Нядаўнія даследаванні таго, што некаторыя птушкі могуць адрозніваць асобных людзей, знайшлі новае пацверджанне ў простых эксперыментах, праведзеных у Паўднёвай Карэі.
Навукоўцы з Сеўльскага Нацыянальнага ўніверсітэту пад час штогадовай сёлетняй праверкі гнездавой папуляцыі сарок (Pica pica), якія жывуць вакол універсітэцкага кампусу, адзначылі, што птушкі вельмі актыўна з крыкамі рэагуюць толькі на двух чальцоў каманды даследчыкаў. А менавіта на тых, якія правяраюць іх гнёзды.
Адзін з навукоўцаў выклікаў найбольшую агрэсію птушак, бо гэта ён пад час рэгулярных візытаў на гнёзды падлічваў колькасць яек у кладцы, потым мераў і падлічваў птушанят, а таксама браў у іх пробы крыві. Выглядала на тое, што птушкі добра пазнавалі яго.
Каб праверыць магчымасць гэтага, навукоўцы прадумалі і паставілі серыю эксперыментаў. Правяралася рэакцыя птушак на тых людзей, якія ўзбіраліся на дрэвы да гнёздаў, на тых, хто заставаўся ўнізе і на двойкі людзей з абодвух груп.
З 11 правераных пар сарокі, значна больш за палову тэрытарыяльных птушак не рэагавалі на прысутнасць людзей з любой з двух групаў да таго моманту, пакуль адзін з двойкі не пачынаў залазіць на дрэва з гняздом. Пад час праверкі гнязда сарокі крычалі і часам атакавалі чалавека ў галаву. Зрэдку да гэтага далучаліся птушкі з суседніх гнёздаў.
Пад час наступных візытаў на гнёзды, птушкі непакоіліся ці атакавалі толькі “правяральшчыкаў гнёздаў” і інгнаравалі другіх людзей. Калі ж да гнязда набліжаліся невядомыя раней птушкам людзі або толькі тыя з двоек, якія раней не залазілі на гнёзды, птушкі адляталі без агрэсіўных дзеянняў у адносінах да людзей.
Таму навукоўцы прыйшлі да высновы, што сарокі, якія гняздуюць у гарадзкіх умовах, маюць здольнасці пазнаваць індывідуальных людзей, ад якіх сыходзіць найбольшая пагроза для іх. Да гэтага было вядома, што сарокі вельмі хутка распазнаюць бяспечныя для іх мадэлі соваў і хутка пачынаюць іх ігнараваць.
Цікава, што пад час эксперыментаў у двойкі падбіраліся цёмнавалосыя карэйцы падобнага ўзросту і целаскладу, часам яны мяняліся адзеннем і апраналі галаўныя ўборы такім чынам, што птушкі маглі пазнаць небяспечных для іх людзей толькі паводле асаблівасцяў іх твару.
У ЗША падобныя паводзіны былі адзначаныя для амерыканскай вароны (Corvus brachyrhynchos) і паўночнага перасмешніка (Mimus polyglottos). Амерыканскія вароны пацвердзілі, што распазнаюць індывідуальныя рысы твару людзей.
Цяпер карэйскія навукоўцы плануюць далейшыя даследаванні каб параўнаць паводзіны гарадзкіх і вясковых птушак і выкарыстаць розныя прыстасаванні-маскі для закрыцця імі частак твару людзей у наступных эксперыментах.
Крыніца:
Lee, W Y, Lee, S-I, Choe, J C and Jablonski, P G. 2011. Wild birds recognize individual humans: experiments on magpies Pica pica. Animal Cognition DOI: 10-1007/S1007-011-0415-4
Здымак з www.cyberbirding.uib.no
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
У птушак-гараджан большы мозг
Разумныя гракі пацверджваюць старажытную байку
”Гарадзкія” і “сельскія” птушкі могуць не пазнаваць адны адных
Чэшскія арнітолагі просяць аб дапамозе + фота
Зімовыя месцы начлегу кавак і гракоў у Чэхіі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
svetlana vranova - 01.07.2011 - 16:19
У мяне ёсць такі вопыт з
У мяне ёсць такі вопыт з каўкамі. Калі я хажу кальцеваць птушнят неколькі дзён запар, треці, часам нават ужо другі дзень, калі я толькі з’явлюся, ячше нічого не раблю, дарослыя каўкі начнуць збірацца, папярэджваць (крычаць) і лятаюць над маёй галавой. У той час на іншых людзей не рэагуюць. :-)
Harrier - 01.07.2011 - 16:49
In reply to У мяне ёсць такі вопыт з by svetlana vranova
Не магу адназначна сказаць
Не магу адназначна сказаць тое самае за ўсіх поплаўных лунёў, але на адной паўкалоніі была самка, якая - калі ўжо не сядзела на гняздзе, а лятала над полем - сустракала мяне прыкладна за 1,5 км ад свайго гнязда і пачынала крычаць.
Я яе моцна не любіў - бо і іншыя самкі далучаліся і птушаняты на многіх гнёздах пасьпявалі адбяжаць і схавацца ў зерневых і сэнс кантролю гнёздаў вельмі зьмяншаўся.
AV - 01.07.2011 - 18:30
ясна, што некаторыя птушкі
ясна, што некаторыя птушкі разумнейшыя за людзей. Не ведаю чалавека, які б добра разлічаў розных птушак аднаго віду акрамя баталёнаў:)
Harrier - 01.07.2011 - 19:21
In reply to ясна, што некаторыя птушкі by AV
Мне падаецца, што тут справа
Мне падаецца, што тут справа не ў разумнасьці, а ў мэтазгоднасьці такой памяці і магчымасьці адрозьніваць. Бо для птушак гэта можа быць важна, а для чалавека наўрацьці. Таму адбор рухаецца ў кірунку падтрымкі такіх вось "памятлівых" птушак.