Знойдзена выкапнёвая птушка-баец

Старажытная нелятаючая птушка з Ямайкі выкарыстоўвала свае крылы каб змагацца з драпежнікамі і сапернікамі. Косткі крылаў гэтага ямайскага ібіса Xenicibis xympithecus ператварыліся ў сапраўдныя дубінкі і непадобныя на нічога, што цяпер вядома для птушак, звяроў, рэптылій ці амфібій.

Навукоўцы, якія знайшлі гэтыя дзіўныя выкапнёвыя косткі, пішуць пра гэта ў часопісе  Royal Society journal Proceedings B. Цікава, што знаходка была зламаная “дубінкамі” іншай птушкі.
Нелятаючыя ібісы яшчэ жылі на Ямайцы нават 10 тысяч гадоў таму. Знойдзеныя парэшткі выразна паказваюць, што пясць (metacarpus) у гэтага віду – адна з костак крыла – была падоўжаная і нашмат даўжэйшая, чым у блізкіх відаў, акрамя таго яна ў некалькі разоў больш тоўстая. Гэта дазваляла птушкам выкарыстоўваць крылы ў якасці ўдарнай прылады, пішуць даследчыкі ў артыкуле.
"Мы не ведаем, як насамрэч выкарыстоўвалі такія крылы тагачасныя ібісы, аднак ведаем, што сучасныя віды пад час патасовак дзюбаюць адно аднаго і стараюцца стукнуць крыламі” – сказаў Нікалас Лонгрыч (Nicholas Longrich) зуніверсітэту Йейл (Yale University), ЗША.
"Мы прааналізавалі 2 такія косткі, якія былі зломаныя пад час бою, уключна з плячом (humerus), якое было зламанае напалову і пачало зрастацца, але не зусім правільна”.
Д-р Лонгрыч – калега Сторса Олсена (Storrs Olson) з інстытуту Smithsonian, які з іншымі навукоўцамі апсісаў выкапнёвага ібіса яшчэ ў 1970-я гады.
 

Косткі крыла выкапнёвага ібіса Xenicibis xympithecus (зверху) і для параўнання крыло блізкага віду ібіса - Eudocimus albus.

На сёння вядомы некалькі відаў птушак, якія абараняюць сябе або патомства з дапамогай крылаў. Самыя вядомыя з іх – лебедзі. У пеламедэй, шпорцавых кнігавак і гусей нават утварыліся адмысловыя вострыя касцяныя вырасты на крылах, якія могуць у выпадку сутыкнення з ворагамі або сапернікамі нанесці сапраўдныя раны.
Знікнулы ўжо ў гістарычны час блізкі крэўны дронта додо – так званы дронт-пустэльнік з вострава Радрыгес, таксама меў на сваіх крылах трошкі падобныя вырасты, якія маюць назву "musketballs" і служылі птушкам для гэткіх жа мэтаў.
"Аднак сярод прадстаўнікоў хрыбетных мы не ведаем нікога, чыя б канечнасць ператварылася б нешта падобнае да сапраўднай дубінкі” - сказаў Олсан. Цікава, што ў адрозненне ад іншых нелятаючых відаў птушак, ямайскі ібіс меў параўнальна доўгія крылы, што рабіла магчымы ўдар такім крылом яшчэ мацнейшым. 


Паводле www.news.bbc.co.uk (малюнкі і тэкст) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

На гэтую тэму:
Птушкі Марока з пліяцэну

МОА. Апошнія птушкі-гіганты.

Знойдзены парэшткі пелікана, якому 30 мільёнаў гадоў

Новыя віды выкапнёвых птушак

 На востраве хобітаў знойдзены парэшткі вялізарнага марабу