Вясковыя ластаўкі пачалі паспяхова зімаваць у Вялікабрытаніі!

Дзякуючы глабальнаму пацяпленню мы становімся сведкамі ўсё большай колькасці рэгістрацый раней цалкам пералётных відаў птушак, якія застаюцца зімаваць у Еўропе замест доўгіх і небяспечных пералётаў на месцы зімоўкі ў іншыя кліматычныя зоны ў Афрыку ці Азію. Нечакана да гэтых відаў дадалася ў Вялікабрытаніі і вясковая ластаўка (Hirundo rustica).

"Гэта сапраўды неверагодна” – сказала праф. Juliet Vickery, дырэктар ВТО (Брытанскага арніталагічнага траста). "Нам не трэба доўга ўспамінаць часы, калі ластаўкам было немагчыма выжыць тут у марозы. Аднак нашы зімы становяцца мягчэйшымі з кожным годам”.

Вясковыя – як і іншыя ластаўкі – мігруюць з Еўропы ў больш цёплыя кліматычныя зоны, таму што  прыкладна з другой паловы восені становіцца захоладна для большасці лятаючых насякомых, якімі харчуюцца гэтыя птушкі. Тысячагоддзямі ластаўкі адлятаюць у Афрыку на зіму і вяртаюцца з пачаткам сапраўднай вясны, таму ў многіх народаў нашага кантыненту яны лічацца аднымі з яе вястунак. Аднак ранейшыя ўяўленні пра тое, куды знікаюць увосень і адкуль ‘бяруцца’ вясковыя ластаўкі вясной былі даволі фантастычнымі, хаця і ‘засноўваліся’ на назіраннях. Так, людзі, якія жылі па берагах азёраў, пастаянна назіралі, як з пачаткам восені ластаўкі збіраліся ў вялізарныя чароды і нанач зляталіся ў зараснікі трыснягу, аднак не заўважалі іх адлёту раніцай. Узімку, калі людзі скашвалі трыснёг каб паправіць дахі хатаў, яны часам знаходзілі ў глеі памёрлых ластавак. Так, напэўна, нарадзілася шырока распаўсюджаная думка, што вясковыя ластаўкі у стане спячкі праводзяць зіму на дне азёраў.

Напэўна, першым чалавекам, які паспрабаваў растлумачыць пералёты птушак, быў сіцылійскі і германскі кароль, а потым імператар Святой Рымскай імперыі Фрыдрых ІІ Гогенштаўфен (1194-1250). Прыкладна ў 1247 годзе ён скончыў уласны трактат “Аб мастацтве палявання з птушкамі”, у якім упершыню апісаў пнеўматычнасць птушыных костак і хвастцовую залозу, ўласныя назіранні пра харчаванне, ліньку, размнажэнне птушак, даў падрабязную характарыстыку іх унутранай будове ды інш. Менавіта ён упершыню напісаў пра міграцыю шэрых чапляў і драпежных птушак. Аднак пасля яго смерці трактат быў забыты прыкладна на наступныя 600 гадоў, і хаця іншыя навукоўцы і падарожнікі-натуралісты заставілі свае сведчанні і здагадкі пра міграцыі розных відаў і спрабавалі іх правільна растлумачыць, першыя неабвержныя доказы далёкіх міграцый птушак і сярод іх - вясковых ластавак, сталі магчымыя толькі з пачаткам масавага кальцавання дзікіх птушак металічнымі кольцамі.

Так, у снежні 1912 г. у правінцыі Наталь, што ў Паўднёвай Афрыцы, была злоўлена вясковая ластаўка, якая мела металічнае кальцо. Дзякуючы яму атрымалася даведацца, што 18 месяцаў да таго яе акальцаваў натураліст-аматар John Masefield каля свайго дому ў мясцовасці Cheadle, што ў графстве Staffordshire, Вялікабрытанія.

У сувязі з усё больш і больш мяккімі зімамі ў апошнія гады невялікая колькасць вясковых ластавак аказалася здольнай не толькі заставацца на зімоўку на Брытанскіх астравах, але і паспяхова перазімоўвываць тут. Гэтай зімой да 1 лютага ў базу дадзеных BTO's BirdTrack, якая тычыцца назіранняў птушак, было занесена амаль 100 паасобных і групавых рэгістрацый віда з найбольшай колькасцю да 12 ластавак!  

"Яшчэ дзесяцігоддзе таму было немагчыма казаць пра тое, што нашы зімы стануць дастаткова цёплымі, каб ластаўкі маглі перажыць іх нікуды не адлятаючы. Аднак з кожным годам пацяпленне клімату мае ўсё новыя і новыя доказы” – сказаў праф. James Pearce-Higgins, навуковы дырэктар BTO.

На жаль, акрамя больш мяккіх зімаў і меншай смяротнасці як мінімум для некаторых прадстаўнікоў бліжніх мігрантаў і пералётных відаў птушак, якія застаюцца зімаваць параўнальна недалёка ад месцаў гнездавання, глабальнае пацяпленне нясе негатыўныя наступствы многім іншым, асабліва арктычным відам птушак.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Мікалая Вераб’я

 

 

На гэтую тэму:

Нечакана: тыя ж самыя вясковыя ластаўкі ляцяць зусім рознымі пралётнымі шляхамі увосень і вясной

Пацяпленне клімату спрыяе трысняговым чаротаўкам

З-за пацяплення клімату змяніўся не толькі пачатак гнездавання птушак, але і яго заканчэнне ў сезоне

Тундравыя пардвы, імунітэт і глабальнае пацяпленне

Еўропа паступова страчвае горныя віды птушак?

Ці гнездаванне насякомаедных птушак усё яшчэ сінхранізаванае з пікам біямасы вусеняў?

Чаму арктычныя кулікі апынуліся ў рэальных клопатах з-за пацяплення клімата

Белыя буслы, якія засталіся ў нас на зіму - ці трэба іх ратаваць?

Доля ‘разводаў’ у альбатросаў павялічваецца пры пацяпленні паверхні акіянаў