Паміж т.зв. старым і новым мастамі на Нёмане засталіся зімаваць ад 5 да 7 шэрых чапляў (Ardea cinerea). Параўнальна часта паміж імі адбываліся розныя па інтэнсіўнасці сутычкі, пра якія я як небудзь раскажу асобна. Адна, а часам дзве з іх выбіралі пад месца адпачынку (а часам і палявання) востраў перад новым мастом і пратокі ракі з абодвух яго бакоў.
Калі марозы ў рэшце рэшт змаглі цалкам скрыць воду пад ільдом з аднаго боку вострава, адна з чапляў стала адпачываць далёка ад незамёрзлай пратокі бліжэй да цэнтру ледзянога покрыва. І менавіта з ёй здарыўся цікавы выпадак, які мне пашчасціла назіраць з камерай у руках.
У добры мароз, ды яшчэ пад час адпачынку, найлепш максімальна зменшыць паверхню цела, праз якое траціш цяпло і чапля схавала адну нагу і шыю ў пер'і і старалася не рухацца. Хутчэй за ўсё яе ўвага да наваколля зменшылася і яна позна адрэагавала на палёт некалькіх качак над сабой. Качкі ж таксама не пералятаюць у мароз без нагоды і гэта нагода магла скончыцца для адной з іх гібеллю, бо ад новага маста над ракой ляцеў дарослы, з белым хвастом, арлан-белахвост (Haliaetus albicilla).
Чаплі, якая яўна зразумела небяспеку свайго становішча па сярэдзіне ракі без магчымасці схавацца ў расліннасць або адляцець (на гэта ўжо не было часу, а падставіццца арлану ў палёце нашмат лягчэй, чым на льду), заставалася толькі сустрэць арлана 'тварам у твар', або дзюбай у дзюбу. Яна развярнулася на 1800, стала на абедзьве нагі і максімальна ўверх выцягнула шыю з доўгай і вострай дзюбай.
Наўрацці арлан мог не заўважыць чаплю, але праляцеў над ёй, а бліжэй за парта да яго далучыліся некалькі шэрых варон (Corvus corone cornix). І так, з крыклівым экскортам, ён і паляцеў далей уверх па плыні Нёмана.
Як ні дзіўна, калі небяспека мінула, чапля прыняла сваю папярэднюю позу і не змяніла месца адпачынку на сярэдзіне ракі.
Гродна, 11-01-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ