Часам у жыцці бываюць проста неверагодныя супадзенні. Называць іх выпадковымі цяжка, ды і не хочацца.
Сёння дзень народзін у дарагога мне чалавека. На жаль, падарыць ёй нешта я не магу. Але яна вельмі любіць гусей. І гэтая гісторыя няхай будзе ёй такім падарункам які цяжка прыдумаць спецыяльна - нават каб моцна хацелася б.
Але пачалося ўсё не сёння, а прыкладна тыдзень таму, калі пачалася у нас сапраўдная зіма - з марозамі, але яшчэ тады без снега.
МЧС час ад часу дае мой нумар людзям, якія тэлефануюць туды каб дапамагчы дзікім птушкам, якія, па іх меркаванні, трапілі ў бяду і ім патрэбна дапамога.
У гэты раз мужскі голас расказаў мне, што тры гусі сядзяць на нейкай сажалцы каля мікраёну Альшанка і іх трэба ратаваць.
Калі я стаў удакладняць - ці сапраўды гэта гусі і ў чым праблема з імі, то мужчына засумняваўся ў вызначэнні, але сказаў, што вада там амаль зацягнулася ільдом і таму ён патэлефанаваў у МЧС.
Я падзякаваў яму і супакоіў, што дзікія птушкі павінны самі справіцца з гэтай праблемай, бо ўмеюць лятаць і трэба даць ім гэты шанец.
І вось сёння атрымаўся нечаканы працяг гэтай гісторыі. Ізноў у МЧС далі мой нумар і ўжо жаночы голас распавёў, што тры дзікія гусі сядзяць пад іх домам. І гэта зноў аказаўся мкрараён Альшанка! Жыхары баяліся за іх лёс, таму што птушкі не лятаюць і бадзяжныя сабакі могуць іх лёгка злапаць. Я спачатку не звязаў першы і другі званок і засумняваўся ў тым, што гусі сапраўды дзікія. Да таго ж пад'ехаць і спраўдзіць хто там насамрэч і чаму ў мяне не было магчымасці.
І тут я ўспомніў, што там жыве арнітолаг і мой былы студэнт Сяргей Саковіч. Хутка Сяргей быў на емсцы і здзіўлена паведаміў, што гусі сапраўды дзікія, шэрыя і невядома чаму ў аднаго з іх зялёнае самаробнае пластыкавае кальцо. мы пачалі думаць- што рабіць і праз нейкі час Сяргей з мясцовымі жыхарамі змаглі загнаць двух птушак у т.зв. дамок для смецця (гл. верхні здымак), а трэцяя птушка - маладая белалобая гусь - адляцела.
Пакуль гэта адбывалася, я дамовіўся пра ратавальны выезд з іншым сваім былым студэнтам і таксама арнітолагам Яўгенам Сліжом.
Акрамя Сяргея і гусей, побач нас чакалі самыя актыўныя дарослыя і неабыякавыя дзеткі:
Мы засунулі гусей у кашулькі (каб яны не маглі самастойна лятаць па машыне калі б раптам захацелі) і паехалі ў заапарк, дзе дзякуючы сябру і калегу Віталію Гуменнаму нас чакалі нават пасля закрыцця.
Пакуль мы ехалі, птушкі час ад часу нягучна перамаўляліся, але што там з імі адбывалася перашкаджаў ўбачыць задні рад сядзенняў. Аказалася, што гусі неяк выблаталіся з адзення і яўна не хацелі ў заапарк:
Але як мінімум на выходныя яны пабудуць там, у каранціне.
Ніякіх бачных пашкоджанняў у іх няма. Таму хутчэй за ўсё птушкі проста згаладалі пасля таго, як зялёныя да гэтага палеткі вакол горада пакрыў слой снега.
Як толькі мы выпусцілі іх у вальер, яны адразу пачалі папраўляць памятае намі пер'е і выглядалі гаспадарамі памяшкання. Я сфатаграфаваў іх на памяць і пажадаў удачы.
ГУСІНЫ ХЭПІ-ЭНД
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Harrier - 20.01.2018 - 00:22
Дадаў фоты Сяргея Саковіча.
Дадаў фоты Сяргея Саковіча.