яе апісання больш 170 гадоў, аднойдзена ў Інданезіі!

Тыбецкі горны ўюрок зноў адзначаны праз 80 год небыцця