Прапанавана вылучыць 3 новыя віды ў райскіх валасяніц

 Філагенетычны аналіз райскіх валасяніц з астравоў Індыйскага акіяну паказаў, што іх хутчэй шэсць відаў, а не тры – як лічылася раней.

Усе райскія валасяніцы даволі падобныя адна да адной: у самцоў гэтых надзвычай прыгожых птушак вельмі доўгі хвост, а афарбоўка апярэння складаецца з іржавага колеру крылаў, шэра-карычневага колеру нізу цела і чорнай галавы. Часам на крылах ёсць белыя плямы.  

 

Ва ўсіх відаў выразны полавы дымарфізм – самкі не маюць доўгіх хвастоў і яны менш ярка афарбаваныя. Некаторыя таксоны маюць светлыя (белыя) ці цёмныя (чорныя) морфы, а таксама цалкам чорных меланістычных асобін. Магчыма, што такія птушкі адлюстроўваюць вынікі інбрыдынгу або “эфект заснавальніка” ('founder effects') у недалёкім мінулым.

 

Выкарыстоўваючы для параўнання паслядоўнасці генаў 4 мітахандрыяльных і 2 ядзерных бялка, атрыманых з музейных скурак усіх відаў і падвідаў райскіх валасяніц роду Terpsiphone з астравоў Індыйскага акіяну, навукоўцы атрымалі цікавыя дадзеныя для філагенетычнага дрэва гэтых птушак. Да гэтага вылучалі толькі тры віды: мальгашскую, сейшэльскую і маскарэнскую райскіх валасяніц з даследаванага рэгіёну. Аднак параўнанне генаў паказала, што ўсе гэтыя птушкі змяшчаюцца ў 5 выразна адрозных кладаў, якія аб’ядноўваюць найбліжэйшых крэўных. 

 

Аўтары артыкулу пацверджваюць дывергенцыю двух “традыцыйных” відаў і прапануюць шэсць “эвалюцыйна значных адзінак” (Evolutionary Significant Units (ESUs)), якія можна лічыць таксама “відамі для аховы”.  Тры клады маюць паміж сабой генетычныя адрозенні паміж 3,6 і 3,77%, таму павінны лічыцца дастаткова добрымі відамі. Агульная ж класіфікацыя таксонаў, якія прапануюцца, наступная:

 

T. corvina - Сейшэльская райская валасяніца (Seychelles Paradise Flycatcher);

T. (mutata) vulpina (ўключна з падвідам voeltzkowiana [з вострава Anjouan]) - Каморская райская валасяніца (Comoros Paradise Flycatcher);

T. (mutata) mutata (ўключна з падвідамі singetra [з паўночнай, заходняй і паўднёвай часткі Мадагаскару], pretiosa [з вострава Mayotte]) - Мальгашская райская валасяніца (Malagasy Paradise Flycatcher – намінатыўны ўсходні падвід);

T. (mutata) comorensis  - Райская валасяніца з вострава Вялікі Камор (Grand Comore Paradise Flycatcher);

T. (bourbonnensis) bourbonnensis  - Рэюньёнская райская валасяніца (Réunion Paradise Flycatcher); 

T. (bourbonnensis) desolata - Маўрыкійская райская валасяніца (Mauritius Paradise Flycatcher).

 

Цікава, што райская валасяніца з Сан Томэ (Sao Tome Paradise Flycatcher) T. atrochalybeia – з Гвінейскага заліву Атлантычнага акіяну – аказалася блізкай крэўнай сейшэльскага віду T. corvina, аднак гэтая сувязь магчыма адлюстроўвае іх агульнае другаснае паходжанне ад афрыканскага кантынентальнага віду T. viridis  або райскай валасяніцы Бэйтса (Bates's Paradise Flycatcher) T. batesi, - сястрынскага віду з Заходняй Афрыкі. 

Два падвіды паўднёваазіяцкай T. paradise, якіх атрымалася ўключыць у філагенетычны аналіз таксонаў, аказаліся блізкімі да валасяніц з Макранезіі, што можна растлумачыць каланізацыяй астравоў больш прымітыўнымі зыходнымі відамі з поўначы. Абедзьве хвалі каланізацыі пачаліся 2 мільёны гадоў таму, а сама група зарадзілася ў тагачаснай Азіі. 

Аўтары лічаць, што прапанаваная імі новая класіфікацыя адпавядае не толькі таксанамічным, але і мэтам аховы ўсіх прадстаўнікоў роду райскіх валасяніц як генетычна асобных і каштоўных для захавання біяразнастайнасці таксонаў. 

Крыніца:

Bristol, R M, Fabre, P-H, Irestedt, M, Jønsson, K A, Shah, N J, Tatayah, V, Warren, B H, and Groombridge, J J. 2013. Molecular phylogeny of the Indian Ocean Terpsiphone paradise flycatchers: undetected evolutionary diversity revealed amongst island populations. Molecular and Phylogenetic Evolution (in press). http://dx.doi.org/10.1016/j.ympev.2013.01.019 

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by 

Самец сейшэльскай райскай валасяніцы з www.oiseaux.net 

 

На гэтую тэму: 

Новая надзея на захаванне апошняга сейшэльскага крытычна пагражаемага віду птушак

 Новы від сіпухі з вострава Сэрам

 Кожныя тры дні ў Амазоніі апісваюць новы від

Новы від птушак адкрыты на Барнэа

 

Comments

 Афіцыйна прынятыя навуковыя назвы відаў птушак (зразумела, што і адпаведных ім родаў, сямействаў і атрадаў) існуюць толькі для птушак Эўропы і былі ўзгодненыя і прынятыя ў 1999 г. для палявога вызначальніка "Птушкі Еўропы" (2000).

Для ўсіх іншых гэта ў сілу сваёй фантазіі і разумення замежных назваў (часцей ангельскіх) гэта раблю я. Таму існуюць, але неафіцыйна.

Датычна новаапісаных відаў не могуць існаваць ніякія афіцыйныя назвы, акрамя лацінскіх і ангельскіх - на мове іх апісаньня аўтарамі-апісальнікамі. Назвы на іншых мовах будуць другаснымі і, зразумела, неафіцыйнымі - бо калі ж было іх афіцыйна зацвердзіць?