Сёння - па розных ацэнках і падыходах- на Зямлі існуюць каля 11 тысяч відаў птушак. І калі быць чэснымі, то нам яшчэ моцна пашанцавала, што іх столькі захавалася. Знішчэнне і дэградацыя прыродных экасістэм, інтрадукаваныя дзякуючы чалавеку чужародныя віды, змены клімата, паляванне і перавылаў рыбы, а таксама шмат іншых негатыўных фактараў усё больш уздзейнічаюць не толькі на птушак. Аднак не ўсе навіны- кепскія. Штодня на нашай планеце адданыя ахове прыроды людзі шмат робяць, каб захаваць біяразнастайнасць. Прадстаўляем 10 гісторый поспеху, якія сведчаць- эфектыўная ахова аплочваецца вяртаннем відаў часам з самай мяжы знікнення.
Сейшэльская белавочка Seychelles White-eye Zosterops modestus
На Сейшэльскім архіпелагу доўгі час адбываецца гісторыя, вельмі падобная да большасці аддаленых астравоў: эндэмічныя віды знікаюць з-за знішчэння лясоў і завезеных інвазійных туды відаў. Сейшэльская белавочка была доўгі час настолькі рэдкай, што дзесяцігоддзямі лічылася ужо зніклым відам. Аднак пасля пераадкрыцця было прынята рызыкоўнае рашэнне перасяліць пазасталых птушак на іншыя астравы архіпелагу. Контраверсійныя дзеянні да гэтага спраўдзіліся паспяхова для іншых знікаючых на Сейшэлах відаў і, як хутка аказалася, і для эндэмічнай белавочкі. Від значна павялічыў сваю колькасць і у мінулым годзе атрымаў больш бяспечны ахоўны статус як уразлівы (Vulnerable).
Чорная малінаўка Black Robin Petroica traversi
Эндэмік Чатамскіх астравоў (Chatham Islands), у 1980-я гады гэты від меў самую малалікую папуляцыю для вядомых нам відаў птушак – іх заставалася толькі ПЯЦЬ! Як і многія іншыя астраўныя эндэмікі, гэтыя малінаўкі як від утварыліся калі на астравах не было звяроў-драпежнікаў, таму птушкі не былі падрыхтаваныя да катоў і пацукоў калі тыя з’явіліся на Чатамскіх астравах. Пасля таго, як атрымалася ўзнавіць мясцовыя лясы і эфектыўна кіраваць астраўнымі экасістэмамі, колькасць птушак павялічылася і сёння налічвае 230 асобін. Цікава, што ўсе яны- патомкі адзінай пазасталай у 1980-я самкі па мянушцы 'Old Blue'. І хаця папуляцыя працягвае расці, яе памер прымушае заставіць від са статусам пагражаемага (Endangered).
Манарх з Раратонгі Rarotonga Monarch Pomarea dimidiata
Эндэмік астравоў Кука, гэтая невялічкая птушка некалі таксама была адной з самых рэдкіх. Дзякуючы кантролю за колькасцю драпежнікаў і іншым інтэнсіўных прыродаахоўным дзеянням, від узнавіў сваю колькасць і нядаўна атрымаў статус уразлівага. Аднак моцны ўраган ці нават выпадковае распаўсюджанне на астравах інвазійных раслін можа хутка вярнуць від у статус крытычна пагражаемага (Critically Endangered).
Сейшэльская сарокавая малінаўка Seychelles Magpie-robin Copsychus sechellarum
Пасля апісання вядомы распаўсюджаннем на 8 астравах архіпелагу, від амаль знік – ў 1965 годзе на востраве Frégate засталося толькі 13 птушак. Праз 17 гадоў пачалася праграма па выратаванні: абарона гнёздаў, узнаўленне месцапражыванняў, дадатковае харчаванне, вынішчэнне інвазійных відаў жывёл і рассяленне птушакна іншыя астравы. Цяпер папуляцыя працягвае паступова расці і налічвае 120 птушак.
Радрыгійская чаротаўка Rodrigues Warbler Acrocephalus rodericanus
Эндэмік райскага вострава Радрыгес каля Маўрыкія, чаротаўка амаль знікла з-за інвазійных чужародных водных раслін і перавыпасу быдла ў яе гнездавых біятопах па ўзбярэжжах вадаёмаў. Пасля знішчэння інтрадуцэнтаў і аднаўлення абарыгеннай расліннасці, а таксама ўсування быдла з берагоў вадаёмаў, у 2013 годзе чаротаўкі змянілі статус з пагражаемага да амаль пагражаемага (Near Threatened).
Радрыгійскі фоўдзі Rodrigues Fody Foudia flavicans
Некалі звычайны від на востраве Радрыгес, пасля знішчэння лясных біятопаў, засух і распаўсюджання інтрадукаваных на востраў звяроў, фоўдзі амаль знік – у 1968 засталося толькі каля 5 пар! Пасля аднаўлення мясцовых лясоў і значнага пашырэння іх плошчы, від зноў стаў звычайным – апошнія ацэнкі колькасці кажуць нават пра 17 тысяч птушак!
Сетофага Кіртланда Kirtland’s Warbler Setophaga kirtlandii
Колькасць гэтых паўночна-амерыканскіх птушак пачалася заўважна змяншацца яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя. Хутчэй за ўсё, адбывалася гэта з-за значнага змяншэння плошчы вельмі спецыфічнага гнездавога біятопа віда: гэта зараснікі чорнай сасны на пясчаных глебах вышынёй 1-5 м пасля пажараў. Калі гэтыя біятопы штучна пашырылі з дапамогай кіраваных пажараў, від аднавіў сваю колькасць і цяпер, з-за параўнальна невялікага арэала, застаецца са статусам амаль пагражаемага.
Светлагаловая атлапета Pale-headed Brush-finch Atlapetes pallidiceps
Гэтая птушка- эквадорскі эндэмік, вядомы толькі з адзінай невялікай па плошчы мясцовасці. Дзякуючы аднаўленню і ахове месцапражыванняў віда, а таксама кантролю тут колькасці гнездавых паразітаў – бліскучых валовых трупіялаў (Molothrus bonariensis), атлапеты з 2003 года павялічваюць сваю колькасць.
Седлаватая гуйя з Паўночнага вострава North Island Saddleback Philesturnus rufusater (на першым малюнку зверху)
Седлаватая гуйя з Паўднёвага вострава South Island Saddleback Philesturnus carunculatus
Праблемы ў гэтых блізкіх відаў былі падобныя – яны засталіся толькі на ачышчаных ад інтрадуцэнтаў невялічкіх астраўках Новай Зеландыі, эндэмікамі якой яны з’яўляюцца. З-за вельмі абмежаванага арэалу і колькасці, абодва віды патрабуюць далейшай увагі да сябе і рассялення на іншыя вызваленыя ад чужародных відаў месцы, таму застаюцца с амаль пагражаемым статусам.
Паводле www.birdlife.org (тэкст і малюнкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Малюнкі птушак © HBW
На гэтую тэму:
Топ-10 самых рэдкіх вераб’іных птушак Свету
На Зямлі афіцыйна зніклі яшчэ 13 відаў птушак
Кулік-лопацень: добрыя і кепскія навіны пра адну з самых рэдкіх птушак
Стрынатка-дуброўнік можа знікнуць таксама, як вандроўны голуб
Больш за 80% пераадкрытых відаў жывёл знаходзяцца пад пагрозай канчатковага знікнення
Новаапісаны від птушак – самы рэдкі на Зямлі і захавацца яму дапамаглі снайперы?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ