Першая дэкада красавіка атрымалася не вельмі вясновай - хаця ўдзень у зацішных месцах добра грэла сонейка, аднак марозныя ночы і нават раніцы псавалі добрыя ўражанні ад такой вясны.
Але яўна не ва ўсіх. Звычайныя шпакі (Sturnus vulgaris), якія даўно прыляцелі і ў халодны час збіраліся разам і хутчэй сумна свісцелі на вяршалінах самых высокіх дрэваў, на сонейку разляталіся да сваіх шпакоўняў, правяралі ў іх маёмасць. І калі ўсё было ў парадку, ужо больш радасна, гучней і складаней спявалі каля іх.
На схіле ў даліне Гараднічанкі, дзе я назіраў за вясновым жыццём дамовых вераб'ёў, бегалі і спявалі і некалькі шпакоў. Прычым як паасобку, так і ў групкax. Вось адзін з іх раптам прыпыніўся, падняў галаву і заспяваў, гучна і па-сапраўднаму, як пры шпакоўні. Але побач у сотнях метраў ніякай гнездавой нішы для шпакоў яўна не было - проста цяпер настрой у шпака такі - можа і хоча. І спявае. Але праз хвіліну-другую як нехта пераключаў яго ўнутры, ён змаўкаў і пачынаў хадзіць і шукаць чарвякоў і лічынак насякомых у глебе. Хто яшчэ не бачыў разгадку, ЯК палююць шпакі – Вам сюды.
Атрымліваецца, што пад час пошукаў ежы вочы ўвесь час накіраваныя ўніз, а што робіцца вышэй, над ім і за спіной шпак і не бачыць. Хутчэй за ўсё таму і збіраюцца яны большымі і вялізарнымі групамі, каб павялічыць бяспеку і заўважыць драпежніка, а калі той нападае, каб зменшыць імавернасць за кошт калег па чарадзе ці за кошт калектыўных дзеянняў быць злоўленым. А чарвякоў ды лічынак на ўсіх хопіць - гэта было бачна па паводзінах птушак. Ізноў адзін са шпакоў "пераключаўся" у рэжым спеваў і свісцеў сабе і наваколлю хвіліну-другую. А пасля - зноў ішоў на перакус.
Гродна, 07-04-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 16.04.2022 - 11:24
На роднай зямлі, дома - усё…
На роднай зямлі, дома - усё смачнае і звыклае. Ды і ворагаў тут менш.
arktous - 16.04.2022 - 22:09
Удачные портреты скворцов,…
Удачные портреты скворцов, но, действительно, весеннее расслабление отсутствует - взгляды напряжены.
Harrier - 16.04.2022 - 22:17
Дзякуй, Уладзімір! Пэўна…
Дзякуй, Уладзімір!
Пэўна рана расслабляцца і ім, і нам.