Штогод у Ліване, насельніцтва якога каля 6 мільёнаў чалавек, адстрэльваюць пад час вясновай і восеньскай міграцый каля 2,4 мільёна птушак рознай велічыні: ад белых буслоў і арлоў да сівагракаў, удодаў і авяльгоў. На вялікі жаль, забойства мігрыруючых над гэтай краінай птушак стала не толькі тут, але і амаль на ўсім Блізкім Усходзе крывавай традыцыяй і нават спаборніцтвам. Выкараніць яе вырашылі польскія арнітолагі з дапамогай прадстаўнікоў свайго і ліванскага ўрадаў.
Кампанія “Буслы па-над межамі” пачалася ў 2013 годзе і была арганізаваная прыродаахоўнай арганізацыяй Grupа EkoLogicznа з Седлец (Польшча) і амбасадай Польшчы ў Бейруце. Галоўная мэта кампаніі – скончыць з адстрэлам птушак, якія ляцяць над Ліванам пад час міграцый. Таму накіравана яна галоўным чынам на ліванскіх дзетак і падлеткаў, а таксама моладзь і, канешне, не была б магчымая без падтрымкі лакальных прыродаахоўнікаў і недзяржаўных арганізацый.
Аднак сёлета атрымалася выйсці на новы ўзровень супрацы – пра падтрымку кампаніі нядаўна выказаліся тры міністры Лівана: адукацыі, навакольнага асяроддзя і абароны! Пра гэта паведаміў д-р Ірэнеўш Калуга (dr Ireneusz Kaługa), старшыня Grupy EkoLogicznej. Сустрэчы польскіх арнітолагаў ў Ліване на розным узроўні адбыліся на прыканцы сакавіка – пачатку красавіка.
Гэты, хутчэй нечаканы поспех атрымаўся дзякуючы ўзгадцы пра неабходнасць аховы мігрыруючых над Ліванам птушак міністра і кіраўніка Бюро бяспекі Польшчы Паўла Салоха (Pawła Solocha), які ў сакавіку прылятаў у гэтую краіну, каб дамовіцца пра ўдзел польскага вайсковага кантынгенту ў міратворчай місіі ААН у Ліване.
"Без сумневу, гэтая важная справа ўпершыню была ўзгаданая на такім высокім узроўні пад час перамоваў і прадстаўнікі ліванскіх уладаў сур’ёзна аднесліся да яе. Былі пералічаныя бліжэйшыя планы па дакладнаму выкананню мясцовых законаў у адносінах да паляўнічых адначасова з адукацыяй насельніцтва. Таму цяпер можна чакаць паспяховага паступовага вырашэння гэтай праблемы” – сказаў Марцін Скаврон (Marcin Skowron), прэс-сакратар Бюро бяспекі.
Міністр навакольнага асяроддзя атрымаў ад польскіх арнітолагаў мапы з пазначанымі на іх 12 месцамі на поўначы Лівану, дзе штогод забіваюць сотні тысяч птушак. “Гэта не былі проста размовы – улады Лівану паабяцалі канкрэтныя дзеянні” – сказаў д-р Калуга.
"Міністр абароны Лівану пад час інтэрв’ю для мясцовага грамадзкага тэлебачання, паабяцаў пошук і пакаранне браканьераў – гэта выклікала вялікую сумяціцу сярод тамтэйшых паляўнічых. Міністр навакольнага асяроддзя пад час паседжання ўраду, якое транслявалася па телебачанні, сказаў, што будзе імкнуцца да поўнага выкаранення нелегальнага паляванне на нашых мігрыруючых птушак і папрасіў у суграмадзян падтрымкі гэтай кампаніі. Міністр адукацыі разаслаў ліст ва ўсе сярэднія школы пра абавязак пастаяннай адукацыі наконт мігрыруючых птушак, і, асабліва, пра белых буслоў. Было падкрэслена, што мэтай гэтых дзеянняў ёсць павелічэнне ўзроўню свядомасці і змена некарыснага вобразу ліванцаў ў міжнародным плане”.
Наўпроставую дапамогу ў адукацыі, а таксама ў акцыях супраць нелегальнага палявання задэклараваў таксама губернатар паўночнай правінцыі Dannieh, якая мае кепскую славу з-за масавых забойстваў там птушак.
Цікава, што мясцовыя паляўнічыя добра ведалі пра візіт польскіх арнітолагаў і пад час усяго тыдня на поўначы Лівану не стралялі ў пералётных птушак.”Нават толькі гэты эфект быў бы выдатным для прыроды” – кажа д-р Калуга.
Пралёт белых буслоў над Ліванам. Здымак - Magda Żynda
Польскія прыродаахоўнікі сустрэліся з прыкладна 500 вучнямі ва ўзросце ад 12 да 18 гадоў з дзяржаўных і прыватных школаў. “Я вельмі задаволены гэтымі сустрэчамі. Падлеткі мелі шырока адкрытыя вочы пад час нашых дыскусій – яны не ведалі, што буслы гняздуюць раз у год, што ў гняздзе найчасцей толькі 2-3 птушанят, што не ўсе пары паспяховыя…” – сказаў д-р Калуга.
Пад час сустрэч таксама атрымалася даведацца, што ў “паляваннях” на пралётных птушак бяруць удзел падлеткі ўжо з 12 гадоў і да гэтага прызналіся пр. 20% з тых, хто быў на сустрэчах. Акрамя абмену лістамі з дзеткамі з Польшчы, прадстаўнікі польскага таварыства хочуць паказаць мясцовым падлеткам магчымасці назіранняў за птушкамі і развіваць там бёрдуотчынг.
"Ліван – краіна шырынёй толькі 60 км, але гэта важны міграцыйны карыдор для многіх відаў. За тыдзень да нашага прыезду, там ляцела група белых буслоў 20 хвілін без перапынку! Калі пачынаюць міграваць асаеды, то гэтых птушак тысячы адначасова ў полі зроку. Таксама актыўна пралятаюць іншыя віды драпежных птушак, пеліканы… Гэта файнае месца для назіранняў і менавіта яны могуць стаць шанцам на змену паводзін і заробак для мясцовых людзей” – падкрэсліў д-р Калуга.
Паводле www.naukawpolsce.pap.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з сустрэчы ў Ліванскім міністэрстве навакольнага асяроддзя - Grupа EkoLogicznа
На гэтую тэму:
Масакра белых буслоў у Ліване
Масавае забойства буслоў на Мальце
В Ливане будет гибнуть меньше аистов!
Паўночная Італія – небяспечны для птушак рэгіён +VIDEO
Як французскія гурманы з’ядаюць нашых рэдкіх птушак + VIDEO
Браканьеры на птушак затрыманыя на Сардыніі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ