Дзякуючы сабраным больш, чым за 75 гадоў правядзення адловаў і кальцавання малых кіркуноў (Calidris minuta) на Ottenby Bird Observatory, якая знаходзіцца на самым поўдні вострава Öland (Швецыя), атрымалася адзначыць і ацаніць некаторыя негатыўныя змены.
Каманда арнітолагаў, якая займаецца вывучэннем птушак з дапамогай кальцавання на гэтым шведзкім востраве, размешчаным у Балтыйскім моры, выкарыстала для параўнання і аналізу дадзеныя па восеньскіх адловах віда, праведзеных паміж 1946 і 2020-м гадамі.
За гэты час на станцыі акальцавалі 4.791 малых кіркуноў, аднак колькасць адлоўленых штогод кулічкоў значна змяншалася. Медыянная колькасць маладых птушак зменшылася з 31 (у сярэднім з 74) ў 1946-99 гг да 1,5 (у сярэднім 3,5) у 2000-20-я гады. Рэзкае змяншэнне адлоўленых на станцыі кальцавання кулічкоў першага каляндарнага году жыцця пачалося ў сярэдзіне 1980-х гадоў, прычым іх медыянная колькасць у сезон пасля 1993 году ні разу не перавысіла 7 асобін.
Колькасць дарослых малых кіркуноў, адлоўленых на станцыі на працягу гэтых дзесяцігоддзяў, штогод заставалася невялікай і не атрымалася знайсці яўных трэндаў яе зменаў. Тым не менш, атрымалася паказаць значныя змены ў часе восеньскага пралёту віду праз поўдзень вострава Эланд і з’яўленне першых дарослых кулічкоў гэтага віду паміж 1946 і 2020-м гадамі стала ранейшым на 26 дзён. Аднак пралёт маладых птушак за гэты ж час прыспешыўся толькі на 9 дзён! Калі ўзгадаць, што вясновая міграцыя віда на поўдні Балтыкі не бывае масавай да апошняга тыдня мая, арнітолагі пішуць, што значна ранейшы пралёт дарослых птушак пад час іх міграцыі ў Афрыку можа азначаць павелічэнне долі птушак, у якіх гнездаванне скончылася непаспяхова на першых яго стадыях.
Агульная выснова артыкула па выніках даследаванняў гучыць наступным чынам: у апошнія дзесяцігоддзі яўна зменшыўся поспех гнездавання і размнажэння малых кіркуноў, што адлюстроўваецца не толькі на змяншэнні колькасці маладых птушак, але і больш рання восеньскай міграцыі дарослых кулічкоў.
Гэтая выснова пацверджваецца і на месцах гнездавання віда – так, на захадзе арэала малых кіркуноў у Паўночнай Нарвегіі, і на месцах зімоўкі ў Маўрытаніі і Намібіі адзначана змяншэнне іх колькасці.
Навукоўцы лічаць, што негатыўныя для віда змены найперш адбыліся на месцах гнездавання – падобныя змяншэнні колькасці адзначаны і ў іншых арктычных відаў кулікоў – напрыклад, у чырвонаваллёвікаў і каменешарак. Папярэднія даследаванні звязвалі поспех гнездавання чырвонаваллёвікаў з цыкламі колькасці лемінгаў у тундры. Пад час пікаў колькасці гэтых грызуноў былі адзначаны самыя паспяховыя сезоны гнездавання ў кулікоў і vice versa таму што ў такія гады драпежнікам не трэба было асабліва шукаць іншую здабычу, якой ў годы з мінімумам лемінгаў часта станавіліся гнёзды арктычных птушак.
Нізкія паказчыкі размнажэння птушак у Арктыцы звязаны таксама і з глабальным пацяпленнем, якое прыводзіць да ўсё большага несупадзення тэрмінаў вяртання туды птушак і часу іх гнездавання з пікамі даступнасці іх ежы.
Крыніца: Waldenström, J, van Toor, M, & Lindström, Å. 2023. Long-term trends in abundance, phenology, and morphometrics of Little Stint Calidris minuta during autumn migration in southern Sweden, 1946-2020. Ornis Svecica, 33, 30-48. DOI: https://doi.org/10.34080/os.v33.23489
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Чаму арктычныя кулікі апынуліся ў рэальных клопатах з-за пацяплення клімата
Марскія віды птушак у вялікіх клопатах
АРНІТОЛАГ АТРЫМАЎ 2,5 МІЛЬЁНЫ ЭЎРА ПРЭМІІ ДЛЯ ПРАЦЯГУ ВЫВУЧЭННЯ МІГРАЦЫЙ
Чаму птушкі вяртаюцца штогод усё раней?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ