Каманда даследчыкаў з універсітэтаў Стакгольма і Упсалы (Швецыя) паказала, што птушаняты найбольш актыўна рэагуюць на песню, якую яны самі будуць спяваць як дарослыя, ужо з 12-дзённага ўзросту. Серыя эксперыментаў на птушанятах пярэстай валасяніцы (Ficedula hypoleuca) з розных еўрапейскіх папуляцый прадэманстравала, што яны найлепш адказваюць не толькі на песні прадстаўнікоў свайго віду, але і сваёй папуляцыі.
Так, як нашы дзеткі вучаць родную мову, птушаняты спеўных птушак вучаць свае будучыя песні, слухаючы сваіх бацькоў і іншых дарослых навокал. Дзякуючы нязначным адрозненням у песнях паміж птушкамі з розных мясцовасцяў, якія могуць перадавацца з пакалення ў пакаленне і павялічвацца з часам, утвараюцца мясцовыя дыялекты, заўважныя паміж птушкамі таго самага віду з розных папуляцый.
Гэтае даследаванне паказала, што ў пярэстых валасяніц з 7 еўрапейскіх папуляцый існуюць выразныя адрозненні ў песнях - дыялекты. Пад час прайгравання папярэдне запісаных песняў прадстаўнікоў гэтых папуляцый амаль 2 тысячам птушанят гэтага ж віду аказалася, што яны найбольш актыўна рэагуюць, выпрошваючы ежу, менавіта на песні з лакальным дыялектам.
"Гэтыя вынікі пацверджваюць, што птушкі ‘з малога’ прызвычайваюцца адрозніваць песні прадстаўнікоў сваёй лакальнай папуляцыі і гэта факусіруе іх наступнае навучанне ўласным спевам” – сказаў David Wheatcroft, прафесар факультэту заалогіі ўніверсітэту Стакгольма і аўтар публікацыі.
Аднак cам механізм выбара і запамінання песняў застаецца не да канца зразумелым. Адно з магчымых яго тлумачэнняў у тым, што птушаняты ад бацькоў чуюць лакальны дыялект і вучацца менавіта яго асаблівасцям. Аднак 100 гадзін запісаў гукаў з гнёздаў валасяніц, зробленых у Tovetorp Research Station Стакгольмскага ўніверсітэту, прадэманстравалі, што птушаняты чуюць вельмі мала бацькоўскіх песняў. Яшчэ больш дзіўным было тое, што птушаняты тых самцоў, якія спявалі найчасцей, пад час прайгравання песняў з мясцовым лакальным дыялектам адказвалі на іх найслабей.
"Альтэрнатыўная магчымасць можа быць у тым, што птушаняты інстынктыўна распазнаюць свой лакальны дыялект” – сказаў Wheatcroft. "Калі адрозненні ў ранніх адказах на песню паміж папуляцыямі сапраўды абумоўлены генетычна, гэта будзе яскравым прыкладам таго, як культурныя адрозненні могуць замацоўвывацца генетычна. Тым не менш, распазнаванне свайго (і чужога) лакальнага дыялекту дапамагае прыцягваць і выбіраць адпаведнага партнёра ў дарослым жыцці птушак”.
Акрамя гэтага, даследчыкі знайшлі, што спецыфічныя адказы птушанят на лакальны дыялект свайго віду могуць перашкодзіць запамінанню песняў іншых, суседніх з гняздом відаў птушак. Цікава, што пад час прайгравання песняў валасяніцы-белашыйкі (F. albicollis) (блізкага віду), птушаняты пярэстай адказвалі таксама слаба, як і на песні іншых лакальных дыялектаў свайго віду.
Таму вельмі магчыма, што уменне ‘дыскрымінаваць’ песні іншых відаў птушак узнікае як ‘пабочны’ прадукт умення птушанятаў распазнаваць і даваць самы сільны адказ на свой лакальны дыялект.
Дадатковыя даследаванні павінны дапамагчы лепш зразумець долі навучання і інстыктыўнай абумоўленасці ва ўспрыманні і выкананні відавой песні ў птушак.
Крыніца: David Wheatcroft, Species-specific song responses emerge as a by-product of tuning to the local dialect, Current Biology (2022). DOI: 10.1016/j.cub.2022.09.063. www.cell.com/current-biology/f … 0960-9822(22)01605-0
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак самца пярэстай валасяніцы Алы Эрдман
На гэтую тэму:
Стрэс у пачатку жыцця потым адчувальны ў песні дарослага самца
Птушкі могуць адрозніваюць шматлікіх суседзяў таго ж віду толькі па голасу
Старэйшыя самцы спяваюць горш, але толькі для іншых самцоў-супернікаў?
Адрозненні ў песнях ізалююць віды
Птушаняты адрозніваюць голас з адной ноты!
Праект “Спяваюць самкі птушак” просіць дапамогі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
AV - 17.11.2022 - 21:46
"Пад час прайгравання…
"Пад час прайгравання папярэдне запісаных песняў прадстаўнікоў гэтых папуляцый амаль 2 тысячам птушанят гэтага ж віду аказалася, што яны найбольш актыўна рэагуюць, выпрошваючы ежу, менавіта на песні з лакальным дыялектам". Цікава, але незразумела прычым песні да выпрошвання ежы? Як даследчыкі дамагаліся, што ўсе птушаняты былі аднолькава галодныя перад песняй? Галодныя будут прасіцб ежу і без песні мне здаецца. Ці пад родную песню і сытым раптам хацелася есці?..
Harrier - 17.11.2022 - 23:43
Пад навіной ёсць спасылка на…
Пад навіной ёсць спасылка на сам навуковы артыкул. Можа там знойдуцца адказы.