Праляцець праз ураган і выжыць – рэальная гісторыя сярэдняга кулёна

 

Дзякуючы выкарыстанню сучасных тэхналогій мы ўсё больш можам даведацца пра жыццё птушак. Многія атрыманыя звесткі папросту здзіўляюць сваёй неверагоднасцю. Чарговым героем газетных публікацый стаў сярэдні кулён (Numenius phaeopus) з Канады.

Птушка пасля сезону гнездавання пакінула востраў Саўфгэмптан (Southhampton) на поўначы Канады і даляцела на Багамскія астравы як раз, калі там пачаўся чарговы ўраган. На наступны дзень кулён, які атрымаў ад навукоўцаў імя Chinquapin, праляцеў праз цэнтр урагану і прызямліўся на востраве Eleuthera на Багамах.  

Навукоўцы доўгі час здзіўляліся здольнасці птушак выжываць пад час ураганаў. Адзін з галоўных шляхоў міграцыі паўночнаамерыканскіх птушак называецца Atlantic Flyway, ён ідзе ад Арктыкі на поўдзень праз усходняе ўзбярэжжа Атлантыкі і далей праз Карыбскае мора. З-за таго, што галоўныя штормы пачынаюцца тут пад час восеньскай міграцыі птушак, смяротнасць іх пад час ураганаў вельмі высокая. Аднак, як аказалася, гінуць далёка не ўсе віды.

Дзякуючы спадарожнікаваму перадатчыку, якім быў забяспечаны сярэдні кулён Chinquapin, стала вядома, што ў пачатку мінулага тыдня ён усё яшчэ адпачываў і харчаваўся на берагах вострава Eleuthera. Навукоўцы спадзяюцца, што хутка ён зноў адправіцца ў падарожжа і скончыць яго ў Сурынаме – дзе птушка зімавала і ў мінулым годзе.

Chinquapin – ветэран у пралёце праз ураганы. Ў 2010 годзе ён выжыў пасля палёту праз трапічны ураган Colin. А ў жніўні сёлета птушка паспяхова адолела ураган Gert у Паўночнай Атлантыцы. Самае цікавае, што кулён здолеў ляцець з сярэдняй хуткасцю каля 12 км у гадзіну супраць штармавога ветру на працягу ажно 27 гадзін! Аднак пасля таго, як птушка праляцела праз цэнтр урагану, дзякуючы моцнаму папутнаму ветру яе хуткасць павялічылася да 90 км у гадзіну. 

Chinquapin, якому цяпер каля 8 гадоў, быў злапаны на Багамах у 2010 годзе. Дэпартамент па прыродных рэсурсах Джорджыі (Багамскія астравы) забяспечыў яго спадарожнікавым перадатчыкам і кулік працягнуў свой вясновы палёт да месцаў гнездавання ў Канадзе. Сярэднія кулёны часта дажываюць да 10-ці гадовага ўзросту, іх паўночнаамерыканская папуляцыя ацэньваецца ў 40 тысяч асобін. Птушка мела каля 3 гадоў, калі яе злапалі на архіпелагу. Таму даследчыкі спадзяюцца, што яна яшчэ не раз здзівіць іх сваімі палётамі праз ураганы і штормы. 

Паводле  www.independentmail.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Самы стары ў Свеце сярэдні кулён паходзіць з Шэтландзкіх астравоў

  Амерыканскія бёдуотчары пратэстуюць

АРНІТОЛАГ АТРЫМАЎ 2,5 МІЛЬЁНЫ ЭЎРА ПРЭМІІ ДЛЯ ПРАЦЯГУ ВЫВУЧЭННЯ МІГРАЦЫЙ

АДКРЫТА МІГРАЦЫЯ КРУГЛАНОСАГА ПЛЫВУНЧЫКА, Ў ЯКУЮ ЦЯЖКА ПАВЕРЫЦЬ

ВЕРАБ’ІНЫЯ ПТУШКІ ВЕДАЮЦЬ ПРА ЎРАГАН ЗАГАДЗЯ 

НОВЫЯ ТЭХНАЛОГІІ ДАПАМАГАЮЦЬ АТРЫМАЦЬ ВАЖНЫЯ ДАДЗЕНЫЯ ДЛЯ АХОВЫ ПТУШАК