Знакаміты біёлаг з Уэльсу (Вялікабрытанія), якога некалі моцна крытыкавалі за тое, што ён забіраў яйкі ў самай рэдкай птушкі на Зямлі, атрымаў самую значную прэмію за ахову прыроды пасля таго, як дзякуючы выкарыстанню контраверсійных метадаў выратаваў ад рэальнага знікнення ажно дзевяць відаў птушак!
Прафесар Карл Джоўнс (рrof. Carl Jones) атрымаў Indianapolis Prize – 2016 у памеры 250 тысяч даляраў. Гэта самая вялікая на сённяшні дзень узнагарода за індывідуальны ўнёсак у ахову прыроды ("Extraordinary contributions to conservation efforts"), якую заснаваў Індыянапальскі заапарк (ЗША) і якая прысуджаецца раз у два гады - сёлета ўжо ў шосты раз. Прафесар Джоўнс атрымаў яе ў якасці прызнання яго заслуг у захаванні эндэмічных відаў птушак пад час 40 гадоў працы на востраве Маўрыкій.
Калі Карл упершыню трапіў на Маўрыкій на прыканцы 1970-х, яго абавязкам было неафіцыйна закрыць праект па выратаванню маўрыкійскай пустальгі (Falco punctatus). У 1974 годзе ў прыродзе засталося толькі 4 птушкі, што без сумневаў рабіла гэтую пустальгу самым рэдкім відам птушак на планеце і не застаўляла шанцаў на яе выратаванне.
Аднак біёлаг з Уэльсу вырашыў паспрабаваць яшчэ адзін – контраверсійны метад - перш чым запісаць від у афіцыйна зніклыя. Ён забіраў “дзікія кладкі”, вымушаючы самак пустальгі адкладваць паўторныя - метад, які цяпер вядомы як ‘double-clutching’. Першая кладка змяшчалася ў інкубатар, а другая заставалася ў прыродзе пад адказнасць сапраўдных бацькоў.
Праз дзесяцігоддзе, разам з прымяненнем іншых дзеянняў па захаванню віду ў прыродзе, маўрыкійская пустальга мела папуляцыю з 300 птушак, а цяпер у прыродзе жывуць каля 400 асобін.
Акрамя гэтага віду, ён таксама актыўна дзейнічаў ў выратаванні з мяжы знікнення іншых маўрыкійскіх птушак-эндэмікаў: ружовага голуба (Nesoenas mayeri), маўрыкійскага кольчатага папугая (Psittacula eques) і радрыгійскай чаротаўкі (Acrocephalus rodericanus).
Менавіта Джоўнс стаў першым, хто сфармуляваў і выкарыстаў ідэю “экалагічнага замяшчэння” ("ecological replacement"), - асаблівай тактыкі ў ахове прыроды, калі важныя экалагічныя ролі ў экасістэмах замест зніклых відаў спецыяльна замяшчаюцца іншымі.
Узгадваючы пачатак сваёй кар’еры, прафесар сказаў: “Калі мне йшоў трэці дзесятак, я сапраўды не хваляваўся з-за крытыкі, якую выклікалі мае дзеянні… Калі я прыехаў на Маўрыкій, праект па выратаванню маўрыкійскай пустальгі лічыўся стратай часу. Таму мне прапанавалі правесці там адзін ці два гады, каб перадаць яго мясцовым. Аднак тады маўрыкійцы не мелі ні грошай, ні досведу каб самастойна ім займацца і фактычна гэта значыла пахаваць гэты від.“
Тады праграмы па развядзенню знікаючых жывёл у прыродзе і наступнай рэінтрадукцыі іх у прыроду лічылі вельмі рызыкоўнымі і неабгрунтаванымі і падвяргалі жорсткай крытыцы.
Аднак Джоўнс, цяпер кіраўнік навуковага аддзела знакамітага Траста Даррэлла па ахове прыроды (Durrell Wildlife Conservation Trust) і навуковы дырэктар Маўрыкійскай фундацыі аховы прыроды (Mauritian Wildlife Foundation), сказаў, што прапанаваны і здзейснены ім метад “паўторных кладак” спрацаваў “нечакана паспяхова”.
Цяпер 61-гадовы і заслужаны навуковец, праф. Джоўнс усё сваё жыццё прысвяціў выратаванню знікаючых відаў і толькі 8 гадоў таму стаў бацькам.
"Без сумневу, 2016 Indianapolis Prize - гэта адзін з самых яркіх момантаў у маім жыцці” – сказаў прафесар пасля ўручэння сертыфіката прэміі пад час урачыстай цэрымоніі у лонданскім Natural History Museum.
"Я асабліва ганаруся гэтай прэміяй, таму што яна пацверджвае важнасць захавання такіх невялікіх відаў, як, напрыклад, ружовы голуб ці сцынк Тэфлэйра, якія не з’яўляюцца мегавядомымі відамі вялікіх памераў, аднак без іх мясцовыя экасістэмы не змогуць адпаведна працаваць”.
Д-р Лі Даррэлл (Dr Lee Durrell), дырэктар Durrell Wildlife Conservation Trust, сказала: "Карл – жывы прыклад таго, што маючы адвагу, талант і свой погляд як крочыць невялікімі крокамі, мы можам атрымліваць перамогі на карысць маленькіх і вялікіх відаў”.
Паводле www.telegraph.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.uea.ac.uk
На гэтую тэму:
Арнітолаг атрымаў 2,5 мільёны эўра прэміі для працягу вывучэння міграцый
Экалагічны “нобель” – ў Польшчы!
Награда за охрану природы
Шляхецтва за ахову птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ