Пасля таго, як від быў прызнаны крытычна пагражаемым (critically endangered) у 2012 годзе, арнітолагі сёлета на прыканцы мая змаглі ўпершыню пацвердзіць паспяховы выпадак размнажэння нырка Баера (Aythya baerі), якое адбылося на возеры Hengshui, у паўночным Кітаі.
Два даследчыкі з універсітэту Hengshui на мінулым тыдні назіралі тузін нованароджаных качанят побач з самкай нырка і прадстаўнік мясцовай прыродаахоўнай арганізацыі ўжо заявіў, што гэта – “амаль пэўна ёсць непасрэдным вынікам дзеянняў мясцовых уладаў і працаўнікоў рэзервату”.
У мінулым годзе Кітай і Германія разам выпрацавалі праект па захаванню возера Hengshui як асноўнага вядомага месца пражывання нырка Баера.
“Мы вельмі радыя, што нашыя дзеянні прынеслі так хутка пізітыўныя вынікі. Наша задача цяпер у тым, каб паспяховае гнездаванне віду стала тут штогадовым” – сказаў Юан Бо (Yuan Bo), дырэктар Hengshui Lake National Nature Reserve.
На жаль, нырок Баера застаецца адным з самых малавывучаных відаў птушак Азіі, на ўсходзе якой ён быў некалі параўнальна шырока распаўсюджаны. Вядома, што папуляцыя пачала рэзка змяншаць сваю колькасць у 1980-я гады і за апошнія дзесяцігоддзі скарацілася больш, чым на 90%. Апошняя і вельмі агульная ацэнка колькасці – не больш за 500 пар.
Эксперты лічаць, што асноўнымі негатыўнымі фактарамі, з-за якіх від працягвае хутка знікаць, сталі флуктуацыі ўзроўня вады на месцах гнездавання віду, нелегальны збор яек, а таксама “рыбалка” электравудамі і іншыя наўпроставыя або ўскосныя дзеянні па знішчэнню месцаў адпачынку і гнездавання качак і іх турбаванні.
Возера Hengshui было вызначанае як важнае месца ў глабальным маштабе для захавання віду яшчэ ў 2014 годзе, калі тут былі адзначаныя больш, чым 300 ныркоў. І хаця большасць птушак прыпыняліся тут толькі на вясновай міграцыі, некалькі пар заставаліся і на лета.
З мінулага году адбываецца рэгулярны маніторынг віду на возеры і прымаюцца прызнаныя неабходнымі для яго захавання дзеянні дзякуючы супольнаму кітайска-нямецкаму праекту.
“Разам у нас атрымаецца выратаваць нырка Баера адзнікнення” – сказаў Тэры Таўнсгэнд (Terry Townshend), дырэктар таварыства Eco-Action, якое прымае непасрэдны ўдзел у праекце па захаванні віду.
Паводле www.news.cgtn.com (тэкст і здымак з сустрэчы па прыняццю плану дзеянняў у рэзерваце Hengshui Lake) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Выратаваць самую рэдкую качку на Свеце
Куды знікла палова чырвонаваллёвых казарак?
Праблемы самай рэдкай качкі на Зямлі працягваюцца
Балтыйскія качкі ў глыбокім піке
У ныркоў-сівакоў самцоў нашмат больш, чым самак
ЯК “ГЭТА” СКЛАДАНА Ў КАЧАК, АБО ПРА АСАБЛІВАСЦІ СЭКСА ВАДАПЛАЎНЫХ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ