Спадарожнікавыя передатчыкі выявілі асаблівасці міграцыі маладых сярэдніх кулёнаў

Міграцыйныя паводзіны маладых птушак хутчэй за ўсё развіваюцца дзякуючы цэламу комплексу фактараў, ад малекулярных механізмаў навігацыі і арыентацыі да сацыяльнага навучання. Параўнанне міграцыі дарослых і маладых птушак дапамагае зразумець магчымы ўнёсак розных фактараў і залежнасць ад іх.

Міжнародная каманда даследчыкаў паказала, што хаця маладыя сярэднія кулёны ісландзкага падвіду Numenius phaeopus islandicus таксама як і дарослыя птушкі ляцяць на месцы зімоўкі ў Заходнюю Афрыку безпасадачным пералётам, яны ў сярэднім адлятаюць пазней, ляцяць менш прамым шляхам і па дасягненні сушы, адпачываюць. У выніку агульны час іх міграцыі большы, чым у дарослых.

На Ісландыі гняздуе параўнальна вялікая папуляцыя сярэдніх кулёнаў - 256 тысяч пар (паводле ацэнкі 2016 году). Дзякуючы выкарыстанню спадарожнікавых перадатчыкаў на дарослых кулёнах, за апошнія гады атрымалася паказаць, што ўвосень яны ляцяць з Ісландыі на ўзбярэжжа Заходняй Афрыкі адзіным палётам, без пасадак і прыпынкаў, і яго адлегласць  складае да 6 тысяч км. Вясной, аднак, хаця траса пралёта выглядае падобнай і ён таксама можа адбывацца бесперапынна,  звычайна кулікі прыпыняюцца на адпачынак ад тыдня да двух перш, чым вярнуцца ў Ісландыю.

мапа

Трасы пралёта і іншыя асаблівасці міграцый маладых і дарослых сярэдніх кулёнаў з Carneiro et al. 2024 https://onlinelibrary.wiley.com/

Да пачатку правядзення даследаванняў мала што было вядома пра асаблівасці міграцыі маладых птушак. Таму навукоўцы ў 2021-22 гг размясцілі перадатчыкі на 13 кулёнах першага году жыцця. Сігналы з дакладнымі каардынатамі месцазнаходжання птушак перадаваліся кожныя 6 гадзін і такім чынам атрымалі дакладныя дадзеныя пра пералёты 11 асобін.

Аказалася, што маладыя сярэднія кулёны пачынаюць восеньскую міграцыю у сярэднім на 15 дзён пазней за дарослых. Таксама іх маршрут не такі прамы і калі яны далятаюць да ўзбярэжжа Заходняй Афрыкі, але яшчэ не да месца наступнай зімоўкі, яны прыпыняюцца там і часам не адзін раз.

Даследчыкі кажуць, што моладзь сярэдніх кулёнаў, якая пачынае сваю восеньскую міграцыю раней, можа ляцець у Афрыку разам з дарослымі птушкамі, аднак тыя, што ляцяць пазней, не могуць карыстацца досьведам дарослых. І адначасовае сачэнне за пералётамі маладых і дарослых асобін можа прадэманстраваць ролю сацыяльнага навучання пад час першай у жыцці міграцыі.

Крыніца: Carneiro C, Gunnarsson T G, Kaasiku T, Piersma T, and Alves J A, 2023 Icelandic Whimbrel first migration: Non‐stop until West Africa, yet later departure and slower travel than adults. Ibis. DOI: https://doi.org/10.1111/ibi.13282

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Аляксандра Эрдмана

 

На гэтую тэму:

Кулёны пачалі знікаць з-за знікнення мегафауны?

Самы стары ў Свеце сярэдні кулён паходзіць з Шэтландзкіх астравоў

Праляцець праз ураган і выжыць – рэальная гісторыя сярэдняга кулёна

Малы грыцук паставіў чарговы рэкорд безпасадачнага пералёту!