Новае даследаванне раскрыла нечаканыя аспекты міграцыі арлоў-маркутоў (Aquila chrysaetus) у Паўночнай Амерыцы, знойдзеныя дзякуючы выкарыстанню сучасных тэхналогій.
Звычайна міграцыя- адзін з самых цяжкіх перыядаў у жыцці многіх відаў птушак і зразумела, што яны стараюцца аптымізаваць яе. Таму было вялікім сюрпрызам адкрыць, што больш старыя і дасведчаныя арлы-маркуты мігрыруюць у больш цяжкіх умовах надвор’я і менш часу праводзяць “на зямлі”, чым маладзейшыя і менш дасведчаныя птушкі. Аднак магчыма, што гэта мае важкую прычыну – старэйшыя арлы максімальна па часе прыстасоўваюцца да гадавання новага пакалення.
Каманда навукоўцаў выкарыстала трэкі з GPS-перадатчыкаў амаль 90 арлоў-маркутоў з усходу Паўночнай Амерыкі і параўнала даты міграцый, узрост птушак і ўмовы надвор’я. Не было здзіўленнем, што птушкі ляцелі хутчэй і на большыя адлегласці калі мелі спадарожны вецер і пагоду на сваім шляху з магчымасцю карыстацца тэрмікамі (узыходзячымі патокамі паветра). Аднак старэйшыя птушкі выкарыстоўвалі менш падыходзячыя ўмовы для далейшых пералётаў і таму мігрыравалі агулам больш павольна.
Навукоўцы тлумачаць, што дарослыя птушкі вымушаныя пачынаць сваю адваротную вясновую міграцыю на поўнач раней, таму што імкнуцца заняць там найлепшыя тэрыторыі для размнажэння і вымушаныя часам ляцець у зусім неспрыяльных для гэтага умовах. “Тады як маладыя арлы не патрабуюць уласных тэрыторый, каб пражыць лета і таму ляцяць толькі тады, калі умовы для пералётаў лунаючым палётам найлепшыя” – кажа Тодд Кацнэр (Todd Katzner), адзін з даследчыкаў.
Акрамя таго, большы жыцёвы досвед старых птушак дапамагае ім паспяхова ляцець нават у неспрыяльных умовах ранняй вясны ці позняй восені- пасля таго, як іх патомства ўжо стане больш самастойным.
Крыніца:
Rus A I, Duerr A E, Miller T A, Belthoff J R & Katzner T E. 2017. Counterintuitive roles of experience and weather on migratory performance.The Auk: July 2017, Vol 134 - 3, pp 485-497, doi: http://dx.doi.org/10.1642/AUK-16-147.1
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Алы Эрдман
На гэтую тэму:
Перамога арлоў і арланаў: суд у ЗША адмяніў “правіла 30 гадоў”
Найстарэйшы арол знойдзены мёртвым
Міграцыі ўкарачваюць жыццё птушак
Стэпавы арол пад наглядам спадарожнікаў
Арнітолаг атрымаў 2,5 мільёны эўра прэміі для працягу вывучэння міграцый
Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ