У чаканні новага году: агляд нашых назіранняў птушак са спісу Клуба200 у снежні-2018

Снежань мінулага году “не прынёс” нечага нечаканага і не быў занадта прадуктыўным: усяго было атрымана 17 паведамленняў пра рэгістрацыі 10 відаў са Спісу Клуба200 + адно пра выплюйкі сіпухі. Гэта выразна менш, чым год таму: у снежні-2017 было 26 паведамленняў пра назіранні таксама 10, але троху іншых відаў. Аднак “лёс склаўся так, што” наперадзе нас чакае большая частка зімы і, напэўна, больш цікавых зімовых назіранняў.

Пачнем агляд з рэгістрацыі параўнальна вялікай групы Ныркоў-свіркоў (Melanitta fusca) – яны былі адзначаныя 21.12 на поўдні краіны. І хаця назіранні віда ў Беларусі адбываюцца практычна штозіму, міжнародны статус віда як “уразлівага” (Vulnerable), надае кожнаму назіранню дадатковую каштоўнасць.

Нырок-плёсаўка (Aythya marila) таксама штозіму ў невялікай колькасці застаецца на незамерзлых участках рэк ці вадаёмаў. Але у снежні адзначаны толькі аднойчы - 09.12 на Нёмане.

Марская чайка (Larus marinus) застаецца для Беларусі  амаль “сталічнай птушкай” – за апошнія 6 гадоў від не быў адзначаны амаль нідзе, акрамя Мінска і звалак пад ім. Не стаў выключэннем і мінулы снежань – маладая птушка назіралася ў сталіцы 24.12:

птушка

Здымак Ірыны Самусенка

Чорнагаловая чайка (Larus melanocephalus) – таксама амаль выключна “мінскі від”. У мінулым месяцы адна птушка ў зімовым пяры адзначана ў Мінску 09.12.

Стучок (Lymnocryptes minimus) – жаданы і цяжкі для назіранняў кулічок у любы сезон. Тым больш прыемна знайсці яго ўзімку. Хутчэй за ўсё сляды гэтага віду былі знойдзены 01.12 на беразе Свіслачы ў Мінску.

Сіпуха (Tyto alba) – адзін з тых відаў, якія ў вельмі невялікай колькасці гняздуюць толькі на захадзе нашай краіны. Дакладная колькасць пар наўрацці можа быць названая, але тое, што хутчэй за ўсё іх у нас не больш, чым пальцаў на адной руцэ, можна лічыць аптымістычнай ацэнкай. Таму знаходка нават выплюек гэтага віду (хаця і невядома якога дакладна ўзросту) у магчыма новым месцы дадае надзеі на тое, што размяшчэнне гнездавых скрыняў для сіпухі на захадзе Берасцейшчыны і Гарадзеншчыны, запланаванае на гэту зіму, дапаможа віду.

 выплюйкі

Здымак Дзяніса Кіцеля

Белая сініца (Cyanistes cyanus) радуе ў любы час. І хаця выдатна ілюстраваныя назіранні віду не выходзілі геаграфічна за пойму Прыпяці і яе асноўных прытокаў – дзе від у нас гняздуе, - абедзве сустрэчы: 09.12 і 18.12 вельмі прыемныя!

Рагаты жаўрук (Eremophila alpestris) адзін з тых відаў, якіх найлягчэй назіраць менавіта зімой, а не ўвосень ці вясной, калі гэтыя птушкі да нас прылятаюць з тундры ці рыхтуюцца вярнуцца туды. Але гэты снежань стаў хутчэй выключэннем – атрыманы толькі 4 паведамленні пра сустрэчы з відам: 2 з Гарадзеншчыны: 16.12 і 23.12, і па адной з Гомельшчыны (22.12) і Міншчыны (24.12).

https://youtu.be/1nZzupoEKMQ

Сняжурка (Plectrophenas nivalis) – яшчэ адзін падобны від. Толькі тры рэгістрацыі за мінулы, першы месяц зімы: 16.12 на Гарадзеншчыне, 24.12 на Міншчыне і апошняя мінулагодняя рэгістрацыя для Клуба200, атрыманая 30.12 з Гомельшчыны – там адна сняжурка была сустрэтая на…дрэве!

https://youtu.be/-EGwu-1uNxE

Попельная чачотка (Carduelis hornemanni) – толькі дзве рэгістрацыі ў снежні. Чарговая птушка была закальцаваная 03.12 на станцыі кальцавання “Сасновы бор” на Віцебшчыне і таксама адна птушка адзначана на Гомельшчыне 27.12 – менавіта яна “прарвала” манаполію “Сасновага бору” на рэгістрацыі гэтага віду гэтай зімой.

Горная чачотка (Carduelis flavirostris) – толькі адна снежанская сустрэча з адзінкавай птушкай, якая адбылася на Гарадзеншчыне 23.12 ў дзіўнай кампаніі разам з канаплянкамі, чорнагаловым шчыгелам, стрынаткай-чаротаўкай і двума берасцянкамі.

Цікавых нам назіранняў у новым годзе і матыватар да іх:

гумар

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Верхні здымак белай сініцы з Пінскага раёна – Сяргея Казака, зроблены 18.12.2018

 

 

 

На гэтую тэму:

ПА-БАГАТАМУ: АГЛЯД НАШЫХ НАЗІРАННЯЎ РЭДКІХ ВІДАЎ ПТУШАК ЗА ЛІСТАПАД-2018

АГЛЯД НАШЫХ ЦІКАВЫХ НАЗІРАННЯЎ У КАСТРЫЧНІКУ-2018: ПЕРШАЯ СТРЫНАТКА-РЭМЕЗ, ДРУГАЯ ЖАЎТАНОГАЯ ЧАЙКА

ПАМОРНІК І ГУСІ-ПІСКУЛЬКІ: АГЛЯД САМЫХ ЦІКАВЫХ НАЗІРАННЯЎ ПТУШАК ЗА ВЕРАСЕНЬ-2018

ВОСЕНЬСКАЯ МІГРАЦЫЯ І АГЛЯД НАШЫХ НАЗІРАННЯЎ РЭДКІХ ПТУШАК ЗА ЖНІВЕНЬ-2018

ШТО МОЖА БЫЦЬ ЛЕПШ ЗА ПАМОРНІКА? – ДВА ПАМОРНІКІ! АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ РЭДКІХ ВІДАЎ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 ЗА ЧЭРВЕНЬ І ЛІПЕНЬ 2018

ПАЎНОЧНАЯ МАРМЫТУЛЯ І ІНШЫЯ ЧАКАНЫЯ НЕЧАКАНАСЦІ: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ЗА КРАСАВІК І МАЙ -2018

УЖО НЕ ЗІМА, АЛЕ ЯШЧЭ І НЕ ВЯСНА: НАЗІРАННІ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 Ў САКАВІКУ-2018

ЗІМА-2018: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ПТУШАК