Сокал-падарожнік на максімуме колькасці ў Вялікабрытаніі

сокал-падарожнік

Толькі цяпер былі канчаткова падведзены вынікі агульнабрытанскіх улікаў сокала-падарожніка (Falco peregrinus), якія праводзіліся ў 2014. Аказалася, што від знаходзіцца на максімуме сваёй колькасці пасля абсалютнага мінімума з-за сусветнага крызіса з выкарыстаннем ДДТ у 1960-я гады. Сучасная ацэнка – 1770 гняздуючых пар, што на 22% больш, чым пад час папярэдняга аналагічнага ўліку віду, які адбыўся ў 2002 г..

Такі значны рост колькасці адбыўся, у асноўным, дзякуючы папуляцыі ў нізінных раёнах краіны, у асаблівасці ў Англіі. Менавіта тут многія птушкі гняздуюць на будынках ці комінах- з прыкладна 500 “англійскіх” пар больш за чвэрць для гнездавання выбірае падобныя, створаныя чалавекам структуры. Тым не менш, негледзячы на поспех сакалоў у падобных новакаланізаваных месцах, яны не адчуваюць сябе добра ва ўсіх частках краіны. У Англіі колькасць віду павялічылася з 2002 г. удвая, тады як ва Уэльсе папуляцыя застаецца на тым самым узроўні, на востраве Мэн і ў Шатландыі зменшылася, а ў Паўночнай Ірландыі павялічылася толькі нязначна.

Нават у розных рэгіёнах Англіі і Шатландыі адзначаны розныя трэнды: у абодвух краінах у гарах адбываецца найбольшае змяншэнне колькасці віду. Тады як ва ўсходняй частцы Англіі, дзе 15 гадоў таму яшчэ не было ніводнай пары, цяпер гняздуюць 44!

Марк Уілсан (Mark Wilson), галоўны аўтар публікацыі пра сучасны стан віду і эколаг-даследчык з BTO Scotland, сказаў: “Злучанае каралеўства адказвае за вялікую частку еўрапейскай папуляцыі сокала-падарожніка і значныя змены ў яго лёсе, якія адбыліся пасля 1960-х гадоў – выдатныя навіны. Аднак від застаецца пад уздзеяннем фактараў, якія могуць негатыўна ўдзейнічаць на яго колькасць, асабліва на рэгіянальным узроўні. У многіх горных раёнах сокалы адчуваюць сябе горш, чым на нізінах. Дзякуючы ахвярнай працы сотняў валанцёраў па ўсёй краіне, мы цяпер ведаем не толькі сучасны стан віду ў нашай краіне, але і пра многія пагрозы яго існаванню.”

Сярод асноўных негатыўных фактараў, непасрэдна змяншаючых колькасць сакалоў-падарожнікаў ці пагаршаючых іх поспех гнездавання былі адзначаны нелегальны адстрэл дарослых птушак і турбаванне іх на гнёздах, а таксама змяншэнне колькасці даступнай птушкам здабычы. У адстрэле сакалоў лічацца вінаватымі ўладальнікі вялікіх ранча, на якіх праводзяць паляванні на горных пардваў, а таксама ўладальнікі спартовых галубоў.

У Беларусі апошні вядомы выпадак гнездавання сокала-падарожніка адбыўся ў 1973 годзе, пасля чаго від у зрэдку адзначаецца штогод пад час міграцыі і яшчэ радзей - на зімоўцы.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Валерыя Кавалёнка

 

 

На гэтую тэму:

Сокал-падарожнік апраўдвае сваю назву!

Галубевод за атручванне сокала-падарожніка трапіць у турму

Сокал-падарожнік у Польшчы ў 2016 – чарговы паспяховы год + VIDEO

Рэінтрадукцыя сокала-падарожніка ў Польшчы – чарговы паспяховы сезон + VIDEO

У Польшчы праз 32 гады вандроўны сокал зноў загнездаваў у лесе

Сокал-падарожнік зноў загняздуе ў Беларусі

Сокалы-падарожнікі падаўжаюць час палявання дзякуючы гарадзкому асвятленню

На Гарадзеншчыне з’явіўся помнік сокалу-падарожніку