Пазначаная пластыкавымі каляровымі кольцамі белашчокая казарка (Branta leucopsis) з аселай нідэрландзкай папуляцыі была ідэнтыфікаваная дзякуючы добрым здымкам мясцовага бёрдуотчара ў правінцыі Henan, что на ўсходзе Кітая. У Кітае белашчокія казаркі адзначаюцца не штогод і гэтая птушка - першая, паходжанне якой стала вядома дзякуючы кальцаванню.
Згодна з паведамленнямі мясцовых бёрдуотчараў, менавіта гэтая акальцаваная казарка ўпершыню была адзначана ў даліне Жоўтай ракі ў правінцыі Henan яшчэ ў снежні мінулага году разам з вялікай групай гусей-гуменніц і некалькімі чырвонаваллёвымі казаркамі. Побач трымалася другая белашчокая казарка, без калец. Пасля шматлікіх спробаў нарэшце 1 студзеня 2021 году атрымалася прачытаць надпіс на каляровым кальцы казаркі: Yellow T Blue V (YTBV). Пасля таго, як здымкі, зробленыя мясцовым фатографам Yu Xiaoyan сталі даступныя, гэтае назіранне змясціла на сайце міжнароднай групы па гусях geese.org адна з даследчыц, Katherine Leung, дзе яго заўважыў і адказаў нідэрландзкі каардынатар Cor van Aart.
Yellow T Blue V быў закальцаваны як малады самец у мясцовасці ‘Westplaat Buitengronden’, адной з гнездавых калоній віда на паўднёвым захадзе Нідэрландаў у ліпені 2019 году. Прыкладна ў тым жа месцы яго час ад часу назіралі на працягу ўсёй зімы 2019-20 гг ажно да красавіка 2020 году, калі ён знік там.
Хутчэй за ўсё да яго далучылася самка, з якой малады самец ‘пазнаёміўся’ пад час сваёй першай зімоўкі. Для самцоў не дзіўна, калі яны пералятаюць з аселай нідэрландзкай папуляцыі гнездаваць у іншыя, калі яны выбіраюць самак з гэтых папуляцый. Падобная дысперсія - даволі звычайная з’ява напэўна на ўсім пралётным шляху з Арктыкі на месцы зімоўкі ў Заходнюю Еўропу. Тым не менш, назіранні казарак на ўсход ад гнездавога арэала віда ў Расіі вельмі рэдкія. І падобныя рэгістрацыі ў гнездавы сезон прынамсі кажуць пра магчымыя спробы казарак гнездаваць у новых месцах, на ўсход ад традыцыйных.
Параўнанне генатыпаў 418 белашчокіх казарак з астравоў Гренландыя, Svalbard і кантынентальнай часткі Расіі, а таксама новых гняздуючых папуляцый віда, якія утварыліся ў Швецыі і Нідэрландах паказаў, што негледзячы на традыцыйныя шляхі міграцыі, абмен генамі існуе паміж усімі пералічанымі папуляцыямі (Mol Ecol doi: 10.1111/mec.12548). Аселая папуляцыя казарак у Нідэрландах характаразуецца параўнальна высокай доляў эміграцыі птушак у іншыя папуляцыі. Вельмі магчыма, што такая высокая мабільнасць і ўтварэнне новых шляхоў пралёта з’яўляецца адным з вынікаў больш кароткага па працягласці бацькоўскага дагляду птушанят.
Зімоўка пары казарак уключна з самцом YTBV у Кітае можа сведчыць пра гнездаванне гэтых птушак недзе на Ямале ці на Таймыры і, адпаведна, пра выбар міграцыі на зімоўку не на паўднёвы захад, а на паўднёвы ўсход. Калі мераць адлегласць па прамой з месца кальцавання самца казаркі ў Нідэрландах да месца зімоўкі ў Кітае, то яна складае 8200 км! Але зразумела, што насамрэч каб трапіць з Нідэрландаў у Кітай, птушка праляцела нашмат больш.
Паводле www.cms.geese.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Малы грыцук паставіў чарговы рэкорд безпасадачнага пералёту!
Фейсбук помог обнаружить сокола-пустельгу из Беларуси … в Ливии!
Маладая вялікая белая чапля з Беларусі ўжо ў Вялікабрытаніі
Самая доўгая міграцыя птушак цяпер апісана найбольш дэтальна
Эпічныя міграцыі над акіянам пацверджаныя для яшчэ аднаго віду вераб’іных птушак
Новыя рэкорды: пячураўкі-будаўнічкі з Далёкага Усходу ляцяць на зімоўку ў Афрыку 13 тысяч км!
Пералёты дубальтаў - новыя птушыныя рэкорды хуткасці! + VIDEO
Марафонцы сярод птушак - сем самых неверагодных прыкладаў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ