Старажытныя птушкі застаўлялі сваіх драпежнікаў з хвастом?

Прыкладна сто мільёнаў гадоў таму ў небе над Зямлёй ляталі птушкі, малападобныя да сучасных. Адным з галоўных адрозненняў былі іх доўгія, вымпелападобныя хвасты. Дзякуючы падрабязным даследаванням 31 кавалка падобных пёраў у старажытным бурштыне, знойдзенага ў М’янме, палеантолагі змаглі сфармуляваць нечаканую гіпотэзу пра магчымую функцыю, якую маглі б выконваць гэтыя пёры.

Такія вымпелападобныя хвасты – у некаторых выпадках даўжэйшыя за даўжыню цела – былі вядомыя як мінімум некалькі апошніх дзесяцігоддзяў для ранніх птушак з Кітая. Напрыклад, для Confuciusornis sanctus узростам 125 мільёнаў гадоў. Вельмі падобныя структуры былі і ў некаторых дыназаўраў. Навукоўцы даўно лічылі падобнае пер’е арнаментальным – па функцыі яно вельмі падобнае да асобных вельмі доўгіх пёраў некаторых відаў калібры або райскіх птушак.  

Аднак больш дэталёва даследаваць структуру і нават будову пер’я старажытных птушак у выглядзе скамянеласцяў было немагчыма, таму што там яно моцна сплюснута. “Новыя знаходкі значна змянілі сытуацыю – гэтыя пер’і надзвычай цікавыя.” – сказаў Сціў Брусаттэ (Steve Brusatte), палеантолаг з універсітэту Эдынбурга (Шатландыя), які не быў удзельнікам даследавання.

Цяпер міжнародная каманда навукоўцаў пад кіраўніцтвам Ліда Ксінга (Lida Xing) з Кітайскага ўніверсітэту навук аб Зямлі ў Пекіне, змагла вельмі дэталёва разгледзець нават дробныя структуры заключаных у бурштыне абломкаў пер’яў, многія з якіх былі парнымі. “Гэта самае незвычайнае пер’е, якое я калі небудзь бачыла” – сказала Джынгмай О’Конар (Jingmai OConnor), сааўтарка артыкула па выніках даследавання.

У пер’яў сучасных птушак цэнтральная частка – ачын – ёсць пустой авальнай на разрэзе трубкай. А вось у старажытных птушак будова пяра выглядала зусім інакш – ачын выглядаў як палова цыліндра – прыплюснутым з аднаго боку і акруглым з іншага. У гэтых пер’ях таксама было нашмат менш бародак з кожнага боку ачына. Яны наўрацці маглі выкарыстоўвацца для палёта і проста развіваліся ззаду птушкі.

Таксама яны былі надзвычай тонкімі. “Tаўшчыня рагісаў ў некаторых знойдзеных пер’ях была толькі 3 мікроны, гэта менш, чым таўшчыня сярэдняга памеру клеткі!” – сказала О-Конар. (Таўшчыня эрытрацыта чалавека прыкладна 7,5 мікрон). “Як нешта можа быць настолькі тонкім і падтрымліваць нейкую пастаянную форму?” Хутчэй за ўсё, такая будова гэтага пер’я была вынікам максімальнай эканоміі матэрыялу і энергіі на іх утварэнне і рост.

На аснове мікраскапічнай будовы і марфалогіі хваставых пер’яў, даследчыкі мяркуюць, што яны маглі выкарыстоўвацца птушкмі падобна да таго, як свае хвасты выкарыстоўваюць многія яшчаркі, якія могуць іх адкідваць калі драпежнік схопіць за яго. На карысць гэтай гіпотэзы кажуць параўнальная даўжыня хвастоў старажытных птушак і тое, што кавалкі пер’я былі знойдзены ў бурштыне асобна, без кавалкаў або рэштак цела птушак.

Крыніца:

Lida Xing, Pierre Cockx, Ryan C. McKellar, Jingmai O’Connor (2018) Ornamental feathers in Cretaceous Burmese amber: resolving the enigma of rachis-dominated feather structure. Journal of Palaeogeography 2018 7:13 https://doi.org/10.1186/s42501-018-0014-2

Паводле www.sciencemag.org (тэкст і здымак бурштына) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Крылы дыназаўраў узніклі для шлюбных паказаў

Бурштын з пер’ем дыназаўра знойдзены ў М’янме

 ЯК ВЫКАРЫСТОЎВАЛІ ПЕР’Е ДЫНАЗАЎРЫ?

 НОВЫ ДЫНАЗАЎР ДАПАМАГАЕ ЗРАЗУМЕЦЬ ЯК ПАЎСТАЛА КРЫЛО ПТУШАК 

 Знойдзены парэшткі “чатырохкрылага” дыназаўра

Дыназаўры мусілі моцна зменшыцца, каб стаць птушкамі

Апісана самая вялікая птушка, якая калі-небудзь лятала

Новае даследаванне дапамагае зразумець, як птушкі маглі пачаць лятаць