Чорны бусел (Ciconia nigra) - рэдкі від, які гняздуе ў стараўзроставых лясах недалёка ад водна-балотных угоддзяў. У пачатку гэтага стагоддзя адбылося значнае змяншэнне яго колькасці ў паўночна-усходняй частцы Польшчы. Каб праверыць дапушчэнне, што гэта было звязана з (рэ)каланізацыяй тых жа месцаў і ў той самы час арланам-белахвостам (Haliaeetus albicilla), каманда польскіх даследчыкаў адпаведным чынам прааналізавала дадзеныя па колькасці і месцах размяшчэння гняздуючых пар для абодвух відаў і зменаў у іх на працягу 30 гадоў.
У краінах Цэнтральнай Еўропы арлан-белахвост – самы вялікі, топавы пярнаты лясны драпежнік. У мінулым стагоддзі адбылося катастрафічнае змяншэнне колькасці віда з-за непасрэднага пераследавання чалавекам і шырокага выкарыстання ДДТ у сельскай гаспадарцы. Тым не менш, у апошнія дзесяцігоддзі адбылася не толькі параўнальна хуткае вяртанне віда ў былыя месцы гнездавання, але і каланізацыя новых тэрыторый. Польшча можа служыць выдатным прыкладам зменаў колькасці і распаўсюджання арлана-белахвоста: у 1994 г. у гэтай краіне налічылі 223 гняздуючых пары, у 2008 г. было ўжо 767 пар, а ў 2017 г. колькасць павялічылася амаль удвая і ацэньвалася ўжо ў 1400 пар.
Даследаванні зменаў колькасці і размяшчэння гнёздаў чорнага бусла і арлана-белахвоста праводзіліся ў 1989-2019 гг. на тэрыторыі польскай часткі Аўгустоўскай пушчы (плошча больш за 1400 кв км), якая знаходзіцца на паўночным усходзе краіны.
У 1989 г. было вядома пра заняцце чорнымі бусламі ў пушчы 42 гнездавых тэрыторый. Праз два гады, у 1991 годзе, адбылося першае гнездаванне на тэрыторыі пушчы арлана-белахвоста, якое паўтарылася ў 1993-м. Паступова колькасць арланаў павялічвалася: у 2004 г. было 7 гняздуючых пар, у 2014-м – 13. Адначасова змяншалася колькасць гняздуючых чорных буслоў: іх стала 35 у 2004 і 22 ў 2019 годзе:
Змены колькасці гняздуючых пар чорнага бусла і арлана-белахвоста, і адлегласці паміж бліжэйшымі суседнімі гнёздамі для абодвух відаў (кропкі, арлан і лінія, чорны бусел) у Аўгустоўскай пушчы, ПнУ Польшча. Паводле Zawadzki et al. 2022
Каланізацыя Аўгустоўскай пушчы арланам-белахвостам прывяла да значнага змяншэння адлегласці паміж бліжэйшымі суседнімі гнёздамі арлана-белахвоста: з 32.4 км у 1994-м да 8.1 км у 2019-м годзе. Аднак для бліжэйшых суседніх гнёздаў чорнага бусла гэты паказчык практычна не змяніўся (з 3.62 км ў 1989 да 4.04 км ў 2019). (Для абодвух відаў не ўлічваліся ‘ізаляваныя’ гняздуючыя пары)
Сярэднегадавое змяншэнне колькасці гняздуючых пар чорнага бусла за 30 гадоў склала 0.7 пары, а павелічэнне для арлана-белахвоста - 0.43 пары. Прычым гэтыя паказчыкі моцна карэліравалі адно з адным (r = −0.969, p = 0.0003).
Прыкладна ў першую палову правядзення даследавання гнёзды чорных буслоў размяшчаліся ў пушчы рандомна, у другой палове – кластэрамі. Прычым свае гнёзды буслы яўна ‘стараліся’ змяшчаць на максімальна магчымай адлегасці ад месцаў гнездавання арланаў і гэтая адлегласць была не меншай за 4.6 км ад бліжэйшага гнязда апошняга віду. Такім чынам, эфектыўная ахова топавага драпежніка можна прыводзіць да нечаканых наступстваў для папуляцый відаў яго ахвяр.
Крыніца: Grzegorz Zawadzki et al. 2022 The avoidance of living in the vicinity of a top predator: the coexistence of the black stork and the white-tailed eagle in NE Poland The European Zoological Journal 89(1):1223-1237 DOI:10.1080/24750263.2022.2134478
Паводле www.tandfonline.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак арлана-белахвоста Уладзіміра Пакалевіча
На гэтую тэму:
Рэкордны год для арлана-белахвоста
Арланы засвойваюць неба Шатландыі
Мільёны ад назіранняў арланаў: як птушкі прыцягваюць турыстаў і грошы на шатландзкі востраў
Драпежныя птушкі гінуць на ветраных электрастанцыях y Нідэрландаx
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
AV - 18.11.2022 - 11:02
праблема ж не толькі для…
праблема ж не толькі для чорных буслоў, але і для белых, і для арляцоў, і журавоў і г.д.
Harrier - 18.11.2022 - 14:13
Нават самыя відавочныя для…
Нават самыя відавочныя для нас узаемасувязі паміж відамі трэба даказваць.
Выдатна, што атрымалася гэта паказаць для арлана і чорнага бусла, Магчыма, што атрымаецца і для іншых.