“Парадак на зямлі” не змяняе поспех размнажэння, але змяншае выжывальнасць дарослых палявых вераб’ёў

палявы верабей

Урбанізацыя - адзін з галоўных працэсаў, які прыводзіць да змяншэння біяразнастайнасці і біялагічнай аднастайнасці (biotic homogenisation) з-за свайго адмоўнага ўздзеяння на прыроднае асяроддзе, уключна з яго забруджваннем, фрагментацыяй і наўпроставым знішчэннем зялёных зонаў.

Негледзячы на гэтыя выклікі, біяразнастайнасць застаецца важнай для гарадзкога асяроддзя, забяспечваючы нам неабходныя для жыцця экасістэмныя функцыі (паслугі) і дабрабыт людзям. Такім чынам, разуменне таго, як гарадзкое жыццё ўздзейнічае на прыродныя элементы, крытычна неабходнае для таго, каб дасягнуць больш устойлівага гарадзкога асяроддзя. У гэтым кантэксце як кароткачасовыя змены (рэгулярнае скашванне травяністай расліннасці, высечка ці ‘утварэнне кроны’ дрэвам), так і доўгачасовыя змены палітыкі ў гэтым пытанні, павінны быць адпаведна ацэнены каб зразумець іх уздзеянне на гарадзкую біяразнастайнасць.

Палявы верабей (Passer montanus) - аселы від рачных поймаў і пераважна вясковай мясцовасці, які адаптаваўся да жыцця ў гарадзкім асяроддзі і гняздуе ў зялёных зонах у Гішпаніі. Такія месцы забяспечваюць вераб’ёў нішамі для гнездавання (звычайна пад дахоўкамі) і нізкаякаснай ежай. У адрозненне ад вераб’ёў іншых відаў, палявыя ахвотна гняздуюць і ў дуплянках, што і было выкарыстана ў даследаванні каманды гішпанскіх арнітолагаў.

Палявыя вераб’і ‘падымаюць на крыло’ ад 1 да 3 вывадкаў за сезон, прычым у кладцы ў сярэднім 5 яек. Раней яны былі шматлікімі і шырока распаўсюджанымі на Іберыйскім паўвостраве, але за апошнія 20 гадоў колькасць птушак зменшылася на 13,5 % і від тут атрымаў статус ‘амаль пагражаемы’ (near threatened). Даследаванне праводзілася на працягу 19 гадоў (2004–22) на 5 тэрыторыях у самім Мадрыдзе і яго прадмесцях (Гішпанія) на аснове маніторынгу дуплянак і кальцавання птушак у кожнай з 5 абраных тэрыторый-зялёных зонаў. Гэтыя тэрыторыі адрозніваліся ўзроўнем кіравання імі - ад інтэнсіўнай (рэгулярнае скашванне расліннасці і арашэнне) да мінімальнай (з мінімальным ці выпадковым ўмяшальніцтвам).

Каб вызначаць залежную ад узросту выжывальнасць вераб’ёў, даследчыкі выкарыстоўвалі уніфікаваную для ўсіх тэрыторый методыку пераадлову закальцаваных птушак (capture–mark–recapture). З дапамогай пакету GLMM навукоўцы вызначалі імавернае ўздзеянне ўзроўню дзейнасці (або бяздзейнасці) чалавека ў зялёных зонах на розныя паказчыкі размнажэння вераб’ёў: поспех гнездавання, памер кладкі, памер вывадку, колькасць злёткаў, колькасць вывадкаў у тым самым сезоне і іншыя). Аказалася, што тэрыторыі з інтэнсіўным уздзеяннем чалавека на расліннасць змяншаюць выжывальнасць дарослых птушак, але не птушанят і маладых. І хаця было знойдзена, што поспех гнездавання, памер кладак і колькасць вывадкаў былі большыя на тэрыторыях з невялікім узроўнем кіравання зялёнымі зонамі чалавекам, аднак не было розніцы ў памеры вывадкаў і колькасці злёткаў у іх. І як вынік поспех размнажэння птушак на розных тэрыторыях не адрозніваўся.

Такім чынам, палявыя вераб’і прадэманстравалі розныя стратэгіі і пластычнасць з дасягненнем аднолькавага поспеху размнажэння без залежнасці ад дзеянняў чалавека ў наваколлі. Тым не менш, птушкі плацяць за гэта змяншэннем выжывальнасці ў дарослым жыцці і кіраванне зялёнымі зонамі ў сённяшнім выглядзе трэба прызнаць негатыўным фактарам для іх. Яно яўна не вядзе да ўстойлівасці прыродных элементаў у нашых паселішчах і неабходны кардынальныя змены ў падобных практыках для падтрымання біяразнастайнасці ў гарадах.

Крыніца: Martínez-Miranzo, B.; López-García, A.; Payo-Payo, A.; Aguirre, J.I.; Banda, E. 2026 Fitness Consequences of Urban Green Space Management in Eurasian Tree Sparrow (Passer montanus) in Madrid, Spain. Urban Sci. 10:229 https://doi.org/10.3390/urbansci10050229 

Паводле www.mdpi.comпадрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

На гэтую тэму:

Гарадзкія птушкі жывуць даўжэй, але іх жыццёвы патэнцыял значна горшы

У лясах унутры гарадоў нашмат меншая відавая разнастайнасць птушак

Гарадзкія шулякі-карагольчыкі больш паспяховыя

Вялікая і сіняя сініцы: жыццё ў горадзе не такое яркае?

Гарадзкія і негарадзкія вялікія сініцы адрозніваюцца генетычна

Чаму шэрыя вароны перабраліся на гнездаванне ў гарады?