Маштабнае даследаванне: ветраныя паркі нават у моры вельмі небяспечныя для птушак

Птушкі і ветракі

Некалькі апошніх гадоў навукоўцы сабралі розныя доказы пра небяспекі для птушак і кажаноў т.зв. ветравых турбінаў, размешчаных на сушы. І вось новае даследаванне, праведзенае на ветравым энергапарку ў моры і апублікаванае нядаўна ў навуковым часопісе Biology Letters падрабязна тлумачыць, чаму нават там ветракі вельмі небяспечныя і менавіта для драпежных птушак.

Арлы, арланы. канюхі, каршуны, луні, шулякі і сокалы – ўсе гэтыя драпежныя птушкі “прыцягваюццца” энергаветракамі і могуць стаць ахвярамі іх вострых лапасцей.

Розныя параметры палётаў птушак адсочваліся з дапамогай лазерных прыладаў (laser range finders) і радараў пад час восеньскіх міграцый 2010 і 2011 гг. недалёка ад  ўзбярэжжа Балтыйскага мора на востраве Lolland (Данія), на якім размешчаны парк энерга-ветракоў пад назвай  Rødsand II. Гэты комплекс ветравых электрастанцый з’яўляецца, разам з першай і троху больш старэйшай яго чаргой, адным з найбуйнейшых у Свеце. Праект разам з пабудовай аценьваўся ў 554 мільёны даляраў і быў ажыццеўлены ў 2008-10 гг.  Парк энерга-ветракоў можа генерыраваць 800 мільёнаў Кв-гадзін электраэнэргіі ў год і пакрывае 2% патрэбнасцяў Даніі.

Даследаванні ажыццяўляліся вялікай групай навукоўцаў з універсітэту горада Aarhus, кансультацыйнага агенства DHI і іншых устаноў.

Амаль палову часу назіранняў (49%) драпежныя птушкі (як аб’яднаная група розных відаў) мігрыравалі ў бок ветракоў у параўнанні з палётам у бок сушы ў 22,8 і 17,2% у двух іншых падобных кантрольных месцах, у якіх ветракоў не было.

Самымі пагражаемымі аказаліся сокалы, якія ляцелі ў бок ветравых турбін у 65% выпадкаў пад час назіранняў, а таксама луні – ў 54%. На кантрольных участках без ветракоў такіх выпадкаў для гэтых таксонаў не назіралася ўвогуле!

Драпежныя птушкі – як і некаторыя іншыя птушкі з пераважна лунаючым палётам - пад час міграцыі звычайна выбіраюць для пералётаў праз моры вузкія пралівы або перашыйкі. Яны таксама выкарыстоўваюць узбярэжжы і астравы, таму што для лунаючага палёту ім неабходныя тэрмікі (узыходзячыя патокі паветра, якія ўзнікаюць ад нераўнамернага прагрэву зямной паверхні і немагчымыя над морам). Высокія пабудовы могуць разглядацца драпежнымі птушкамі таксама як зручныя прысады для адпачынку і палявання. На жаль, некалькі такіх актыўна выкарыстоўваемых птушкамі пад час міграцыі вузкіх месцаў таксама забудаваныя або забудоўваюцца ветракамі ў паўночна-заходняй частцы Еўропы.

Ветракі ў моры ўяўляюць найбольшую небяспеку для драпежных птушак у час непагадзі. Асабліва прыцягальнымі ветракі былі пад час моцных вятроў. Хутчэй за ўсё драпежныя птушкі адчуваюць там сябе больш бяспечна, бо могуць у кожны момант выкарыстаць ветрак як “бяспечную прысаду”.

У падсумаванні навукоўцы пішуць, што знойдзеныя атрактыўныя для драпежных птушак якасці ветракоў, размешчаных у моры, ўяўляюць вялікую небяспеку патэнцыйным павелічэннем сутыкненняў птушак з лопасцямі ветракоў. Таму пры планаванні размяшчэння такіх аб’ектаў у моры перш павінны даследавацца шляхі масавых міграцый менавіта гэтай групы птушак.  

У супрацьлегласць гэтаму, марскія віды птушак пазбягаюць падлятаць да турбін у моры.

Гэнрык Сков (Henrik Skov) з кансультацыйнага агенцтва  DHI, тлумачыць гэтыя выразныя адрозненні наступным чынам: “Хутчэй за ўсё драпежныя птушкі баяцца ляцець працяглы  час над адкрытай вадой і адчуваюць меншую небяспеку пад час палёту пасярод ветракоў, якія стаяць у моры. Тады як марскія птушкі – такія, як чайкі – адчуваюць сябе ў адкрытым моры “як дома””.

Паводле www.dailymail.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

На гэтую тэму:

Перамога арлоў і арланаў: суд у ЗША адмяніў “правіла 30 гадоў”

Ветраныя турбіны маюць кепскі для прыроды колер?

Арлы, спадарожнікі і ветракі

На вятраках гіне ўсё больш птушак і кажаноў

Значная перамога на карысць птушак

Першы абвінаваўчы прысуд супраць фермы ветракоў

Турбіны коштам арлоў не будуюць

Не – энергіі коштам жыцця птушак

Гусі здольныя аблятаць ветраныя электрастанцыі