Новы аналіз таксонаў, якія ўваходзяць у надсямейства Sylvioidea, якое ўключае між іншым ластавак, жаўрукоў, бюльбюляў, сініц-апалоўнікаў, лесак і белавочак, у выніку скончыўся прапановай вылучэння трох новых сямействаў.
Філагенетычныя сувязі ў гэтай групе доўгі час былі прадметам дэбатаў, асабліва пасля таго, як існаванне надсямейства было пацверджана ў рабоце Sibley & Ahlquist. Традыцыйна сямейства Лескавыя Sylviidae – лескі Старога Свету – лічылася неаднародным, бо ў яго склад уключалі группы, якія не з’яўляюцца філагенетычна блізкімі таксонамі. Папярэднія прапановы па складу гэтага сямейства аўтарства Alström’а вылучалі нават 10 сямействаў, пры чым сапраўдныя лескі Sylvia ўключаліся разам з баблерамі ў сямейства Тымеліевых Timaliidae.
Цяпер было зроблена больш тонкае параўнанне генетычных адрозненняў, выкарыстоўваючы мітахандрыяльны маркер (адзінкавы ген, які звязваецца з вядомай фізічнай ці фенатыпічнай рысай віду) разам з 6 генетычнымі ядзернымі маркерамі ад 76 відаў – прадстаўнікоў традыцыйнага вялікага сямейства.
І хаця засталіся не да канца зразумелыя факты, якія патрабуюць далейшых даследаванняў, аднак ясна вылучыліся тры дадатковыя сямействы: Скотацеркавыя Scotocercidae (скотацеркі з Паўночнай Афрыкі і Сярэдняга Ўсходу), Erythrocercidae (афрыканскія жоўтыя валасяніцы) і Macrosphenidae (доўгадзюбы Macrosphenus і Amaurocichla, сільвіетты Sylvietta і т.зв. травяныя птушкі Megalurus, шырока распаўсюджаныя ў Афрыцы, Азіі і Аўстраліі).
Атрыманы таксама дадзеныя, якія патрабуюць удакладнення, аб мэтазгоднасці вылучэння сямейства Hyliidae, якое уключае гіліяў і фолідорнісаў – афрыканскіх птушак, якіх раней неабаснавана уключалі ў сямейства Cettidae.Нечакана блізкія філагенетычныя сувязі былі адкрытыя паміж вусатымі сініцамі (Panuridae) і жаўруковымі (Alaudidae). Аўтары таксама рэкамендуюць вывесці з надсямейства Sylvioidea наступныя сямействы: Сініцавых Paridae, Рэмезавых Remizidae і Стэнасціравых Stenostiridae.
Зусім незразумелым - incertae sedis - засталoся становішча трох відаў суб-сахарскіх вераб’іных птушак з роду Nicator. Іх філагенетычныя сувязі ў надсямействе не прагледжваюцца.
Крыніца:
Fregin, S, Haase, M, Olsson, U and Alström, P. 2012. New insights into family relationships within the avian superfamily Sylvioidea (Passeriformes) based on seven molecular markers. BMC Evolutionary Biology 12 doi:10.1186/1471-2148-12-157.
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Джунглевыя баблеры (Turdoides straitus) на здымку Дзьмітрыя Вінчэўскага
На гэтую тэму:
Створана “Дрэва жыцця” для ўсіх відаў птушак
Сучасных птушак менш відаў, чым думалі
Адзін від амерыканскіх лесак падзялілі на чатыры
Генетыка дапамагае адкрыць невядомую папуляцыюПараўнальная генетыка крумкачовых – новы этап
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ