Новая надзея для двух самых рэдкіх кулікоў на Зямлі

 Міжнародная каманда даследчыкаў змагла налічыць на пралёце на ўзбярэжжы Кітая рэкордную колькасць кулічкоў двух відаў, якія маюць статус глабальна крытычна пагражаемых: ахоцкіх кулікоў-селянцоў (Tringa guttifer) і кулікоў-лапатнёў (Eurynorhynchus pygmeus).

З 15 па 19 кастрычніка навукоўцы з пула прыродаахоўных арганізацый 'SBS in China' (SBS =Spoon-billed Sandpiper = кулік-лапацень), адзначылі 140 кулічкоў гэтага віду і 1200 ахоцкіх кулікоў-селянцоў, якія адпачывалі на ўзбярэжжы Rudong y правінцыі Jinagsu.

"Магчыма, што мы назіралі ўсіх птушак абодвух рэдчайшых відаў кулікоў, якія харчаваліся на вельмі прадуктыўных прыліўных узбярэжжах Rudong’а", сказаў д-р Найгел Клэрк (Dr Nigel Clark) з Брытанскага арніталагічнага траста (British Trust for Ornithology (BTO)), падкрэсліваючы выключную значнасць гэтых мясцін для выжывання абодвух відаў. 

Прадстаўнікі лакальных і правінцыйных уладаў ужо абвесцілі стварэнне рэзервату на месцы масавага адпачынку кулікоў-лапатней пад час сэмінару, які адбыўся адразу пасля правядзення ўлікаў. “Гэта гістарычны момант у ахове віду. Упершыню з пачатку актыўных дзеянняў, якія мы праводзім з 2000 г., мы можам мець абаснаваную надзею на тое, што від атрымаецца захаваць” – падсумаваў сытуацыю д-р Крыстоф Цёклер (Dr Christoph Zöckler), кардынатар SBS Task Force, які арганізаваў улікі на 120 км узбярэжжа паміж месцамі Dongtai і Rudong і сэмінар разам з кітайскімі партнёрамі Jing Li і Tong Menxiu.

Многія найбольш важныя для пралётных птушак месцы ўзбярэжжаў у правінцыі Jiangsu могуць быць знішчаныя пад сельскагаспадарчыя землі, будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў ці пад рэкрэацыю. Таму важна атрымаць падтрымку па стварэнню тут рэзерватаў на нацыянальным узроўні. 

Важна нагадаць, што апошнія аценкі сусветнай папуляцыі ахоцкага куліка-селянца былі ў межах 250-500 (1000) дарослых птушак, а самыя аптымістычныя для куліка-лапатня - ў 120-200 гняздуючых пар. 

Здымак з www.pbase.com

Паводле www.birdlife.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

 

На гэтую тэму:

ДЗЕТКІ Ў АБАРОНУ КУЛІКА-ЛАПАТНЯ = JOURNEY OF SPOON-BILLED SANDPIPER - VIDEO

ФІЛЬМ ПРА РАТАВАННЕ ЛАПАТНЯ - САМАГА РЭДКАГА КУЛІКА НА ЗЯМЛІ (+VIDEO)

 Новыя рэкорды куліка-каменешаркі

БАТАЛЁНЫ ЎСЁ ЧАСЦЕЙ ВЫБІРАЮЦЬ БЕЛАРУСЬ