Вызначаны Топ-10 найбольш і найменш вывучаных відаў соваў і драпежных птушак

Совы і дзённыя драпежныя птушкі распаўсюджаны амаль па ўсяму Свету і часта выкарыстоўваюцца як індыкатары стану многіх наземных экасістэм з-за таго, што знаходзяцца на самым версе трафічных пірамід. З-за іх знешняга выгляду многія віды даўно сталі аб’ектамі культурнай спадчыны чалавецтва, а таксама выкарыстоўваюцца ў праектах па ахове прыроды як сімвалічныя “сцягавыя” віды. Аднак наколькі нашы веды пра іх адпавядаюць іх ахоўнаму статусу і ці правільна расстаўлены прыярытэты ў іх вывучэнні?  

Совы і сокалападобныя з вельмі абмежаваным арэалам, падальшчыкі і лясныя віды, а таксама тыя, якія маюць вельмі абмежаваны патэнцыял размнажэння, аказваюцца самымі ўразлівымі ў выпадку рэальных пагроз іх існаванню. Выяўленыя навуковыя артыкулы адносяцца да розных відаў вельмі нераўнамерна: 10 відаў (іх спіс ніжэй) з 557 агулам маюць амаль траціну ад усіх публікацый, тады як для 20% відаў публікацый не знойдзена ўвогуле!

Міжнародная каманда навукоўцаў з ЗША, Фінляндыі і Партугаліі правяла аналіз амаль 17 тысяч навуковых публікайцый у выданнях за 1900-2017 гг., прысвечаных біялогіі і экалогіі прадстаўнікоў атрадаў Совападобных і Сокалападобных.

Такім чынам, топ-10 “самых вывучаных”  відаў соваў і сокалападобных выглядае наступным чынам:

  1. Сіпуха (Tyto alba, 734 публікацыі)
  2. Сокал-падарожнік (Falco peregrinus, 720)
  3. Белагаловы арлан (Haliaeetus leucocephalus, 621)
  4. Шуляк-галубятнік (Accipiter gentilis, 566)
  5. Арол-маркут (Aquila chrysaetos, 548)
  6. Звычайная пустальга (F. tinnunculus, 484)
  7. Амерыканская пустальга (F. sparverius, 456)
  8. Плямістая кугакаўка (Strix occidentalis, 452)
  9. Канюх-мышалоў (Buteo buteo, 441)
  10. Шуляк-карагольчык (A. nisus, 377)

Толькі адзін з гэтых 10 відаў – плямістая кугакаўка – мае сур’ёзны глабальны статус пагрозы існаванню віду (блізкі да пагражаемага, Near Threatened), іншыя 9 не патрабуюць пільнай увагі для захавання і маюць статус “з невялікай рызыкай існаванню” (Least Concern). Гэтыя 10 відаў прадстаўляюць толькі 1,8% ад усіх сучасных соваў і сокалападобных, аднак пра іх зроблена 32,3% усіх навуковых публікацый. Усяго ж 139 найбольш папулярным сярод навукоўцаў відам гэтых двух атрадаў прысвечана 91,6% публікацый (15306), тады як 139 самым непапулярным  - 0.1% (24 публікацыі!). Больш паловы відаў (56.0%, 312 відаў) маюць “пра сябе” ад 2 да 5 публікацый, яшчэ 16.2% (90 відаў) – толькі адну і для наступных 20.8% (116 відаў!) прысвечаных ім асобных навуковых публікацый не знойдзена ўвогуле! З гэтай апошняй групы, 48 відаў маюць высокі глабальны ахоўны статус (ад “near threatened” да “critically endangered”), 64 віды – лічацца “Least Concern” і яшчэ для 4 адсутнічае дастаткова дадзеных, каб іх аднесці да нейкай ахоўнай катэгорыі, таму яны трапілі ў групу “Data Deficient”.

 

Віды з невялічкім арэалам і з краін т.зв. Трэцяга свету Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і  Паўднёва-Усходняй Азіі значна недавывучаныя і таму могуць смела лічыцца прыярытэтнымі як для навуковых даследаванняў, так і для прыярытэтаў у ахове.

Топ-10 відаў, якія патрабуюць нашай найбольшай увагі, выглядае наступным чынам:

  1. Сплюшка з Аннабон Annobon Scops-owl (Otus feae) – эндэмік аднайменнага вострава ў берагоў Экватарыяльнай Гвінеі;
  2. Сплюшка з Сіу Siau Scops-owl (O. siaoensis) – эндэмік Інданезіі;
  3. Шуляковы арол з Флорэс Flores Hawk-eagle  (Spizaetus floris) – эндэмік з Флорэс і бліжэйшых астраўкоў, Інданезія;
  4. Кубінскі каршун Cuban Kite (Chondrohierax wilsonii) – эндэмік Кубы;
  5. Сычык з Пернамбуко Pernambuco Pygmy-owl  (Glaucidium mooreorum) – эндэмік Бразіліі;
  6. Сплюшка з Магелі Moheli Scops-owl (O. moheliensis)эндэмік аднайменнага вострава у архіпелаге Каморскіх астравоў;
  7. Ігланогая сава з Камігуін Camiguin Boobook (Ninox leventisi) – эндэмік аднайменнага вострава, Філіпіны;
  8. Сплюшка з Серэндзіб Serendib Scops-owl (O. thilohoffmanni) – эндэмік Шры Ланкі;
  9. Ігланогая сава з Ромблона Romblon Boobook (N. spilonotus) – эндэмік Філіпін;
  10. Малая ігланогая сава з Самбы Least Boobook (N. sumbaensis) – эндэмік Інданезіі.

Крыніца:

Evan R. Buechley et al. Global raptor research and conservation priorities: Tropical raptors fall prey to knowledge gaps, Diversity and Distributions (2019). DOI: 10.1111/ddi.12901

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Малюнак з www.onlinelibrary.wiley.com

 

 

На гэтую тэму:

Прыярытэты ў ахове птушак расстаўлены няправільна

Дылема: Забіваць адных каб захаваць другіх?

Азіяцкія грыфы зноў пад пагрозай знікнення

Новы від сіпухі з вострава Сэрам

Новы від соваў з Інданезіi атрымаў афіцыйную назву

Яшчэ неапісаны від соваў нарэшце сфатаграфаваны ля ўзбярэжжаў Афрыкі