Птушкі могуць адрозніваюць шматлікіх суседзяў таго ж віду толькі па голасу

Каманда навукоўцаў з універсітэту Каліфорніі (ЗША) упершыню з дапамогай выдатна прадуманых эксперыментаў прадэманстравала, што як мінімум адзін з сацыяльных відаў вераб’іных птушак мае выдатную здольнасць да адрознівання многіх сваіх суседзяў таго ж віду. Аднак не візуальна, а толькі на аснове невялікіх адрозненняў у іх вакалізацыі. Прычым гэта могуць рабіць і самцы, і самкі.

Эфектыўная вакальная сацыяльная камунікацыя часта патрабуе дакладна адрозніваць тых, хто спявае побач. Для гэтага, акрамя добрай памяці, патрэбна адмысловая здольнасць, якая дагэтуль была даказана толькі для чалавека.

Гэтая здольнасць называецца “хуткае мапаванне” (fast mapping) — гэта значыць пасля непрацяглага назірання мы можам адрозніваць нейкія рэчы у асацыяцыі з іншымі. Напрыклад, пазнаваць асобу па голасу пасля толькі адной размовы. І вось каліфарнійскія даследчыкі прадэманстравалі, што гэтая з’ява зусім не ўнікальная для чалавека.

У эксперыментах удзельнічалі зебравыя амадзіны (Taeniopygia guttata), якіх трэніравалі спачатку на невялікай колькасці песен, а потым колькасць паступова павялічвалі да межаў іх магчымасцяў. Пасля прайгравання невялікага набора песен або пазывак розных ужо прайграваныя песні перамешвалі з новымі і за ўжо вядомыя можна было атрымаць невялікія порцыі ежы, а за новыя – не.

Паступова колькасць новых песняў і пазывак павялічвалася. Калі птушкі пазнавалі ўжо пачутыя раней галасы, яны маглі націснуць кнопку і голас прайграваўся яшчэ раз, пасля чаго яны атрымлівалі ўзнагароду. Калі голас быў ім незнаёмы, яны маглі націснуць іншую кнопку і тады прайграваўся наступны запіс. У сярэднім кожная з птушак запомніла 42 розныя галасы.

Усяго ў доследах удзельнічалі 19 птушак. І самцы, і самкі былі здольныя хутка запамінаць галасы і выбіраць сярод іх ужо знаёмыя. Адбывалася навучанне параўнальна хутка, пасля невялікай колькасці паўтарэнняў. Таму навукоўцы лічаць, што можна казаць пра “хуткае мапаванне” не толькі ў чалавека.

Дадаткова даследчыкі знайшлі, што амадзіны запаміналі галасы і адрозненні ў іх як мінімум на месяц.


Крыніца: K. Yu et al. High-capacity auditory memory for vocal communication in a social songbird, Science Advances (2020). DOI: 10.1126/sciadv.abe0440

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.itvscience.com  

 

 

На гэтую тэму:

Птушаняты адрозніваюць голас з адной ноты!

Як сініцы-апалоўнікі пазбягаюць інбрыдынгу і пазнаюць крэўных каб дапамагаць ім

Вялікія дзятлы пазнаюць адзін аднаго па тэрытарыяльнаму дробату

Ці звязаны адрозненні ў вакалізацыі паміж самцамі і самкамі птушак з мускулатурай сірынкса?

Незвычайнае адкрыццё: птушаняты вучаць пароль, каб іх кармілі бацькі

Узровень гукаімітацыі звычайнай рудахвосткі – больш 50 відаў за гадзіну спеваў!