Выкарыстоўваючы рэкамендацыі Камітэта па інвазійных чужародных відах (Committee on Invasive Alien Species (IAS)), Еўрапейская камісія 11 ліпеня зацвердзіла дадатковы спіс з 12 новых відаў да ўжо прынятага год таму Спіса найбольш небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў. Дзякуючы гэтаму ўсе гэтыя віды павінны ўжо ў бліжэйшы час трапіць пад сур’ёзныя абмежаванні ў іх выкарыстанні як мінімум у прыродным асяроддзі краін Еўразвязу.
Відамі-інтрадуцэнтамі лічацца тыя, якія былі інтрадукаваныя або самастойна ўцяклі ў дзікую прыроду па-за межамі свайго прыроднага распаўсюджання дзякуючы ўдзелу чалавека і негатыўна ўздзейнічаюць на біяразнастайнасць, экасістэмныя паслугі або на жыццё людзей. Большасць інтрадуцэнтаў не становяцца інвазійнымі – г.зн. рэзка не павялічваюць сваю колькасць і межы распаўсюджання. Аднак тыя, якія становяцца, могуць аказваць значнае негатыўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, эканоміку і сацыяльную сферу. Даказана, што такія віды займаюць другое месца як прычыны змяншэння біяразнастайнасці ў глабальным маштабе, а страты для эканомікі краін ЕЗ дасягаюць як мінімум 12,5 мільярдаў эўра штогод з-за стратаў рыбнай, лясной і сельскай гаспадаркі, а таксама з-за хваробаў людзей.
Папярэдзіць інтрадукцыю, або ўцёкі падобных відаў у прыроду – самы эфектыўны спосаб кіравання імі. Таму абмежаванні краін ЕЗ звязаны найперш з папярэджаннем інтрадукцыі праз забарону імпарту, ўтрымання (з невялікімі выключэннямі), размнажэння, вырошчвання, транспарціроўкі, продажу або выпуску ў навакольнае асяроддзе відаў з Чорнага спісу. Дадатковыя патрабаванні да краін Еўразвязу ў тым, каб распрацаваць раннее выяўленне падобных відаў і знішчыць іх на сваіх тэрыторыях або акваторыях да таго, як яны змогуць утварыць самападтрымліваючыя сябе папуляцыі. А для тых, якія ўжо шырока распаўсюдзіліся, мінімізаваць іх шкоднае ўздзеянне.
12 новых відаў у Чорны спіс дадаліся да папярэдніх 37 відаў раслін і жывёл, наконт уключэння якіх атрымалася дамовіцца год таму. Цяпер агулам самымі небяспечнымі птушкамі-інтрадуцэнтамі для Еўропы прызнаныя 4 віды птушак: усходняя варона (Corvus splendens), амерыканская саўка (Oxyura jamaicensis), свяшчэнны ібіс (Threskiornis aethiopicus) і нільская гусь (Alopochen aegyptiacus).
Дзякуючы магчымасці дадаваць у спіс новыя віды, краіны ЕЗ застаўляюць сабе магчымасць своечасова рэагаваць на новыя магчымыя пагрозы.
Дадатковыя віды ў Чорны спіс небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў:
Жывёлы:
Нільская гусь Alopochen aegyptiacus
Андатра Ondatra zibethicus
Янотападобны сабака Nyctereutes procyonoides
Расліны:
Ачароднапыльнік філаксеравы Alternanthera philoxeroides
Ватачнік сірыйскі Asclepias syriaca
Эладзея Нуталла Elodea nuttalli
Чылійскі рэвень Gunnera tinctoria
Гіганцкі баршчэўнік Heracleum mantegazzianum
Гімалайскі бальзамін Impatiens glandulifera
Непальскае проса Microstegium vimineum
Пеннісетум кармазінавы Pennisetum setaceum
Паводле www.iucn.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак янотападобнага сабакі Сяргея Чарапіцы
На гэтую тэму:
Еўракамісія нарэшце прыняла Спіс найбольш небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў
Праект па вынішчэнні качкі-інтрадуцэнта працягнуты
“Жалезная заслона” хоць у нечым аказалася карыснай
Папугаі-інтрадуцэнты даказана шкодзяць мясцовым відам птушак
Папугай-інтрадуцэнт хутка павялічвае сваю колькасць у Еўропе
Вынішчыць адных папугаяў каб захаваць іншых
ПРАГРАМА ПА ВЫНІШЧЭННІ ІНТРАДУКАВАНЫХ У ШТАТАХ ЛЕБЕДЗЯЎ-ШЫПУНОЎ ВЫКЛІКАЛА СПРЭЧКІ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
аев (госць) - 31.10.2017 - 18:33
у нас пока мало…
у нас пока мало интродуцентов, ущерб на миллионы, не миллиарды, можно расслабиться: в минских магазинах продают красноухих черепах, запрещенных к ввозу в ЕС
Harrier - 31.10.2017 - 19:30
In reply to у нас пока мало… by аев (госць)
У Гродзенскім заапарку мне…
У Гродзенскім заапарку мне расказалі, што прымаюць непатрэбных ужо людзям чырвонаўхіх чарапах, але не бясплатна, а за грошы.
Добра, што яны яшчэ не размнажаюцца ў нас ў прыродных вадаёмах.
araty - 05.11.2017 - 16:14
Эфектыўна змагацца з той жа…
Эфектыўна змагацца з той жа янотападобнай сабакай перашкаджаюць усялякія інструкцыі і правілы паляўніцтва!? А у чыноўнікаў не хопіць мазгоў гэтыя правілы перапісаць!?
Harrier - 05.11.2017 - 23:00
In reply to Эфектыўна змагацца з той жа… by araty
Гэты ж від некалі завозілі і…
Гэты ж від некалі завозілі і выпускалі спецыяльна для паляўнічых. Але час і мода хутка змяняюцца. І цяпер янотападобьны сабака нікому непатрэбны і сам наводзіць парадкі ў нашых экасістэмах так, як можа.І чыноўнікі тут мала чым дапамогуць - нават самыя разумныя.