Пасля таго, як ўвосень чорнагаловыя шчыгелы (Carduelis carduelis) 'адкрылі для сябе' і потым некалькі дзён елі насенне разнастайных раслін, якія не былі скошаны або паспелі адрасці на беразе Нёмана, я сустрэў іх на нашым беразе толькі яшчэ адзін раз. І вось пасля багатых снегападаў я пачуў знаёмую нягучную пазыўку і ўбачыў невялікую чародку шчыгелаў наперадзе, якія пераляталі паміж кустамі і высокімі сухімі 'парасонамі' і нешта знаходзілі з'есці на засыпаным снегам беразе ракі.
На здзіўленне, птушкі аказаліся такімі ж асцярожнымі, як і ў іншыя сезоны і падыйсці бліжэй за некалькі метраў да сябе не давалі - адляталі на больш высокія кусты і дрэвы каля самай вады і потым вярталіся туды, дзе заставалася яшчэ нешта недаедзенае імі з насення. Але потым мне пашанцавала стаць у такім месцы, дзе нахіленыя над снегам цыкорыі прыцягнулі ўвагу шчыгелаў і яны зляцеліся і сталі есці зусім побач. І птушкам зусім не трэба было для таго, каб дастацваць насенне, вісець на раслінах - снег быў настолькі высокі (глыбокі), што стоячы на ім, яны дацягваліся куды ім было трэба::
Усяго птушак было пяць, і яны хутка не толькі пераляталі з адной расліны на другую, але і перабягалі паміж імі па снезе. Даволі хутка ўсё недаедзенае з восені было з'едзена і птушкі дружна пераляцелі на іншы бераг.
Гродна, 21-01-202
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 24.01.2024 - 10:21
Зімой, калі голадна і…
Зімой, калі голадна і холадна, насенне розных раслін, што змяшчае пажыўныя рэчывы, пойдзе ў корм. Неяк трэба перажыць халодную і снежную зіму...