Што можа быць лепш за паморніка? – два паморнікі! Агляд назіранняў рэдкіх відаў птушак са Спісу Клуба200 за чэрвень і ліпень 2018

З-за таго, што ў чэрвені ў нас атрымалася зрабіць толькі 13 паведамленняў пра назіранні відаў са Спісу Клуба200, я вырашыў перанесці агляд на канец ліпеня і зрабіць яго агульным за два месяцы. У 2017 чэрвень таксама не быў багатым на назіранні рэдкіх відаў – толькі 16 паведамленняў, але, ў ліпені 2017 іх  было толькі 7! Таму сёлетнія ліпеньскія назіранні, якіх атрымалася 28, канешне, нашмат больш багатыя на цікавыя віды і назіранні. Усяго за чэрвень і ліпень сёлета атрымалася адзначыць ажно 20 відаў са спісу Клубу200, што трэба прызнаць вельмі добрым вынікам.

Гэта не значыць, што чэрвенскі “чортавы тузін” не мае цікавых і нават унікальных паведамленняў, але разглядзім іх падрабязней ніжэй, бо самым цікавым і папулярным для многіх лайферам за першыя два месяцы лета сталі назіранні караткахвостых паморнікаў (Stercorarius parasiticus).

Вельмі нечакана адбылося першае з гэтых назіранняў ў Гродзенскім раёне – 03.07 маладая птушка цёмнай морфы трымалася даволі далёка ад берагоў і толькі атакі рачных крычак прыцягнулі маю ўвагу да птушкі, памерам і выгладам якая нагадвала маладую чайку-рыбачку. Ну а пасля гэтага пачаліся спробы зрабіць хаця б дастакова добрыя для вызначэння птушкі дакументацыйныя здымкі, якія ў рэшце-рэшт атрымаліся. Гэта была першая рэгістрацыя ў нашай краіне пасля 2013 году і шостая ўвогуле:

птушка

Тым больш неверагодным уяўляецца наступнае назіранне, якое было зроблена Андрэем Гаршковым ужо на наступны дзень – 04.07 на ўскрайку Мінска ў мікрараёне Шабаны на ачышчальных сажалках МАЗа. Два паморнікі не толькі далі магчымасць разглядзець сябе, але і зрабіць многім мінскім бёрдуотчарам добрыя здымкі за наступныя некалькі дзён!

Ну а цяпер вернемся да назіранняў рэдкіх відаў у чэрвені. Найбольш раннімі па датах і найцікавейшымі варта прызнаць рэгістрацыі паўночных відаў качак у самым пачатку лета, якія адбыліся ў заходняй частцы нашай краіны.

Дарослы самец Звычайнай гагі (Somateria mollissima) плаваў 02.06 ля натуральнага павароту Нёмана амаль у самым шырокім месцы руславога вадасховішча на гэтай рацэ недалёка ад месца ўпадзення ў Нёман ракі Свіслач у Гродзенскім раёне. Птушка трымалася далёка ад берагоў, таму атрымаліся толькі адзінкавыя дакументацыйныя яе здымкі.  Гага актыўна перамяшчалася па і супраць плыні ракі, нырала і выглядала здаровай. Гэта першая рэгістрацыя віду для гэтага году і наступная пасля назіранняў двух самцоў у розных месцах Заходняй Беларусі ў 2016 годзе:

птушка

І калі гагі ў невялікай колькасці ўсё ж гняздуюць і на поўдзень ад нашай краіны на Чорным моры, то пара Нырка-маранкі (Clangula hyemalis), сустрэтая 03.06 Вадзімам Пракапчуком з калегамі-бёрдэрамі на адзіным на нашым баку Белавежскай пушчы вадаёме не можа не выклікаць здзіўлення. Гэтая паўночная качка, якая мае глабальна уразьлівы статус (Vu), звычайна сустракаецца ў нас толькі на пралёце ці, зрэдку, пад час зімы. Таму, што пара птушак у шлюбным пяры рабіла далёка ад паўночных марэй у пачатку гнездавога сезону – загадка.

птушкі

Пара ныркоў-маранак. Вадасховішча каля в.Ляцкія, Белавежская пушча. Фота Вадзіма Пракапчука

Наступным назіраннем, якое варта запісаць ва ўмоўны Топ-5 першых двух месяцаў лета, лічу пралёт маладой самкі Арла-магільніка (Aquila heliaca) над заходнімі часткамі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей 9-10 ліпеня. Як і першая рэгістрацыя віда сёлета, якая адбылася ў пачатку красавіка, залёт гэта віду ў нашу краіну “бачыў” і адсачыў толькі спадарожнікавы перадатчык славацкай праграмы PannonEagle LIFE. Аднак дзве візуальныя рэгістрацыі птушак на поўдні і ўсходзе Беларусі ў мінулым годзе даюць надзею на павелічэнне назіранняў гэтага стэпавага віду ў нас. Таму не расслабляемся і разглядаем і здымаем усіх вялікіх драпежных птушак на сваім шляху.

мапа

Мапа перамяшчэння маладой самкі арла-магільніка са Славакіі, з PannonEagle LIFE

Пашанцавала мінскім бёрдуотчарам, якім, дзякуючы Віктару Куліку (фота ніжэй), атрымалася паглядзець Чырвоную чаплю (Ardea purpurea) на рыбгасе “Волма” 30.07. І хаця гэта другая рэгістрацыя віду сёлета, без сумненняў, падобнае назіранне - вялікая ўдача:

птушкі

Далей па значнасці можна расставіць серыю назіранняў гняздуючых у нас відаў, якія на гнездаванні адзначаюцца або не кожны год, або фіксуюцца ў гэтай якасці ў вельмі невялікай колькасці. І гэта дзве рэгістрацыі чырвонага каршуна (Milvus milvus), зробленыя пад г.Бяроза 06.07 і у Маларыцкім раёне 25.07 (абедзве – на Берасцейшчыне).

птушка

Чырвоны каршун пад Бярозай, фота Максіма Каласкова.

Сустрэча з апошняя вядомай ў Беларусі гняздуючай парай сівагракаў (Coracias garrulus) на Магілёўшчыне не можа не радаваць – яна адбылася 20.06 на Чэрыкаўшчыне. Аднак яна прымушае задумацца над тым, як хутка і проста можна страціць надзвычай прыгожы і некалі шматлікі від нашай арнітафауны. З-за таго, што падобнае хуткае знікненне адбываецца ва ўсіх краінах-суседках Беларусі з поўначы і захаду, рэгістрацыі віду на пралёце таксама варта прызнаць вялікай удачай для назіральнікаў.

птушка

Сіваграк на Чэрыкаўшчыне, фота Юрыя Шашэнькі.

Паўночная мармытуля (Iduna caligata) як мінімум ва ўсходняй палове краіны праз некалькі гадоў пэўна ўжо не будзе нікога здзіўляць, але пакуль што з 2015 від у нас рэгіструецца адзінкава штогод і спяваючы самец у Мінскім раёне 09.06 стане толькі другой рэгістрацыяй для гэтага году.

Чорнагаловая чайка (Larus melanocephalus) у апошнія гады сустракаецца на гнездаванні або ў гнездавы час вельмі рэдка, хаця і рэгулярна, таму дзве рэгістрацыі віду для першых двух месяцаў лета, якія адбыліся 24.06 на ўскраіне Мінска і 14.07 у самой сталіцы хаця і вельмі цікавыя, але яўна не сенсацыйныя.

Чорналобы грычун (Lanius minor), адзначаны ў Лоеўскім раёне  24.07, сустракаецца ў нас амаль выключна на паўднёвым усходзе краіны, дзе рэдкі гняздуючы від. Таму гэтую рэгістрацыю – толькі другую для гэтага году - можна лічыць ўдачай:

птушка

Чорналобы грычун на Лоеўшчыне, фота Андрэя Шэўчыка

Чырвонагаловы каралёк (Regulus ignicapillus) хаця і пашырае свой арэал на ўсход, звычайным відам пакуль называць яўна яшчэ рана. І толькі адна рэгістрацыя (пад Мінскам) 24.06 сведчыць пра гэта:

птушка

Чырвонагаловы каралёк у Мінскім раёне, фота Ірыны Самусенка.

Чарнагаловы ерчык (Saxicola rubecula) гняздуе ў нас толькі на поўдні і паўднёвым захадзе, пашырэння на поўнач пакуль што не адзначана. Таму рэгістрацыю віда на вядомых месцах гнездавання на Берасцейшчыне нельга лічыць надзвычайнымі.

Вельмі радуюць шматлікія назіранні гнездавых калоній і адзінкавых норак наступнага нашага рэдкага гняздуючага віду – Шчуркі-пчалаедкі (Merops apiaster), сёлета за першыя два летнія месяцы было атрыманы паведамленні пра мін 12 месцаў гнездавання віду, большасць з якіх – старыя, вядомыя як мінімум з мінулага году.

птушкі

Шчуркі-пчалаедкі ў Мінскім раёне, фота Сяргея Зуёнка

Дзякуючы, у асноўным, мінскім бёрдуотчарам, мы з пачаткам лета ведаем пра восеньскія міграцыі многіх рэдкіх у нас арктычных відаў кулікоў. Гэта:

Сявец (Pluvialis squatarola) – пакуль што адзіная летняя рэгістрацыя 03.06;

Кулік-паручайнік (Tringa stagnatilis) – два назіранні для лета, якія адбыліся 10.06 і 14.07;

Кругланосы плывунчык (Phalaropus lobatus) – тры рэгістрацыі для чэрвеня-ліпеня: 12.06, 05.07 і 18.07;

Кулік-гразевік (Limicola falcinellus) – 3 летнія рэгістрацыі пад Мінскам: 11.07, 18.07 і 28.07.2018.

птушка

Кулік-гразевік у Мінскім раёне, фота Генадзя Ардзюка.

Каменяшарка (Arenaria interpres)першыя дзве рэгістрацыі для гэтага году: 17.07 і 28.07 (ажно пяць птушак!).

Пясчанка (Calidris alba) – таксама першыя дзве рэгістрацыі для гэтага году: 28 і 29.07.

У апошні дзень ліпеня на рыбгасе “Волма” быў адзначны першы сёлетні Малы грыцук (Limosa lapponica).

Пачалася і міграцыя Малых чаек (Larus minutus), гэтыя птушкі былі адзначныя пад Мінскам двойчы: 17 і 29.07.

 

Цёплага і ўданага на цікавыя назіранні жніўня!

 

Агляд падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by 

На верхнім здымку Аляксандра Вінчэўскага – караткахвосты паморнік у Мінску

 

 

На гэтую тэму:

ПАЎНОЧНАЯ МАРМЫТУЛЯ І ІНШЫЯ ЧАКАНЫЯ НЕЧАКАНАСЦІ: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ЗА КРАСАВІК І МАЙ -2018

УЖО НЕ ЗІМА, АЛЕ ЯШЧЭ І НЕ ВЯСНА: НАЗІРАННІ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 Ў САКАВІКУ-2018

ЗІМА-2018: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ПТУШАК

Першы ўдакументаваны залёт арла-магільніка ў Беларусь

СООБЩЕНИЕ БОФК: СПИСОК ПТИЦ БЕЛАРУСИ УВЕЛИЧИЛСЯ НА 3 НОВЫХ ВИДА

Агляд назіранняў новых і рэдкіх для Беларусі відаў са Спісу Клубу200 за 2017 год

В ОФИЦИАЛЬНОМ СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ ТЕПЕРЬ 329 ВИДОВ

ЧАМУ БАРАДАЧ ХУТЧЭЙ ЗА ЎСЁ НЕ ЎВАЙДЗЕ Ў АСНОЎНЫ СПІС ПТУШАК БЕЛАРУСІ

Стрынатка-крошка – новы для Беларусі від птушак- адляцела з уласным кальцом

Изменения в орнитофауне Беларуси за 2000-2016 годы