Навукоўцы і актывісты аховы прыроды, якія працуюць над захаваннем вяртлявай чаротаўкі (Acrocephalus paludicola), - ёй пагражае знікненне ў глабальным маштабе, паведамілі пра супрацьлеглыя па кірунку трэнды ў віда, адзначаныя імі ў мінулым, 2025-м годзе.
Упершыню ацэнка памеру сусветнай папуляцыі зменшылася да 4-5 тысяч самцоў (вяртлявыя чаротаўкі не ўтвараюць пары, таму іх колькасць улічваюць і ацэньваюць у спяваючых самцах, якіх значна лягчэй падлічыць, чым самак). Гэта гістарычны мінімум і яго звязваюць найперш з засушлівым гнездавым сезонам і маштабнымі пажарамі на некаторых ключавых месцах гнездавання ў 2025 годзе як раз перад пачаткам сезону размнажэння.
Аднак пад час улікаў, праведзеных на прыканцы вясны і ў пачатку лета ў Літве, было адзначана 376 спяваючых самцоў вяртлявай чаротаўкі - столькі іх тут не было больш, чым два дзесяцігоддзі. Гэта ў тры разы больш, чым улічвалі ў краіне ў сярэднім у любы год у 2010-я гады. Такі поспех дасягнуты дзякуючы аднаўленню самых важных для віда месцапражыванняў (асаковых балот) ў дэльце Нёмана і ў біясферным рэзерваце Жувінтас (Žuvintas), а таксама маштабным транслакацыям птушанят з Беларусі. [Вельмі магчыма, што частка самцоў пасля пажараў на нізінных балотах у пойме Бебжы ў Паўночна-Усходняй Польшчы, што параўнальна недалёка ад Літвы, пераляцела як мінімум на частку сезону гнездавання ў гэтую краіну. - ДзВ]
Вяртлявая чаротаўка - адзін з самых рэдкіх відаў далёкадыстанцыйных мігрантаў сярод вераб’іных птушак у Еўропе, які ў апошнія дзесяцігоддзі знік на гнездаванні ў Венгрыі і Германіі і застаўся толькі ў Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве. Галоўныя прычыны знікнення - знішчэнне (асушэнне) месцаў гнездавання, якімі з’яўляюцца некаторыя тыпы асаковых балот, а таксама змены ранейшых метадаў гаспадарання на іх, з-за якіх адкрытыя нізінныя балоты пачалі зарастаць хмызняком і дрэвамі і становяцца больш непрыдатнымі для гнездавання віду.
Аптымістычная частка адносна вынікаў мінулага году - гэта поспех праграм па транслакацыі віда на былыя месцы гнездавання. Дзякуючы птушанятам з самай вялікай лакальнай папуляцыі вяртлявай чаротаўкі ў Свеце на балоце Званец у Беларусі, якія былі перавезены ў Літву і пачалі вяртацца туды ў наступныя за транслакацыяй гады, хутчэй за ўсё атрымаецца распаўсюдзіць гэты метад больш шырока.
Праект LIFE4AquaticWarbler у 2026-м годзе і іншыя падобныя ініцыятывы збіраюцца пашырыць транслакацыю птушанят і яна будзе звязана з аднаўленнем былых і магчымых месцапражыванняў, а таксама адсочваннем міграцыі і ўлікамі віду.
Экстрэмальныя вясновыя засухі і пажары на месцы традыцыйна вялікіх гнездавых папуляцый чаротавак Польшчы і Украіне ў 2025-м годзе паднялі пытанне пра магчымыя небяспекі і ў іншых месцах (у Польшчы ў Бебжанскім нацпарку вясной мінулага году выгарэла каля 500 га нізінных балот). Пасля параўнальна стабільнай колькасці спяваючых самцоў на ўзроўні 10-12 тысяч на працягу двух дзесяцігоддзяў, апошнія 8-10 гадоў адзначаецца моцны негатыўны трэнд. Ён дэманструе, што вынікі нават маштабных міжнародных праектаў па ахове могуць быць перакрэслены экстрэмальнымі ўмовамі надвор’я і змяншэннем плошчы месцапражыванняў віду.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Сяргея Зуёнка
На гэтую тэму:
Самы смелы праект па выратаванні вяртлявай чаротаўкі паспяхова працягваецца
Альманы - балота пад грыфам “сакрэтна”
Дзе зімуюць і як туды ляцяць вяртлявыя чаротаўкі з Літвы і Паўночнай Беларусі
Міграцыя вяртлявых чаротавак і значэнне для птушак магчымых месцаў адпачынку ў Сахары
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ