Вялікая міжнародная каманда навукоўцаў з Сінгапура, Нідэрландаў, Вялікабрытаніі, Швецыі і Канады зрабіла нечаканыя высновы адносна значнага скарачэння колькасці і генетычнай разнастайнасці кулёнаў. Даследчыкі лічаць, што знікненне мегафауны ў Паўночным паўшар’і мела не менш значнае ўздзеянне на гэта, чым дзейнасць чалавека.
Дэталёвыя генетычныя даследаванні, якія былі праведзены на матэрыяле ад 67 асобін усіх вядомых відаў кулёнаў, уключна са зніклымі ў гістарычны час відамі, дапамаглі не толькі ўпершыню стварыць філагенетычнае дрэва для гэтай групы кулікоў і ўсталяваць роднасныя сувязі паміж імі, але і зразумець якія падзеі ў гісторыі Зямлі маглі прычыніцца да значных зменаў колькасці і пашырэння кулёнаў.
Кулёны (Numenius) – гэта род параўнальна вялікіх кулікоў з доўгімі нагамі і доўгай, загнутай ўніз дзюбай, якія распаўсюджаны ў адкрытых ландшафтах пераважна ў Паўночным паўшар’і, дзе гняздуюць у тундры і на лугах. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што таксон утварыўся ад агульнага продка як раз пад час экспансіі такога тыпу экасістэм прыкладна 5 мільёнаў гадоў таму. Потым, на працягу ўсяго плейстацэну, негледзячы на цэлы шэраг пашырэння і адступлення ледавікоў, кулёны добра давалі сабе рады і прыкладна да 1,5 мільёна гадоў таму ўтвараліся новыя віды.
Аднак прыкладна 20 тысяч гадоў таму, пад час апошняга ледавіка, адбылося значнае змяншэнне колькасці кулёнаў па ўсяму Свету, якое працягваецца дагэтуль. У выніку два віды лічацца хутчэй за ўсё зніклымі: тонкадзюбы (N. tenuirostris) і эскімоскі кулён (N. borealis), яшчэ адзін – далёкаўсходні кулён (N. madagascariensis) знаходзіцца пад пагрозай знікнення і яшчэ 2 віды блізкія да атрымання гэтага статусу.
Паводле Tan et al. 2023 з www.elifesciences.org
Дагэтуль асноўнымі прычынамі значнага змяншэння колькасці і генетычнай разнастайнасці кулёнаў лічыліся кліматычныя змены і павелічэнне антрапагеннага прэсу. Аднак даследчыкі прапануюць іншае тлумачэнне і звязваюць параўнальна рэзкі пачатак адмоўных працэсаў для кулёнаў Паўночнага паўшар’я з выміраннем мегафауны, якое адбылося на прыканцы плейстацэну. Раслінаедныя маманты, зубры, туры, дзікія коні і іншыя шматлікія насельнікі адкрытага ландшафту эфектыўна падтрымлівалі адпаведную для сябе і гнездавання кулёнаў структуру расліннасці на вялікіх плошчах. Пасля іх знікнення і сыходу апошняга ледавіка, колькасць кулёнаў пастаянна змяншалася ажно да сярэдзіны галацэну.
Сённяшні вынік гэтага наступны: толькі амерыканскі кулён (N. americanus) мае параўнальна вялікую колькасць, якая, тым не менш, таксама змяншаецца. У значна лепшай сытуацыі былі 4 віды тундравых кулёнаў, месцапражывання якіх увесь час існавала, толькі змяняючы пад час чарговых пахаладанняў і пацяпленняў свой абшар з поўдня на поўнач і наадварот (акрамя Паўночнай Амерыкі, дзе гэта адбывалася больш складаным шляхам). З гэтай групы толькі аляскінскі кулён (N. tahitiensis) мае вялікія праблемы, а сярэдні кулён (N. phaeopus) на сёння застаецца самым шматлікім прадстаўніком роду.
Няма сумневаў, што дзейнасць чалавека таксама аказала і працягвае аказваць ускосны і наўпроставы ўплыў на знікненне кулёнаў і змяншэнне іх колькасці. Але так было не заўсёды. Генетычныя дадзеныя кажуць пра тое, што ў познім галацэне генетычная разнастайнасць кулёнаў стабілізавалася. Дакладна ў гэты час наступіла рэзкае развіццё і пашырэнне жывёлагадоўлі і земляробства. Утвараючы палеткі і пашы і падтрымліваючы іх існаванне, людзі фактычна замянялі раслінаедных прадстаўнікоў мегафауны і стваралі для кулёнаў адпаведныя ўмовы для гнездавання. Прынамсі так было яшчэ да канца мінулага стагоддзя.
Аднак значная інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі ў краінах ЕЗ з выкарыстаннем пестыцыдаў, пашырэннем монакультур, трыманнем быдла на фермах без выпасу, прычыняецца да знікнення адпаведных для гнездавання кулёнаў месцапражыванняў. А легальнае паляванне на іх пад час міграцыі і зімоўкі – напрыклад, у Францыі, наўпрост змяншае іх колькасць.
Крыніца: Tan, H.Z,; Jansen, J.J.F.J.; Allport, G.A.; Garg, K.M.; Chattopadhyay, B.; Irestedt, M.; Pang, S.E.H.; Chilton, G; Gwee, Ch.Y i Rheindt, F.E. 2023. Megafaunal extinctions, not climate change, may explain Holocene genetic diversity declines in Numenius shorebirds. eLife 12:e85422. https://elifesciences.org/articles/85422
Паводле Ornitofrenia падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Сярэдні кулён на здымку Аляксандра Эрдмана
На гэтую тэму:
Дзе гняздуе птушка-прывід – тонкадзюбы кулён?
Генетычны аналіз пацвердзіў, што тонкадзюбы кулён – асобны від
Амерыканцы спадзяюцца знайсці эскімоскага кулёна
Бёдуотчары шукаюць кулёна, якога ніхто не бачыў з 1999 году
BRITISH BIRDS: ЛЕГАЛЬНАЕ ПАЛЯВАННЕ НА ПТУШАК У ЕЎРАЗВЯЗЕ І ЯГО ЎЗДЗЕЯННЕ НА ПАГРАЖАЕМЫЯ ВІДЫ
Танкадзюбы кулён выкрэслены са Спісу птушак Вялікабрытаніі
Самы стары ў Свеце сярэдні кулён паходзіць з Шэтландзкіх астравоў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ